Знайсці
14.05.2022 / 19:00РусŁacБел

«Духоўныя скрэпы» па-туркменску. Забараняецца трымацца ў публічных месцах за рукі, а жанчынам наносіць макіяж

Пасля нядаўняй змены ў Туркменістане прэзідэнта ўлады сур'ёзна ўзяліся за знешні выгляд і паводзіны грамадзян. У туркменскім горадзе Мары дзясяткі пар былі затрыманыя за тое, што трымаліся за рукі ў грамадскіх месцах. Пра гэта паведамляе «Радыё Азатык».

Паліцыя абвінаваціла затрыманых у парушэнні «традыцыйных грамадскіх асноў». У аддзяленне іх дастаўлялі ў кайданках; там затрыманым жанчынам, па словах адной з іх, была прачытаная лекцыя аб тым, што яны «парушылі прыстойнасці, калі трымаліся за рукі з мужчынамі».

Затрыманых вызвалілі пасля таго, як яны падпісалі абяцанні аб тым, што надалей не будуць публічна дэманстраваць свае пачуцці. Паліцыянты паабяцалі ім «сур'ёзныя праблемы» ў выпадку паўторных парушэнняў.

Пры гэтым, як падкрэслівае «Радыё Азатык», афіцыйна трымацца за рукі ў Туркменістане не забаронена.

Кантроль за паводзінамі і знешнім выглядам жыхароў, асабліва жанчын, у Туркменістане значна ўзмацніўся пасля прыходу да ўлады Сердара Бердымухамедава. У сакавіку ён выйграў фактычна безальтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары і змяніў на пасадзе свайго бацьку, Гурбангулы Бердымухамедава.

З красавіка ў краіне былі ўведзеныя забароны на некаторыя касметычныя аперацыі, такія як павелічэнне грудзей і вуснаў ці татуаж. Паведамлялася пра масавыя затрыманні на вуліцах жанчын з накладнымі пазногцямі і вейкамі. Жанчын патрабавалі ад іх пазбавіцца, а таксама заплаціць буйныя штрафы.

Супрацоўніц дзяржаўных прадпрыемстваў пад пагрозай звальнення змушалі пісаць распіскі аб адмове ад касметыкі. У школах са старшакласніцамі праводзіліся «тлумачальныя гутаркі» аб недапушчальнасці манікюру і педыкюру. Дзясяткі сцюардэс і правадніц, якія працуюць на дзяржаўныя транспартныя кампаніі, былі звольненыя за грудныя імплантанты і павелічэнне вуснаў.

Як падкрэслівае «Радыё Азатык», афіцыйна аб увядзенні абмежаванняў у дачыненні да знешняга выгляду не аб'яўлялася; кіраўнікі адмаўляліся паказваць работнікам адпаведныя нарматыўныя дакументы.

Акрамя гэтага, улады забаранілі жанчынам садзіцца на пярэдняе сядзенне ў аўтамабілі. Кіроўцам таксама цяпер не дазваляецца падвозіць жанчын, калі яны не іх сваячкі — дарожная паліцыя стала спыняць машыны, дзе знаходзяцца жанчыны, і патрабаваць доказаў сваяцкай сувязі з кіроўцам.

Крыніцы, блізкія да ўрада, таксама паведамілі «Радыё Азатык», што ўлады разважаюць адносна ўвядзення забароны для жанчын на выезд за мяжу. Тады пакінуць Туркменістан яны змогуць толькі ў выпадку неабходнасці лячэння за мяжой.

Жорсткія абмежаванні на знешні выгляд жанчын у Туркменістане перыядычна аб'яўляліся і раней, у часы прэзідэнцтва Гурбангулы Бердымухамедава. Але звычайна строгага кантролю за іх выкананнем не было.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера