Знайсці
08.05.2022 / 17:32РусŁacБел

«Гэта подласць». Дачка расійскага акцёра Машкова, прыхільніка Пуціна, выказалася пра бацьку

Марыя Машкова — расійская актрыса, якая апошнія гады жыве ў Амерыцы. Яе бацька, вядомы акцёр Уладзімір Машкоў, актыўна падтрымлівае дзейную ўладу ў Расіі. Ён выступаў на мітынгу ў «Лужніках», павесіў Z на тэатры, якім кіруе. У інтэрв'ю Юрыю Дудзю дачка разважае, чаму бацька так сябе паводзіць.

Марыя Машкова. Скрыншот: ютуб-канал «Вдудь»

Яна расказала, што здымалася ў праекце пра Другую сусветную вайну для тэлеканала «Расія». Але калі пачалася вайна, вырашыла, што вяртацца да гэтых здымак не будзе.

Марыя тлумачыць, чаму не стала маўчаць.

«Мяне падтрымаў вельмі [сацыёлаг] Грыгорый Юдзін, які патлумачыў, у чым сутнасць прапаганды.

Сутнасць прапаганды не ў тым, каб кагосьці ў чымсьці пераканаць, а ў тым, каб зматываваць цябе нічога не рабіць. Любая пасіўнасць — і мы скатваемся ў таталітарны рэжым. Я не ведаю, ці мы ўжо скаціліся, але едзем з горачкі, нават без картонкі пад с**кай».

«Я не згодная з татам. Тое, што ён цяпер падтрымлівае, — гэта подласць. І тое, чым ён цяпер займаецца, — гэта подласць, і тое, як ён дазваляе сабе камунікаваць з людзьмі, — гэта подласць. Але пры гэтым я яго вельмі люблю, і гэта мой тата», — кажа актрыса.

Уладзімір Машкоў у «Лужніках» на мітынгу 18 сакавіка 2022 года. Скрыншот: Першы канал

Яна згадвае нядаўнюю размову з бацькам па тэлефоне.

«У гэтай размове ён мне сказаў тэрмінова вяртацца, браць дзяцей. Ён вельмі намагаўся пачуць мяне, я намагалася пачуць яго. Ён задаваў мне пытанні, я задавала пытанні. Спрабавала зразумець, што ён думае. Я пытала, хто пачаў вайну, дзе нацысты, расказвала пра свой вопыт ва Украіне. Мы адно аднаго не зразумелі, але апошняе, што я ад яго пачула: «Маша, я цябе люблю». Я калі пабачыла ягоны выступ [на Лужніках] — проста спалохалася за яго. Я спалохалася: што будзе, калі рускія людзі даведаюцца праўду, што будзе канкрэтна з ім, з маім татам?»

«Любы поспех такога маштабу — гэта, канешне, выпрабаванне і сур’ёзная спакуса. Мне здаецца, што ён згубіў людзей, якія маглі яму сказаць: «Валодзя — тармазі!» — разважае Марыя Машкова.

Яна лічыць, што яе бацька шчыра верыць у тое, што кажа.

«Я ведаю, які ён гарачы чувак. Калі гэта так, гэта надзвычай трагічная гісторыя. Калі ён даведаецца праўду — будзе вельмі балюча. Я не магу сабе ўявіць, што гэта ўгода з сумленнем, тады зусім сумна, я моцна расчаруюся, калі гэта ўгода».

Што, калі ў будучым судзіць будуць не толькі Пуціна, але і тых, хто дапамагаў у распаўсюдзе прапаганды, у тым ліку Машкова?

«У мяне ўзнікла пытанне, што магу я, як дачка, якая мае складаныя адносіны з бацькам, але якая яго любіць, зрабіць для яго, калі гэта спатрэбіцца. Я высветліла дзве рэчы. Першае — калі ў мяне будзе пашпарт ЗША, я змагу падаць дакументы на ўз’яднанне з сям’ёй і забраць тату, калі ён захоча. Ну, канешне, калі яму дазволяць уз'яднацца пры такіх абставінах.

А другі варыянт… Я ўявіла: дапусцім, у Расіі рэвалюцыя. Нехта іншы прыходзіць, і выводзяць у Маскве людзей, якія адказвалі за прапаганду і за страшныя літары на тэатры. Я ўявіла, што я магу проста прыехаць і сказаць: «Хлопцы, ну ва ўсіх былі сваякі, якія заблыталіся, давайце будзем лепшымі за папярэднікаў».

Гэта, мабыць, уяўленні дачкі аб ідэальным свеце, я разумею, але шукаю варыянты, як магу».

Актрыса дапускае думку, што можа больш не вярнуцца ў Расію.

«Проста думаю, як Бродскага не пусцілі на пахаванне да мамы. Пра бабулю думаю, пра дзядулю».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера