Знайсці
10.05.2022 / 19:41РусŁacБел

«Стралялі з украінскага боку». Што кажуць у памежнай вёсцы, дзе забілі беларускага рыбака

9 мая ў беларускай вёсцы Верхнія Жары невядомыя абстралялі двух рыбакоў. Адзін з іх, ветэрынар з Гомеля Сяргей Чамбровіч, загінуў, яго сябар выратаваўся. Мясцовы жыхар распавёў «Нашай Ніве», што вядома пра надзвычайнае здарэнне. 

З Чамбровічам і яго сябрам суразмоўца не знаёмы. Але, кажа, мужчыны пастаянна прыязджалі на рыбалку ў Верхнія Жары, візуальна іх ужо пазнавалі мясцовыя.

Загінулы ветэрынар Сяргей Чамбровіч

«Апошнія гадоў пяць яны нярэдка прыязджалі на дзень, на два. Ставілі намёт за вёскай, там і начавалі, — кажа вясковец. — Так было і ў гэты раз». 

Побач з Верхнімі Жарамі проста па рацэ Дняпро праходзіць мяжа з Украінай. Таму ў вёску прапускаюць па прапусках для памежнай зоны. 

Навігацыя па рацэ для беларусаў цяпер закрытая, кажа суразмоўца, нават беларускія памежнікі не ездзяць на лодках па Дняпру, яны патрулююць тэрыторыю ўздоўж берага.

«Дакладных падрабязнасцяў здарэння ніхто не ведае. Але ў вёсцы расказваюць наступнае: мужчыны рыбачылі не з лодкі. Рака разлілася, заліла лугі. І гэтыя двое нібыта проста пайшлі пехатою па лугах, якія побач з Дняпром, вады там недзе да пояса. 

І нехта стрэліў. Хто, што — я не ведаю, нам тут асабліва ніхто нічога не расказвае, — кажа мясцовы жыхар. — 

Але, кажуць, адзін з рыбакоў збег, змог пазваніць на памежную заставу. Ён вельмі перапалохаўся, нават спачатку не змог указаць месца, дзе рыбачыў.

Адразу адрэагавалі памежнікі, пасля міліцыя тут была, АМАП.

Сілавікі спачатку не ведалі, як туды дабрацца — машынай не праедзеш, вада стаіць. Пасля здабылі лодку, забралі цела загінулага. Яго і мужчыну, што выжыў, павезлі ў Камарын, на заставу.

Спачатку казалі, што другога мужчыну паранілі, цяпер, здаецца, высветлілася, што ён усё ж не пацярпеў».

Суразмоўца ўпэўнены, што стралялі з украінскага боку:

«Раней мясцовыя бачылі, што па Дняпры ездзіць лодка, гэта дакладна былі не беларусы. 

Недзе паблізу тут расійскіх войскаў таксама няма. Там, дзе мужчыны рыбачылі, мясцовыя таксама не ходзяць. Таму, напэўна, стралялі з боку Украіны. Людзі расказваюць, што гэта не першы раз страляюць з таго боку. У суседняй вёсцы мясцовыя пасля пачатку вайны таксама чулі стрэлы на ўкраінскім баку — гэта таксама было ля Дняпра, там невялікія выспы пасярод ракі. Як казалі, нібыта было пару стрэлаў». 

Што магло выклікаць страляніну суразмоўца не ведае. Сям’я загінулага коратка паведаміла «Нашай Ніве»: у іх інфармацыі пакуль няма, ідзе следства.

«Нічога не ведаю, ідзе следства». На мяжы з Украінай застрэлілі беларускага рыбака

 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
30
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
72
Абуральна
13
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930