Знайсці
13.05.2022 / 16:07РусŁacБел

«Зеркало»: Падчас праверкі сіл рэагавання пацярпелі двое вайскоўцаў. У Мінабароны абвяргаюць

«Зеркало» са спасылкай на чытачоў паведамляе, што ўвечары 12 мая ў Гродзенскую ўніверсітэцкую клініку і Гродзенскі ваенны шпіталь паступілі двое вайскоўцаў. Па папярэдняй інфармацыі, яны атрымалі траўмы пры счэпцы танкаў ці бэтээраў. Гэта адбылося падчас праверкі сіл рэагавання, што ладзіць Мінабароны.

Фота: Мінабароны

— У Гродне ім аказваецца дапамога, — кажа чытач. — Аднаму з пацярпелых было выдаленае адно лёгкае. Аперыравалі хлопцаў сёння ноччу. Адзін з іх у рэанімацыі ўніверсітэцкай клінікі на ШВЛ у цяжкім стане. У яго множныя пераломы, разрыў лёгкага, траўмы кішэчніка. Увогуле, траўмы і касцей, і ўнутраных органаў. Другі — лягчэйшы. Ён быццам бы знаходзіцца ў ваенным шпіталі.

 

Адзін з супрацоўнікаў Гродзенскай універсітэцкай клінікі пацвердзіў гэтую інфармацыю. Паводле яго звестак, пацярпелы паступіў у медустанову ўвечары 12 траўня.

— Аднаго ваеннага ў нас дакладна аперыравалі. Зрабілі рэзекцыю лёгкага. Стабільны, — распавёў суразмоўца. — Незразумела, чаму прывезлі ў нашу клініку: вайскоўцаў адпраўляюць зазвычай у гродзенскі ваенны шпіталь. Нібыта бэтээрам прыціснула.

Дзе дакладна ўсё адбылося, пакуль невядома. Але каля Гродна ёсць адзін танкавы палігон. Ён знаходзіцца ў Гродзенскім раёне недалёка ад аграгарадка Гожа.

Мы патэлефанавалі на «гарачую лінію» Міністэрства абароны ў якасці бацькоў прызыўніка. Дзяжурны супрацоўнік паведаміў, што «нічога пра салдат не чуў» і гэта «няправільная інфармацыя».

— Я вам дакладна кажу, што ні сёння, ні ўчора ні на якім палігоне ніхто не пацярпеў. Дрэнна, што чуткі ўсякія няправільныя распаўсюджваюцца. Не хвалюйцеся, — сказаў супрацоўнік Міністэрства абароны.

Таксама журналісты даслалі запыт у прэс-службу ведамства, але адказу пакуль не атрымалі.

Калі вам вядомыя падрабязнасці здарэння, напішыце нам у чат-бот @nasa_niva_bot.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера