Знайсці
12.05.2022 / 21:46РусŁacБел

Нягледзячы на байкот краіны-агрэсара, беларус згуляе на хакейным ЧС. Хто такі Аляксандр Карачун?

У пятніцу 27-гадовы форвард дэбютуе на чэмпіянаце свету па хакеі. Нягледзячы на нараджэнне ў Гданьску і беларускі сямейны ДНК, на спартыўным форуме спартсмен будзе абараняць колеры Нямеччыны. «Наша Ніва» тлумачыць, чаму так адбылося — і распавядае падрабязней пра унікума, якога страціла наша краіна.

У пятніцу Аляксандр Карачун дэбютуе на чэмпіянаце свету. Фота: instagram.com/akara_24/

Карачун? Чакайце, знаёмае прозвішча!

Так і ёсць: у хакейным свеце яно было на слыху ў 1990-я, калі бацька нашага героя, Віктар Карачун, слаўна біўся на лёдзе за прэстыж Беларусі. Здаралася гэта не толькі ў форме сталічнага «Дынама», дзе цэнтрфорвард капітаніў, але і ў шыхтах нацыянальнай зборнай.

У 1997-м гулец увайшоў у гісторыю, паколькі дапамог галоўнай камандзе краіны ўпершыню прабіцца на зімовую Алімпіяду. Пасля чаго там, у японскім Нагана, стаў аўтарам першай шайбы беларусаў на Гульнях — пацярпела ад Карачуна зборная Францыі.

Таксама Віктар паўдзельнічаў у Алімпіядзе-2002 на амерыканскім лёдзе ды быў важнай фігурай каманды ажно на пяці першынствах свету.

На вялікі жаль, жыццё таленавітага хакеіста абарвалася ў 35 год з-за анкалагічнага захворвання. Аднак яго справу, як бацька і марыў, працягнуў Карачун-малодшы.

Не разумею, а прычым тады тут Польшча?

Усё проста: падчас клубнай кар'еры бацька нашага героя часта выступаў за мяжой — і час нараджэння сына прыпаў на этап абароны колераў гданьскага «Стачнёўца». Дарэчы, пра з'яўленне Аляксандра на свет хакеісту паведамілі проста падчас хакейнага двубою: дыктар даў радасную вестку па ўсёй арэне ў перапынку між перыядамі.

Далейшы легіянерскі вопыт бацькі таксама наўпрост паўплываў на лёс Аляксандра. На адрэзку выступаў Карачуна-старэйшага ў Аўстрыі спадкаемца дынастыі ўпершыню стаў на лёд. Тамсама атрымаў ён там і першапачатковую хакейную адукацыю. Пасля чаго распачаў заняткі ў мясцовых клубах.

Можна падумаць, Карачун-малодшы адразу за мяжой заззяў?

Скажам так, у таленце яму ніхто не адмаўляў, аднак кар'ерны рост Аляксандру забяспечвала менавіта праца над сабой. Так, напачатку — у моладзевых камандах — ён гуляў на роўных з хлапцамі больш сталага ўзросту. Аднак надалей, каб не згубіцца паміж аўстрыйскімі ды нямецкімі лігамі такой сабе якасці, форварду спатрэбілася годна так папацець.

Тым не менш Карачун дамогся свайго: мала таго, што зачапіўся за элітны нямецкі дывізіён, дык яшчэ і атрымаў кантракт ад даволі моцнага «Вольфсбурга». Праўда, там зусім ужо на першыя ролі выйсці не здолеў, з-за чаго адкатваўся за практыкай у першынства на прыступку ніжэй.

Аляксандр Карачун у часы выступленняў за «Вольфсбург». Фота: globallookpress.com / imago sportfotodienst

А ў 2019-м наш герой увогуле вырашыў «перазапусціць» кар'еру ды падпісаў кантракт з клубам «Касэль» (D2), каб праз гульнявы час ды давер трэнера давесці сваю годнасць.

І што, даўншыфт дапамог?

Так, Карачун сарваў джэк-пот. Шыкоўныя статыстычныя лічбы ды трапленне ў топ-5 бамбардзіраў усяго турніра выклікалі ўвагу да форварда з боку элітнага «Дзюсельдорфа». Пасля ж сезон-2021/22 наш герой прабавіў у «Швэнігеры», таксама на прасторах топавай нямецкай лігі.

І хай сабе сёлета ён абараняў колеры аўтсайдара, паказчыкі Аляксандра аказаліся лепшымі ў ягонай кар'еры на вышэйшым узроўні — 18 галоў ды 11 перадач. З улікам якасці партнёраў ды суровасці супраціву гэтыя выкладкі выглядалі грандыёзнымі.

Таму няма нічога дзіўнага, што следам за яркім клубным перфомансам наш герой атрымаў выклік у нямецкую зборную.

Дык Карачун адразу на чэмпіянат свету патрапіў?

Так бывае толькі ў казках: каб пабачыць сваё прозвішча ў выніковым спісе гульцоў, якія выправяцца ў Фінляндыю на «мундыяль», Карачуну давялося вытрымаць канкурэнцыю падчас падрыхтоўчых кэмпаў. Аднак гэтую задачу хакеіст адужаў бліскуча — і ўжо праз тыдзень пасля дэбюту ў таварыскай сустрэчы (супраць чэхаў) нават першую шайбу правёў, засмуціўшы каманду Швейцарыі.

Надалей Аляксандр яшчэ больш вабіў трэнераў сваімі перформансамі, за што заслужыў перавод з трэцяга звяна ў другое. А перад дэдлайнам заявак гульцоў на сусветнае першынства канчаткова забраніраваў сабе месца ў ростэры — пра гэта афіцыйна паведаміў Нямецкі хакейны саюз.

Стоп, пакуль у тэксце і слова пра Беларусь не пабачыў!

У тым і праблема: айчынная федэрацыя хакея не зрабіла аніводнага кроку, каб далучыць Карачуна да шыхтоў каманды, у якой ззяў ягоны бацька. Юрыдычных падстаў для выклікаў хакеіста ў нашу нацыянальную каманду хапала. Як хапала і турніраў, на якіх Аляксандр мог дэбютаваць — пра спартсмена ведалі на радзіме задоўга да міжнароднага «бану» Беларусі. Пра форварда пісалі хакеісты, ягоныя дзеянні адсочвалі спецыялізаваныя сайты. Больш за тое, сам Карачун прамым тэкстам казаў, што зацікаўлены ў выступах за родную краіну.

«У мяне ёсць жаданне гуляць за зборную — палічыў бы гэта за гонар!» — словы спартсмена, якія так у федэрацыі не пачулі.

Хаця так ці інакш зацікаўленыя людзі час ад часу ўздымалі гэтае пытанне на ўсіх узроўнях ФХБ. Які атрымаўся вынік — бачым з ростэра зборнай Германіі.

А што ён сам кажа пра такі паварот лёсу?

Пакуль ніхто пра гэта дакладна не ведае. Апошнія паўтара года інтэрв'ю рускамоўным і беларускамоўным выданням Карачун не дае. «Наша Ніва» перад публікацыяй гэтага артыкула таксама выходзіла на Аляксандра, аднак згоды на размову не атрымала.

Якая думка прафесіяналаў на гэты конт?

Патлумачыць феномен Карачуна ды ахарактарызаваць яго як гульца «Наша Ніва» папрасіла нямецкага скаўта Даніэля Штайгера:

«Аляксандру вельмі дапамагла адукацыя ў Еўропе. Думаю, у Беларусі гадоў у 19 да яго б ужо страцілі цікавасць і трэнеры, і скаўты. Дый сам гулец не меў бы годнай матывацыі для раскрыцця. Тады як у Германіі і Аўстрыі палярны падыход да спартсменаў, якія пазней за іншых уваходзяць у сілу. Тут можна і ў 27 пачаць зіхацець — галоўнае, каб цябе годна падрыхтавалі ды падвялі.

Карачун ні ў якім з узростаў не лічыўся такім ужо занадта зорным. Гэта і па кар'еры бачна, ды па спадах, што яго напаткалі. Год у другім дывізіёне таму пацверджанне. Мінулы сезон атрымаўся ў форварда самым стабільным, хаця па восені ён і ў трэцяе-чацвёртае звяно трапляў, і з выніковасцю меў праблемы. Аднак Аляксандр выправіў становішча ды трапіў у топ-5 бамбардзіраў каманды з пазітыўным паказчыкам карыснасці. Апошняе — увогуле дзіва, бо ён гуляў за аўтсайдара.

Форварду дапамагло выхаванне ў элітным нямецкім дывізіёне — топ-3 ліг Еўропы, дзе хапае годных амерыканцаў, хакеістаў з вядучых зборных Старога Свету. Там хуткая гульня, кантактная. Карачун гадаваўся у гэтым асяроддзі, што яго і загартавала. Да таго ж ён мае годны кідок, не губляецца ў барацьбе.

Яшчэ адзін важны момант — беларус практычна пазбег траўмаў. Сур'ёзныя яго ўвогуле абмінулі, прынамсі не магу іх прыгадаць. Па-першае, гэта кажа пра годную «фізіку». Па-другое, зноў-такі пра працоўную нямецкую сістэму, якая рыхтуе хакеіста да сур'ёзных выпрабаванняў.

Увогуле, канешне, шкада, што беларускі хакей не звярнуў увагу на гэтага хлапца яшчэ колькі гадоў таму. Мяркую, ён прыйшоўся б да месца вашай нацыянальнай камандзе. Тым больш дзіўна, што яго абмінулі ўвагай людзі, якія не так даўно выклікалі ў зборную Стася-малодшага ажно з чацвёртага нямецкага дывізіёна. Карачун жа свайго шанца так і не дачакаўся».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера