Знайсці
08.05.2022 / 23:16РусŁacБел

«Якая можа быць фінансавая зацікаўленасць? Я трачу свае грошы». Халезін — пра лабіраванне санкцый і Ціханоўскую

Кіраўнік Свабоднага тэатра і праграмны дырэктар Creative Politics Hub Мікалай Халезін даў інтэрв'ю каналу «Жыццё-маліна». Расказаў пра тое, чаму ён — чалавек культуры — лабіруе санкцыі, што не так з серыялам «Акрэсціна» і згадаў, як яго калісьці спрабавалі падкупіць.

Мікалай Халезін. Скрыншот: ютуб-канал «Жыццё-маліна»

Пра спробу яго купіць

«Канаплёў [памочнік Лукашэнкі] дамовіўся з Лукашэнкам, што вывезе журналістаў на размову ў Сцяпянку ў нейкую хатку кабінета міністраў, дзе лазні. Нас было недзе 10-12 журналістаў з цэнтральных СМІ. Нас прывезлі туды, там такі стол накрыты да гарызонту — дранікі, галубцы, юшка. Лазня натопленая.

І там былі розныя людзі: Навумаў, Урал Латыпаў, сам Канаплёў — усё блізкае атачэнне. І яны нам тлумачылі, седзячы ў парылцы ці пры стале: маўляў, не трэба хваліць — проста не трэба лаяць, і ўсё будзе ва ўсіх добра.

Пасля гэта скончылася, і я сказаў Канаплёву, што зразумеў фармат і за з’етыя дранікі абавязуюся не пісаць пра вас два месяцы, а пасля працягну жыць сваім жыццём так, як лічу патрэбным. Ён сказаў: разумею тваю пазіцыю.

Нехта дамовіўся з журналістаў, не буду прозвішчы называць».

Пра тое, чаму займаецца лабіраваннем санкцый

«У нас [з жонкай Наталляй Калядой] ёсць пэўны статус у Брытаніі і ЗША, там, дзе мы кансультавалі іх МЗСы, пачынаючы з 2006 года. Улады мяняюцца, але ў групах застаецца касцяк, які не палітычны, а функцыянальны. Не толькі тэхнічны, а нават другія-трэція асобы застаюцца. І атрымліваецца, што ты з імі працуеш год за годам. Вось каманда Хілары Клінтан, з якой мы працавалі над санкцыямі ў 2011-м, — частка гэтай камнды пераходзіць да Байдэна, перамяшчаецца. І атрымліваецца, што ў цябе кантакты пастаянныя.

Гэта не твая праца — гэта тваё жаданне дапамагчы краіне. І для іх [краін Захаду] яно запатрабавана, бо ты для іх з'яўляешся асобай, якая можа даць непрадузятую ацэнку, бо ты сам не маеш палітычных амбіцый. У цябе пытаюцца, бо разумеюць, што ты не круцішся, для таго каб прарвацца кудысьці, а проста ацэньваеш сітуацыю. І калі твая экспертыза спрацоўвае некалькі разоў, то да цябе будуць звяртацца далей.

Я займаюся гэтым за ідэю. У мяне няма жадання быць палітыкам, і наогул у мяне занадта шмат нагод не быць палітыкам, не быць дзяржаўным чыноўнікам.

Якая можа быць фінансавая зацікаўленасць, акрамя таго, што ты траціш свае грошы? Вось, напрыклад, візіт у Амерыку цяпер — мы самі яго аплочваем.

Мне здавалася, я не буду нічым займацца падобным, бо гэта адбірае вельмі шмат сіл, сродкаў. Хацелася больш займацца сям'ёй і творчасцю. А пасля наступае працэс, як, напрыклад, у 2011 годзе, калі трэба было дапамагчы, каб на міжнародным узроўні пачалі ціснуць на Лукашэнку. Тады санцкцыі ўведзены — і пачынаюць вызваляць зняволеных. І ў гэты раз ты разумееш, што ніхто больш гэта не зробіць, няма тых узроўняў сувязяў у людзей».

Пра серыял «Акрэсціна»

«Я не веру, што ён здарыцца. Таму што так не ствараюцца праекты, якія ты хочаш прапанаваць для HBO ці Netflix. Ты павінен вельмі адказна падысці да стварэння творчай групы. У нас, нават калі мы кажам пра спектакль, калі мы робім яго на заходніх акцёрах, прыходзяць на кастынг людзі, якіх ты бачыш у фільмах як зорак.

Гэта вельмі складаная гісторыя. Асабліва серыял. І пачынаць трэба са сцэнара — а тут была ідэя стварэння праекта, а пасля да яго пісаўся сцэнар вельмі-вельмі хутка, павярхоўна. Я не бачыў яшчэ пілотную серыю фіналізаванага мантажу, можа быць, яна акажацца геніяльнай, але я ў гэта не веру. Я бачыў такую колькасць праектаў, на якіх было значна больш грошай, значна больш вядомых людзей, проста цэлая пачка, творчая група, якая да гэтага зняла круцейшыя праекты. І гэтыя праекты абвальваліся проста таму, што непралічаная сітуацыя.

Калі ты хочаш зняць Акрэсціна, дык не спрабуй сам прадзюсіраваць, бо існуе Бо Уіліман (гэта каторы прадзюсіраваў першыя тры сезоны «Картачнага доміка»). Ён мае бэкграўнд, але яму не было прапанавана «Акрэсціна». І ён зараз здымае з Пятром Вярзілавым у Кіеве дакументальны фільм.

Бо Уіліман мае палітычную візію, мае клас і мае вопыт. Ён сам працаваў на палітычных праектах і як прэс-аташэ, і як метадолаг, і як кансультант. І калі ты выбіраеш такога чалавека, ты разумееш, што ён не праколецца, таму што ён разумее кантэкст. І ўнутры гэтага кантэксту ён разумее, як працаваць на высокім узроўні, як пачынаць перамовы з Netflix, калі ты ўжо пілот рыхтуеш з крутымі акцёрамі».

Пра Ціханоўскую

«Пазнаёміўся па тэлефоне. Гэта адбылося на трэці дзень, пасля таго як яна выехала з Беларусі, калі трэба было дапамагчы з напісаннем тэксту для першай заявы пра лідарства. Мы размаўлялі па тэлефоне, яна была ў вельмі цяжкім псіхалагічным стане. Перажыўшы гэтае пекла, яна аказалася такой малайчынай.

Гэта адзіны чалавек, які на сённяшні момант мае мандат даверу беларусаў. Гэта чалавек, які даказаў, што ён у стане неверагодна эвалюцыянаваць. Я быў здзіўлены, кожная наша з ёй сустрэча — у мяне адчуванне, што кожны раз размаўляю з новым чалавекам, які праходзіць апгрэйд за апгрэйдам. І ёсць нейкія рэчы, якія, як мне здавалася, немагчыма засвойваць так хутка, а яна гэта робіць. Яна ўвесь час уключана ў працэс».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
83
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930