Знайсці
04.05.2022 / 22:13РусŁacБел

Эканаміст: Ёсць галіна беларускай эканомікі, якую, хутчэй за ўсё, не закрануць санкцыі

Як чарговы пакет санкцый адаб'ецца на становішчы беларускіх прадпрыемстваў і банкаў — пра гэта аналітычны праект «Филин» пагаварыў з эканамістам і сябрам палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі Львом Марголіным.

Да канца гэтага тыдня Еўрасаюз мае намер прыняць шосты пакет санкцый супраць Расіі. Як паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы, пад санкцыі могуць патрапіць і тры беларускія прадпрыемствы: ААТ «Беларуськалій», і яго экспартнага падраздзялення — Беларускай калійнай кампаніі, а таксама нафтаперапрацоўчага завода «Нафтан».

— Складана дакладна сказаць, да якіх наступстваў гэта прывядзе, — гаворыць Леў Марголін. — Рэч у тым, што «Беларуськалій» і цяпер знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, а ў сувязі з тым, што Літва адмовілася перавозіць калійныя ўгнаенні і трэба шукаць абыходныя шляхі, вытворчасць на прадпрыемстве значна замарудзілася, калі не сказаць спынілася.

Таму калі цяпер ЕС увядзе санкцыі, то гэта на сённяшні момант практычна нічога не дадасць, бо шляхі вывазу шукаюцца на ўсходнім кірунку.

Там прасцей прадаваць Індыі і Кітаю, іншым краінам Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, чым потым зноў вяртаць іх кругасветным падарожжам у Еўропу.

Таму тое, што тычыцца «Беларуськалія», на мой погляд, нічога сур'ёзнага не дадасць і не адыме да наяўнага становішча.

Што тычыцца нафтаперапрацоўкі, то ў святле таго, што Еўрапейскі Саюз у шостым пакеце санкцый збіраецца ўводзіць значныя абмежаванні на пастаўку расійскай нафты і, адпаведна, нафтапрадуктаў у ЕС, то думаю, што так ці інакш гэтая вытворчасць таксама будзе значна абмежаваная.

Асноўнымі пакупнікамі беларускіх нафтапрадуктаў былі Украіна і ЕС. Прычым Мазырскі завод працаваў больш на Украіну, а Наваполацкі — на Еўропу.

Не валодаю інфармацыяй, ці былі пастаўкі ў Еўропу з пачатку 2022 года. Калі ўзаемаадносіны з ЕС яшчэ заставаліся, то гэта, вядома, таксама будзе праблема, і трэба будзе зноў-такі шукаць нейкія абыходныя шляхі для таго, каб некуды рэалізоўваць нафтапрадукты, бо гэта пытанне больш складанае за нафту, якую здабывае Расія.

У папярэднім пакеце, калі былі накладзеныя санкцыі на прадукцыю дрэваапрацоўкі, на цэментную галіну, цэлюлозна-папяровую і гэтак далей, — гэта быў самы сур'ёзны ўдар, таму што былі ахопленыя практычна ўсе арыентаваныя на экспарт галіны.

Засталася яшчэ сельская гаспадарка, але не думаю, што на гэтую галіну будуць накладацца абмежаванні, бо гэта звязана з магчымым голадам у слаба развітых краінах. Гэта вельмі адчувальная тэма для еўрапейцаў.

Акрамя таго, тут ёсць іншыя праблемы — з пастаўкай неабходных насення, ядахімікатаў, ветэрынарных сродкаў, без якіх сельская гаспадарка можа значна аслабнуць.

— «Усе тры кампаніі прыносяць значны даход рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і раней патрапілі пад санкцыі ЗША», — піша агенцтва Bloomberg, маючы на ўвазе «Беларуськалій», Беларускую калійную кампанію і «Нафтан». Ці атрымаецца з дапамогай гэтых санкцый пазбавіць рэжым даходаў?

— Думаю, што вялікіх дадатковых праблем не павінна ўзнікнуць, але, на мой погляд, гэта зроблена ў адным пакеце з РФ. Цікава было б паглядзець, ці накладзеныя санкцыі, напрыклад, на «Уралкалій», ці яны па-ранейшаму будуць свабодна экспартаваць сваю прадукцыю.

— Чакаецца, што ў рамках новага пакета санкцый ЕЗ шэраг беларускіх банкаў будзе адключаны ад міжнароднай міжбанкаўскай сістэмы SWIFT. Да якіх наступстваў гэта можа прывесці?

— Гэта можа адгукнуцца больш сур'ёзна, таму што на сённяшні момант ёсць не толькі экспарт, але і імпарт. Імпарт многіх тавараў, на якія няма абмежаванняў, напрыклад, медыкаменты, прадукты харчавання, абсталяванне і кампаненты для працы беларускіх прадпрыемстваў. У іх могуць узнікнуць праблемы з разлікамі.

Пакуль працуе хоць бы адзін банк, можна нейкім чынам зарыентаваць разлікі праз яго нават тым, у каго няма рахункаў у гэтым банку. Але калі ўся банкаўская сістэма Беларусі будзе цалкам адключаная, гэта будзе сур'ёзная праблема. Трэба будзе шукаць магчымасці для разлікаў.

З улікам таго, што РФ таксама адключаная, і, мяркуючы па ўсім, цяпер да тых банкаў, якія былі ў гэтым спісе, дададуцца яшчэ (у тым ліку гаворка ідзе пра Сбербанк РФ), то баюся, што сітуацыя можа стаць практычна невырашальнай для Беларусі і Расіі.

Знойдуцца, вядома, нейкія манеўры. Ніколі не было так, каб не знайшлося варыянту абысці гэтыя абмежаванні, але любыя спосабы, як правіла, значна спрыяць уздаражанню прадукцыі, падаўжаюць вытворчы цыкл і гэтак далей.

— Што б вы параілі беларусам — кліентам банкаў на радзіме, якія з'ехалі з краіны?

— Я так разумею, што тыя беларусы, якія апынуліся за мяжой і ў якіх ёсць сродкі на рахунках беларускіх банкаў, міжнародныя карткі Visa і Mastercard, у вельмі складаным становішчы. У расіян карты адпаведных плацежных сістэм не працуюць ужо другі месяц.

Баюся, што ў беларусаў таксама ёсць з гэтым праблемы, нават калі няма прамых забаронаў, то вельмі часта замежныя банкі з меркаванняў асцярожнасці самі абмяжоўваюць зняцце наяўных праз гэтыя карты. Такая ж праблема існуе ва Украіне. У мяне ёсць знаёмыя, якія маюць рахункі і нічога зняць з іх не могуць. Цалкам магчыма, тое ж самае будзе ў іншых краінах.

Тым беларусам, якія працуюць за мяжой, прыйдзецца часцей вазіць грошы наяўнымі на радзіму. А ў тых, хто застаўся на ПМЖ, могуць узнікнуць праблемы, калі яны не працуюць, а разлічваюць на свае ашчаджэнні і рахункі ў беларускіх банках. У дадзенай сітуацыі ім можна параіць знайсці іншую крыніцу існавання.

Праблем не павінна быць у тых, хто выехаў як бежанец або ўладкаваўся ў ЕС на працу.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера