Знайсці
04.05.2022 / 00:12РусŁacБел

«Ліверпуль» двойчы прапусціў ад «Вільярэала» і ледзь не вылецеў з Лігі чэмпіёнаў. Аднак камбэк пасля перапынку скіраваў англічан у фінал

Пераможца Лігі Еўропы нават пасля 0:2 на «Энфілдзе» застаўся клубам са стрыжнем — і дома ледзь не выбіў гранда з паўфінала. Аднак клас англічан ды памылкі кіпера Рулі пераважылі самаадданасць іспанцаў, што гарантавала мерсісайдцам пуцёўку ў галоўны матч года.

«Вільярэал» шакаваў «Ліверпуль» прэсінгам і эфектыўнай канвертацыяй галявых момантаў. Фота: Uefa.com

Гэта можа падацца вар'яцтвам, аднак сямю апошнімі ўдарамі ў створ «Вільярэал» забіў сем галоў у Лізе чэмпіёнаў. Пара апошніх прыляцела ў браму «Ліверпуля» вечарам аўторка — ды яшчэ да перапынку. І такім чынам ураўнаважыла паўфінальныя шалі: пасля 0:2 на «Энфілдзе» пераможцы Лігі Еўропы аднавілі не толькі рэпутацыю, але і лік па суме серыі.

Адразу ж узгадалася, што «субмарына» на папярэднім этапе патапіла мюнхенскую «Баварыю», а іх настаўнік Унаі Эмеры лічыцца ледзь не найлепшым спецыялістам па кубкавых баталіях у найноўшай клубнай гісторыі.

Да таго ж іспанцы абмежавалі дакладнасць перадач «Ліверпуля» за 45 хвілін усяго 66 адсоткамі — антырэкордным паказчыкам сезона.

Таму ў пераўтварэнне футбольнай Папялушкі ў сапраўдную прынцэсу пакрысе пачалі верыць не толькі фаны «Вільярэала», але і эксперты з журналістамі. Асабліва калі ўзгадвалася, што той жа Каклен, які забіў другі гол «субмарыны», за кар'еру меў ўсяго пяць (!) трапных стрэлаў.

Да жалю іспанцаў, Ліга Чэмпіёнаў надзвычай рэдка карыстаецца галівудскімі сцэнарамі пры напісанні сваіх сюжэтаў. Таму «Ліверпуль» даволі хутка сапсаваў казачную гісторыю гаспадароў прозай жыцця.

Скарыстаўшыся памылкамі кіпера гаспадароў Рулі, спачатку Фабінья забіў першы гол за англійскі клуб у топ-турніры (на палях ЛЧ бразілец увогуле з 2017-га не вызначаўся), а пасля Луіс Дыяс аднавіў раўнавагу.

Калі ж гуляць заставалася чвэрць часу, Садзьё Манэ ўвогуле давёў Старому Свету, што мерсісайдцы, бадай, найлепшая каманда на прасторах кантынента за апошнія пяць гадоў, калі разглядаць у сукупнасці спартыўны вынік ды відовішчнасць гульні. Ягоны мяч паставіў кропку ў сустрэчы ды зацвердзіў «камбэк» англічан усяго за тузін хвілін другога тайма — з 62 па 74 хвіліны.

У фінале года «Ліверпуль», які патрапіў туды трэці раз з 2017-га, пазмагаецца з пераможцам пары «Рэал» — «Манчэстэр Сіці». Тытульны двубой адбудзецца 28 траўня на парыжскай арэне «Стад дэ Франс».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера