Знайсці
04.05.2022 / 10:48РусŁacБел

Беларускім вайскоўцам званілі з просьбамі не ўдзельнічаць у вайне. Як тыя рэагавалі?

Акцыі беларускіх кіберпартызанаў, скіраваныя на запавольванне руху расійскіх войскаў у кірунку Украіны, звярнулі на групоўку ўвагу ўсяго свету. Не так даўно мы расказвалі, якім чынам яны дапамаглі на чыгунцы. Але гэта не адзіны кірунак іх дзейнасці. Кіберпартызаны перадалі базу нумароў беларускіх вайскоўцаў жаночай ініцыятыве, каб тая званіла служачым і прасіла іх не ўдзельнічаць у агрэсіі.

Фота: Артур Грыгаран / Ваяр 

Гаворка пра ініцыятыву «Саюз маці». Яна з’явілася ў першыя дні вайны ва Украіне. Першапачатковай мэтай было сабраць аднадумцаў і дапамагчы ім абараніць сваіх дзяцей.

«У нас саюз маці Расіі, Беларусі і Украіны, таму што мы хочам падкрэсліць, што мы супраць падзелу, супраць таго, каб нас рабілі ворагамі, і мы ўсе супраць гэтай жудаснай вайны. Але, канечне, мамы з Беларусі і Расіі зусім у іншай сітуацыі: мы павінны спыніць нашых дзяцей ад удзелу ў гэтых жудасных забойствах украінскіх матуль і іх дзяцей», — тлумачаць актывісткі, якія пажадалі застацца ананімнымі ў мэтах бяспекі. 

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: t.me/souzmaterey

Пасля пачатку вайны жанчыны тэлефанавалі беларускім вайскоўцам і прасілі не браць удзел у вайсковых дзеяннях. Базу нумароў яны атрымалі ад беларускіх кіберпартызанаў.

«Мы сабраліся групай самых актыўных маці, якім давяраем, і зладзілі абтэлефаноўванне — знаёмы дапамог зрабіць гэта так, каб не было бачнае ID таго, хто тэлефануе. У нейкі момант мы зразумелі, што не спраўляемся сваімі сіламі, бо база вялікая. Тады мы запісалі голас, і наш сябар дапамог зладзіць далейшае абтэлефаноўванне ў аўтаматычным фармаце. Ëн жа дапамог з СМС-рассылкай па нумарах», — расказваюць жанчыны.

Калі яны званілі самі, то іх даслухвалі да канца, не перабіваючы. З аўтаматычнымі празвонамі было крыху горш, але большую частку запісу таксама слухалі да канца.

«Пасля звычайна размова проста заканчвалася. Часам маглі на тым канцы сувязі вылаяцца матам: «Ой, ***, што гэта такое?»

Ініцыятыва ладзіла таксама іншыя акцыі.

«Нашы мамы выходзілі на пратэсную малітву супраць вайны ў Мінску — іх нават затрымалі ў царкве. На Вялікдзень жанчыны дамовіліся з некаторымі святарамі і напісалі разам малітву за мір. Святары на Вялікдзень гэтую малітву чыталі і арганізоўвалі шэсці ўнутры велікоднага ходу са стужкамі і буклетамі, што напамінаюць пра жахі вайны», — кажуць жанчыны.

Малітва за мір, якая праходзіла ў Кафедральным саборы Мінска 3 сакавіка

«Саюз маці» таксама тлумачыць жанчынам, як абараніць дзяцей у школе ад прапаганды, стварае інструкцыі для прызыўнікоў.

Актывісткі кажуць, што куды больш складаная задача — дапамагчы маці з Расіі, чые дзеці ўжо на вайне. І тлумачаць, чаму не лічаць нянавісць канструктыўнай.

«Мы зможам дапамагчы ім, толькі калі пакажам, што мы на іх баку, што ім ёсць куды прыйсці са сваімі страхамі і горам, апроч як у расійскія дзяржструктуры, якім на іх пляваць.

Вы бачылі тое фота, дзе дзве аптэчкі — украінскага салдата і рускага? Гэта жудасна, гэта выдатна дэманструе, што рускія дзеці для Расіі — проста гарматнае мяса. Як прыняць гэта, калі ўсё жыццё па тэлевізары табе казалі іншае? Як прыняць гэта, калі твой муж, можа, п’е і б’е цябе, калі грошай бракуе, калі ўся адказнасць за сям'ю на табе? А потым пачынаецца вайна — і тваё дзіця стала забойцай, а ты ж хацела выгадаваць яго добрым чалавекам. Уся ваша краіна — агрэсар!

Псіхіка да апошняга гэта адмаўляе, яшчэ і прапаганда дапамагае не задаваць сабе нязручныя пытанні. І мы не дапаможам гэтым маці прыняць рэальнасць, калі будзем ненавідзець іх. Мы дапаможам ім, калі дадзім ім пачуццё, што яны не адны». 

У будучыні актывісткі хочуць арганізаваць фонд дапамогі маці і іх дзецям: не толькі ўкраінскім, але і беларускім, рускім.

«Быць маці — гэта ўжо выклік, асабліва ў нашых краінах. А быць маці падчас вайны — выклік удвая. Наша стратэгія ў тым, каб аб'яднаць матуль, даць ім голас і моц уплываць на падзеі».

Чытайце таксама:

Прадстаўніца кіберпартызанаў расказала колькі іх і раскрыла дэталі аперацый. У тым ліку на чыгунцы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера