Знайсці
03.05.2022 / 15:13РусŁacБел

Расійскія войскі пачалі чарговы штурм «Азоўсталі» ў Марыупалі

Пра пачатак штурму марыупальскай «Азоўсталі» паведамляюць як украінскія, так і расійскія крыніцы.

Расійская армія пачала штурм завода «Азоўсталь», пацвердзіў начальнік патрульнай паліцыі Марыупаля Міхаіл Вяршынін у эфіры ўсеўкраінскага тэлемарафону. Раней пра пачатак штурму заявіў украінскі ваенны карэспандэнт Андрэй Цапліенка.

«Проста цяпер спрабуюць прарвацца на тэрыторыю завода», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале, дадаўшы, што перад гэтым авіяцыя некалькі гадзін бамбіла «Азоўсталь».

«Узнік маштабны пажар, дым ад якога бачны практычна ва ўсіх раёнах Марыупаля», — заявіў Цапліенка.

Інфармацыю пра штурм выданню «Украінская праўда» пацвердзіў і намеснік камандзіра палка «Азоў» Святаслаў Паламар. «Усю ноч нас бамбілі авіябомбамі, загінулі дзве цывільныя жанчыны, а цяпер адбываецца штурм «Азоўсталі», — цытуе яго УП.

Расійскае Мінабароны, у сваю чаргу, заявіла, што «ўкраінскія вайскоўцы скарысталіся рэжымам цішыні на «Азоўсталі» і выйшлі на агнявыя пазіцыі».

«Падраздзяленні расійскай арміі і «ДНР», выкарыстоўваючы артылерыю і авіяцыю, пачынаюць знішчаць гэтыя агнявыя пазіцыі», — сцвярджаюць у гэтым вайсковым ведамстве.

Мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка заявіў агенцтву «Ройтэрс», што на тэрыторыі завода ўсё яшчэ застаюцца каля 200 мірных жыхароў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера