Знайсці
04.05.2022 / 08:09РусŁacБел

Ва Узброеных Сілах Беларусі пачалася раптоўная праверка боегатоўнасці. На дарогах з'явяцца калоны

У Беларусі пачалася раптоўная праверка сіл рэагавання, падчас якой воінскім часткам і падраздзяленням трэба будзе адпрацаваць пытанні прывядзення ў баявую гатоўнасць і іншыя вучэбна-баявыя задачы, заявілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.

Фота: Мінабароны

У ведамстве адзначылі, што праверка не нясе небяспекі міжнароднай супольнасці. Яе мэта, па інфармацыі Мінабароны РБ, — ацаніць здольнасць асабовага складу да аператыўнага рэагавання ў крызісных сітуацыях.

Войскі будуць дзейнічаць на незнаёмых участках мясцовасці ва ўмовах хуткага змянення становішча.

Склад сіл, якія прыцягваюцца да праверкі, будзе паэтапна нарошчвацца, што «дазволіць праверыць іх здольнасць процідзейнічаць ваенным пагрозам як на зямлі, так і ў паветры».

Праверка носіць комплексны характар. Падчас яе запланаваны рух значнай колькасці ваеннай тэхнікі, што можа абцяжарыць рух па дарогах агульнага карыстання. Мінабароны папрасіла жыхароў населеных пунктаў і вадзіцеляў транспартных сродкаў быць пільнымі на дарогах.

Мінулыя маштабныя вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022» — сумесныя з Узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі — праходзілі з 10 па 20 лютага 2022 года. Праз чатыры дні расійская армія з тэрыторыі Беларусі ўварвалася ва Украіну.

Беларуская армія тады ў нападзе непасрэдна не ўдзельнічала, абмежавалася выкананнем тылавых функцый. Масква разлічвала захапіць краіну і ліквідаваць украінскую дзяржаўнасць за некалькі дзён. Аднак расійскія войскі былі адкінутыя ад Кіева і Харкава і спыненыя пад Мікалаевам і Адэсай.

Аб праверцы боегатоўнасці было абвешчана сёння, а ўчора адбылася тэлефонная размова Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Праверка адбываецца на фоне інтэнсіфікацыі расійскіх бамбёжак Украіны і спробы прарваць украінскі фронт у раёнах Ізюма, Лімана, Гуляйполя. Акрамя таго, заходнія разведкі гавораць пра намер Расіі пачаць баявыя дзеянні з тэрыторыі Прыднястроўя.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
30
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930