Знайсці
10.05.2022 / 16:08РусŁacБел

Каго слухаць на «Еўрабачанні»: суб’ектыўны топ-10 ад «Нашай Нівы» 

10 мая ў Турыне пройдзе першы паўфінал «Еўрабачання-2022». І хаця Беларусь у гэты раз па-за межамі конкурсу, падзея па-ранейшаму выклікае цікавасць. Склалі для вас топ-10 канкурсантаў, на якіх абавязкова трэба звярнуць увагу на сёлетнім «Еўра».

Kalush Orchestra. Фота: eurovisionfun.com

Італія: прыгожы хіт ад фіналіста «Еўрабачання-2019»

Італьянскі спявак егіпецкага паходжання Mahmood (Алясандра Мамуд) ужо ўдзельнічаў у «Еўрабачанні» ў 2019 годзе. Тады ён прадставіў песню Soldi, з якой заняў другое месца і саступіў нідэрландцу Дункану Лоўрэнсу. 

У гэты раз кампанію Мамуду складзе 18-гадовы спявак BLANCO. Назва іх меладычнай песні Brividi перакладаецца як «дрыжыкі», і гэта менавіта тое, што вы адчуеце, калі пачуеце гэты твор. Сам жа твор прысвечаны свабодзе кахаць і казаць пра гэтае каханне, не баяцца ўласных памылак і недахопаў.

Малдова: вясёлая песня з яўным палітычным падтэкстам

Той, хто пастаянна глядзіць «Еўрабачанне», ведае — некаторыя артысты не могуць абмежавацца адной паездкай на гэты конкурс і вяртаюцца туды зноў і зноў. Гэтак здарылася, напрыклад, з малдаўскім гуртом Zdob si Zdub, які выступаў на Еўрабачанні ў 2005 і 2010 гадах. У гэты раз «Здубы» стварылі сумесны хіт Trenuletul разам з калектывам Advahov Brothers, і гэта мелодыя, якую вы не зможаце забыць.

Сэнсавы бок песні не менш важны. Малдаване праспяваюць са сцэны ў Турыне пра цягнік паміж Кішынёвам і Бухарэстам, пра дзве краіны, Малдову і Румынію, і пра непаразуменне — ці то гэта адна краіна, ці то дзве. Гэтыя словы робяцца зразумелымі, калі згадаць, што ў Малдове ўжо далёка не першы год кажуць пра магчымасць аб'яднання з Румыніяй. Таму і цягнік, пра які спяваюць «Здубы», ідзе «з Усходу на Захад» — то-бок да празаходняй Румыніі.

Украіна: адназначны фаварыт конкурсу са складанай гісторыяй

Kalush Orchestra і іх песня «Stefania» — мала каму яшчэ так прарочаць перамогу на сёлетнім «Еўрабачанні». Гэтаму спрыяе як тое, што Украіна праз вайну цяпер ва ўсіх на слыху, так і тое, што «Stefania» — несумненна еўравізійны фармат: яркі прыпеў, які лёгка запамінаецца, этнічныя ноткі і трохі фрыкаватыя касцюмы спевакоў.

Але ж ёсць і свая лыжка дзёгцю: Kalush Orchestra — не тыя, хто першапачаткова быў выбраны ад Украіны на «Еўрабачанне». Нацадбор выйграла Аліна Паш з магічным творам «Цені забытых продкаў» (абавязкова яго паслухайце!). Але ж пазней спявачку западозрылі ў падробцы даведкі пра тое, што яна законна наведвала акупаваны Крым. Украінскія СМІ паднялі скандал, і Паш была вымушаная адмовіцца ад удзелу ў конкурсе на карысць Kalush Orchestra, якія занялі ў нацадборы другое месца.

Вялікабрытанія: касмічна-фрыкаваты англічанін з Тыктока

Выканаўцу ад Брытаніі завуць Сэм Райдэр, і гэты дзіўны доўгавалосы англічанін з песняй пра касманаўта насамрэч адзін з фаварытаў «Еўрабачання». Па яго словах, гэта «мілая песенька пра тое, як гэта — быць астранаўтам».

Райдэра добра ведаюць у Тыктоку, дзе ён сабраў ажно 12 мільёнаў падпісчыкаў і не менш касмічныя, чым ён сам, сто мільёнаў лайкаў. Сярод зорак, якім падабаюцца музычныя каверы Райдэра (іх ён і публікуе ў Тыктоку), называюць Джасціна Бібера, Сію і Алішу Кіс. «Еўрабачанне» — рэч не заўсёды прадказальная, таму цяжка сказаць, што чакае на ім Райдэра, але яго твор — сапраўды якасная поп-песня.

Іспанія: няхай будзе вечарына!

Рызыкнём прадказаць, што іспанку Сару Шанэль з творам SloMO наўрад ці чакае высокае месца на «Еўрабачанні». Але ж гэты конкурс — гэта яшчэ і вялікі канцэрт і цудоўнае свята музыкі, і Іспанія дакладна зробіць яго весялейшым.

Шанэль — першая жанчына кубінскага паходжання на сцэне «Еўрабачання», і з сабой яна прывязе гарачыя танцы, шмат бляску і пачуццёвасці. На жаль, і тут не абышлося без скандалу: не ўсе ў Іспаніі прынялі паражэнне бліжэйшага саперніка Шанэль, трыа Tanxugueiras з іх песняй на галіцыйскай мове. Сярод незадаволеных былі нават прафсаюзныя актывісты і палітычныя партыі Галіцыі.

Грэцыя: пяшчотная і глыбокая дзявочая балада

Балканскія краіны (і Грэцыя ў тым ліку) часта прывозяць на «Еўрабачанне» яркія песні з этнічнымі ноткамі, і за гэта іх шмат хто любіць. У гэты ж раз замест этнікі мы атрымоўваем шыкоўную баладу Die Together ад прыгажуні Аманды Тэнфьёрд (напалову нарвежкі), голас якой трохі нагадвае маладую Адэль.

Яе твор — эмацыйны, прыгожы і вельмі рамантычны. Гэта мінімалістычная і спакойная песня, якіх мала на «Еўрабачанні», але таму яны так і выдзяляюцца. Прыклад — Дункан Лоўрэнс і яго Arcade, якая прынесла нідэрландцу перамогу ў 2019 годзе.

Аўстралія: асабістая песня ад самай незвычайнай краіны

Для тых, хто рэдка глядзіць конкурс і цяпер здзівіўся пры слове «Аўстралія»: прадстаўнікі ад гэтага кантынента ўжо з 2015 года возяць на «Еўрабачанне» якасную поп-музыку. У гэты раз нам з вамі прадставяць Шэлдана Райлі з песняй Not the Same («Не такі ж»), і назва твора — абсалютна абгрунтаваная.

Справа ў тым, што Шэлдан вырас у вельмі рэлігійнай і закрытай сям'і, таксама ў дзяцінстве ў яго знайшлі сіндром Аспергера, які выклікае цяжкасці ў камунікацыі. Аднойчы яго сябар напісаў яму паведамленне падтрымкі: «Ты не такі ж, і гэта нармальна!». Пазней Шэлдан знайшоў гэтае паведамленне і вырашыў ператварыць яго ў песню, і цяпер гэтая песня прадстаўляе яго краіну.

Нарвегія: тыя самыя фрыкі, якіх вы шукалі

Важная няпісаная традыцыя «Еўрабачання»: кожны год на гэтым конкурсе павінны быць фрыкі. У гэты раз адказнасць за гэта на сябе ўзяў нарвежскі гурт Subwoolfer з песняй Give that wolf a banana («Дайце гэтаму ваўку банан»).

Падчас нацадбору нарвежцы выступалі ў жоўтых ваўчыных масках і распавядалі ў інтэрв'ю пра падарожжы з Месяца і сваё паведамленне для зямлян. І як бы вы да іх ні ставіліся, жвавыя і незвычайныя Subwoolfer — калектыў, без якога гэтае «Еўрабачанне было б няпоўным».

Сербія: валасы Меган Маркл і мыццё рук на сцэне

«У чым жа сакрэт здаровых валасоў Меган Маркл?» — запытвае Канстракта з Сербіі ў першым жа радку песні In Corpore Sano. На сцэне яна мые рукі, апладзіруе нявядома каму і адначасова спявае і разважае.

У выступе Канстракты можна знайсці адсылкі да палітыкі, медыцынскай сістэмы (кажуць, у Сербіі з ёй цяжка) і да нерэалістычных стандартаў прыгажосці. Рытм песні лёгка запамінаецца, а пастаноўка вельмі мастацкая — звярніце ўвагу на гэты выступ.

Нідэрланды: аповед пра важнае па-галандску

Вось ён — яшчэ адзін фаварыт «Еўрабачання». Спявачка S10 стварыла для конкурсу песню на галандскай мове, прысвечаную сацыяльна важнай тэме псіхалагічнага здароўя. Для маладой галандкі, якая сама перанесла дэпрэсію, сцэна «Еўрабачання» — нібыта вялікая платформа, якая дазволіць ёй гучна распавесці пра важную з'яву.

Спявачка кажа, што ў кожнага бываюць цяжкія перыяды ў жыцці, і гэта — нешта, што нас аб'ядноўвае. Таму, як кажа S10, яна спадзяваецца, што яе песня дапаможа кожнаму адчуць сябе трохі менш адзінокім.

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

«Ой у лузі червона калина». Галоўныя песні ўкраінскага змагання АЎДЫЯ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера