Знайсці
14.05.2022 / 17:35РусŁacБел

Ці паставіць Расія ядзерныя ракеты ў Беларусі ў адказ на ўступленне Фінляндыі ў НАТА? Ацэнка фінскага палітолага

Наколькі кансалідаваная пазіцыя фінскага грамадства ў пытанні ўступлення ў НАТА? Ці могуць адна або некалькі краін альянсу адмовіць Хельсынкі ў просьбе? Ці можа Расія напасці на Фінляндыю, каб прадухіліць яе ўступленне ў Альянс? Як Расія можа выкарыстаць Беларусь для вайскова-тэхнічнага адказу на далучэнне Фінляндыі да НАТА? На гэтыя пытанні адказвае ў інтэрв'ю Радыё Свабода дырэктар даследчых праграмаў Усходняга суседства і Расіі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненняў Аркадзь Мошэс.

Фінскія вайскоўцы падчас супольных вучэнняў з НАТА, кастрычнік 2018 года

— Прэзідэнт і прэм’ерка Фінляндыі абвясцілі, што краіна вырашыла падаць заяўку на ўступленне ў Паўночнаатлантычны альянс. Гэта канчатковае рашэнне Фінляндыі, ці можа парламент яго не падтрымаць?

— Падрыхтоўка і абмеркаванне ў палітычных колах праведзеныя, гэтае рашэнне ўжо ўхвалілі самыя важныя парламенцкія камітэты. Амаль усе вядучыя партыі і фракцыі парламента выказаліся «за». Левы саюз пацвердзіў сваю пазіцыю, што ён прынцыпова супраць уступленьня ў НАТА, але гэтая партыя заявіла, што не выйдзе са складу ўрадавай кааліцыі. Заўтра будзе афіцыйна прынятае рашэнне Сацыял-дэмакратычнай партыяй.

Але большасць за ўступленне ў НАТА ў парламенце ўжо ёсць. Перагледзець гэтае рашэнне ўжо немагчыма нават працэдурна.

А самае галоўнае — гэта тое, што Фінляндыя — дэмакратычная краіна. Цяпер 76% насельніцтва выступаюць за сяброўства краіны ў Альянсе, 83% насельніцтва бачаць у Расіі ваенную пагрозу. Яшчэ паўгода таму доля фінаў, якія адчувалі такую пагрозу, была значна меншай.

Ну а супрацьстаяць такой пагрозе прасцей у складзе моцнага вайсковага блока, чым самастойна. Калі тры чвэрці насельніцтва выступаюць за ўступленне ў НАТА, усе палітычныя сілы, якія спадзяюцца на ўласную палітычную будучыню, не будуць гэтаму пярэчыць.

Аркадзь Мошэс

— Ці магчымае хуткае ўступленне Фінляндыі ў Альянс? У яго ўваходзяць 30 дзяржаў. Ці можа нейкая з іх, напрыклад, Венгрыя на чале з Віктарам Орбанам, сказаць «не», і Фінляндыя не трапіць у НАТА?

— Гіпатэтычна гэта магчыма. Але пакуль толькі прэзідэнт Харватыі Зоран Міланавіч сказаў, што калі ў яго будзе магчымасць, ён накладзе вета на ўступленне Фінляндыі ў НАТА. Аднак зацвярджаць рашэнне Харватыі павінен парламент. І накласці гэтае вета Міланавіч хоча не таму, што мае нешта супраць сяброўства Фінляндыі ў Альянсе, а таму што хоча, каб змянілі моўны закон у Босніі.

Гэта даволі распаўсюджаная палітычная практыка на Захадзе. Я называю гэта кірмашом, на якім людзі абменьваюцца сваімі «хацелкамі». На навуковай мове гэта называецца механізмам узгаднення інтарэсаў. Але ўявіць сабе, што ён гэтай сваёй пазіцыі будзе трымацца да канца і выставіць сваю краіну ў вельмі непрывабным святле, практычна немагчыма.

Не выключана, што Турцыя ўзніме нейкія пытанні падчас дыпламатычнага працэсу. Але я не думаю, што нехта наважыцца на вета.

— А па тэрмінах? Гэта можа адбыцца хутка?

На саміце НАТА падаецца заяўка, а потым працэс падрыхтоўкі дамовы аб уступленні і яе ратыфікацыі займае звычайна паўтара года. Зараз з улікам сітуацыі ў Еўропе ён можа быць паскораны, але наўрад ці скароціцца да некалькіх месяцаў.

— Намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ўступленне Фінляндыі і Швецыі ў Альянс выключае захаванне бяз'ядзернага статусу Балтыйскага мора. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў сказаў, што ўступленне гэтых дзвюх краін у НАТА — гэта пагроза бяспецы Расіі. З вуснаў крамлёўскіх прапагандыстаў гучаць пагрозы: мы паказалі Украіне, да чаго вядуць яе планы на ўступленне ў НАТА (даволі далёкія і няпэўныя), мы тое ж зробім і з Фінляндыяй, калі яна паспрабуе ўступіць. Наколькі такую пагрозу бяруць у Хельсінкі пад увагу?

— Калі гэтае пытанне абмяркоўвалася пасля расійска-грузінскай вайны ў 2008 годзе, гаварылася, што асноўныя рызыкі будуць не пасьля ўступлення ў альянс, а падчас працэсу ўступлення. Пэўныя меры засцярогі прынятыя, некалькі дзён таму вельмі важнае пагадненне было падпісанае з Вялікабрытаніяй. Гэтым пагадненнем Лондан дае Хельсынкі ваенныя гарантыі.

Фіны правялі падрыхтоўчыя мерапрыемствы.

Учорашняя рэакцыя Крамля на заяву прэзідэнта і прэмʼеркі Фінляндыі ў Хельсінкі была расцэненая як дастаткова мяккая.

Чакаецца ўзмацненне ціску, гібрыдная вайна, парушэнні паветранай прасторы, вайскова-тэхнічныя адказы. Але вайна як рэальная рызыка ў Фінляндыі не разглядаецца. Агрэсія супраць краіны ЕС і кандыдата ў НАТА — гэта рэч даволі балючая для патэнцыйнага агрэсара. Больш балючая, чым агрэсія адносна Украіны ці Грузіі.

Што тычыцца ўзнікнення расійскіх вайсковых базаў на расійска-фінскай мяжы — гэта магчыма. Але не абавязкова.

Калі Латвія стала чальцом НАТА, то падлётны час да Масквы ад Даўгаўпілса і ад Харкава стаў аднолькавы. І тая, і другая адлегласць — недзе 700 кіламетраў. Дык ніхто не казаў, што супраць Латвіі трэба весці прэвентыўную вайну. Украіна не толькі не стала чальцом НАТА, яна не мае ніякіх магчымасцяў ім стаць у найбліжэйшы час.

Тым не менш аргумент пра падлётны час быў выкарыстаны сярод іншых у якасці абгрунтавання «спецыяльнай ваеннай аперацыі».

Палітычныя рашэнні не заўсёды вызначаюцца такімі фактарамі, як геаграфічная блізкасць і далёкасць.

Я мяркую, што гаварыць пра бяз'ядзерны статус Балтыйскага мора сапраўды больш не давядзецца. Але размова пойдзе хутчэй пра размяшчэнне ядзернай зброі на расійскіх караблях, а не ў Калінінградскай вобласці ці дзе б там ні было.

— Аляксандр Лукашэнка пэўны час таму казаў, што калі Захад будзе ствараць пагрозы Беларусі і Расіі, то Расія можа вярнуць у Беларусь ядзерную зброю. У Крамлі кажуць, што далучэнне Фінляндыі да НАТА стварае пагрозу Расіі. Ці можа Масква ў адказ размясціць ядзерную зброю ў Беларусі? Ці сталую базу?

— На мой погляд, размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі выключанае. Чаму я кажу, што яна і ў Калінінградзе не з'явіцца? Усе падручнікі вам скажуць, што размяшчаць ядзерную зброю побач з лініяй фронту — гэта трапляць у пастку, якая называецца use-or-lose (выкарыстай ці згубі). Гэта значыць, што парог ужывання гэтай зброі ў вас зніжаецца рэзка, а што вы атрымліваеце за гэта — незразумела. Такая зброя каля лініі фронту робіцца больш уразлівай для атакі няядзернымі сіламі праціўніка.

Гэтага не раяць рабіць усе падручнікі па ядзернай стратэгіі. Калі гаварыць пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, то тут, акрамя Крамля, у схему ўбудоўваецца новы кампанент — спадар Лукашэнка, з якім трэба дамаўляцца, у якога фактычна з'яўляецца ключ для выкарыстання чужой ядзернай зброі.

Ён тады вырастае з пункту гледжання палітычнай значнасці і ў сваіх вачах, і ў вашых, і ў вачах трэціх краінаў. А што вы пры гэтым выйграеце — незразумела.

Сталая вайсковая база ў Беларусі — гэта магчыма. Раней гэта было непатрэбна, зараз, можа, і патрэбна. Але мы паглядзім, як Лукашэнка будзе таргавацца па гэтым пытанні, ці пойдзе ён на гэта. Хоць Расія для дэманстрацыі сваіх новых вайсковых магчымасцяў можа і не пастаяць за цаной.

— А Лукашэнка наагул можа таргавацца? Яшчэ можа ці ўжо можа? У нашай з вамі размове на самым пачатку вайны вы казалі, што ад яго ўжо нічога не залежыць, як ад нейкага Пушыліна. Хто з Крамля таргуецца з Пушылінымі?

— Ну вось і атрымліваецца, што, значыць, Лукашэнка — не Пушылін. Незалежная дзяржава з суверэнітэтам, прызнаным іншымі краінамі, трапляе ў іншую катэгорыю. Лукашэнка можа не пагадзіцца і запатрабаваць вываду нават тых расійскіх войскаў, якія ў Беларусі яшчэ засталіся.

У яго з'явіліся магчымасці таргавацца. У Расіі выдатна вядома, што ў Беларусі гэтая вайна непапулярная, уласны беларускі ўдзел у гэтай вайне недапушчальны. З'яўленьне расійскіх войскаў як сталага фактара таксама не будзе вітацца.

Я заўсёды казаў, што поўнае падпарадкаванне Беларусі нічога Пуціну не дае. Без кантролю над Украінай поўны кантроль над Беларуссю ня надта патрэбны Маскве. Кантролю на 70% цалкам дастаткова. Трэба вам выкарыстоўваць гэтую тэрыторыю — вы яе выкарыстоўваеце.

Так што пэўныя магчымасці торгу ў яго з'явіліся. Хоць іх не варта перабольшваць. Яго стратэгічнае становішча і ўнутры краіны, і ў стасунках з Захадам працягвае пагаршацца.

— Калі Фінляндыя ўступіць у НАТА, ці будзе яна практыкаваць тыя самаабмежаванні, пра якія казала Расія ў сваім леташнім ультыматуме Захаду, — не размяшчаць ударныя ўзбраенні на межах Расіі?

— Пытанне аб размяшчэнні ў Фінляндыі ядзернай зброі не стаіць з тых жа прычын — гэта проста непатрэбна. Мяркую, што і сталыя базы НАТА не будуць размешчаныя хаця б з тае прычыны, што пагадненне РФ-НАТА ад 1997 года застаецца ў сіле, а яно гэта забараняе. Я чакаю нарастання вайсковай актыўнасці ў плане вучэнняў. Будзе нейкае перафарматаванне аператыўных планаў, каб упісаць Фінляндыю ў сістэму планавання Альянсу.

Але гэта не пачатак шляху і нават не працяг. Гэта яго завяршэнне. Паглыбленне супрацы Фінляндыі з НАТА ідзе ўжо шмат гадоў у межах розных праграмаў.

Уступленне ў Альянс — гэта, безумоўна, кардынальная змена ў вайскова-палітычным сэнсе. Але ў сэнсе ўласна вайсковым і вайскова-тэхнічным — гэта не світанак новага дня, гэта працяг працэсу, які ідзе даўно.

Размяшчаць нейкія ўдарныя ўзбраенні на сваёй тэрыторыі, мяркую, Фінляндыя не будзе, зыходзячы са сваіх інтарэсаў. Яна будзе максімальна выкарыстоўваць Альянс як абарончы саюз.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера