Знайсці
01.05.2022 / 20:49РусŁacБел

Беларускія айцішнікі, якія з'ехалі ў Польшчу, распавялі, што ім падабаецца і не падабаецца

У апытанні Dev.by паўдзельнічалі 860 ІТ-спецыялістаў. 40% — распрацоўшчыкі, больш за 50% — ва ўзросце 26-35 гадоў.

З 860 удзельнікаў анкетавання амаль 57% рэлакаваліся пасля 24 лютага гэтага года, амаль 40% — у 2020/2021 гадах.

Самая папулярная лакацыя — Польшча (41%). На другім месцы Грузія (29,3%), на трэцім Літва (10,5%).

Польшча

У Польшчу рэлакаваліся 350 спецыялістаў. Каля 70% — мідлы і сеньёры. Большасць рэлакантаў ва ўзросце ад 18 да 36 гадоў, 40% — распрацоўшчыкі.

Амаль палова рэлакантаў лічаць, што пераехалі ў Польшчу надоўга ці назаўжды. Чвэрць спецыялістаў пакуль не вызначылася, 10% плануюць змяніць лакацыю. Толькі каля 3% спецыялістаў плануюць вярнуцца ў Беларусь у найбліжэйшы час, 13% збіраюцца гэта зрабіць у доўгатэрміновай перспектыве.

Што падабаецца

  1. Вялікі выбар харчовых і нехарчовых тавараў, цэны.
  2. Сэрвісы: зручная камунікацыя з дзяржаўнымі органамі праз электронныя сэрвісы, плацежная сістэма Blik, тэхналагічнасць банкаўскага сектара, сучасная сістэма для запісу да лекара.
  3. Сацыяльная сфера і абслугоўванне: сістэма адукацыі, медыцынскае абслугоўванне, школы і садкі, мясцовае самакіраванне.
  4. Гарадская інфраструктура, хуткі і зручны грамадскі транспарт, інфраструктура для раварыстаў.
  5. Надвор'е.
  6. Горы, мора, замкі, шмат прыгожых гістарычных і сучасных будынкаў.
  7. Прыгожая і разнастайная прырода.
  8. Адчыненыя межы, лёгка падарожнічаць.
  9. Свабода слова, бяспека.
  10. Мясцовае насельніцтва.

Меркаванні

«Якасць ежы вышэй, чым у Беларусі, асабліва мяса. Была прыемна здзіўленая, што прадукты, якія мы спажывалі ў Беларусі, тут каштуюць значна танней. Напрыклад, сметанковы сыр у Беларусі каштаваў каля 7-8 рублёў, а тут каштуе 5 злотых (3,1 рубля).

«Добрае стаўленне мясцовых. Перад пераездам чуў гісторыі пра ксенафобію і крайні нацыяналізм палякаў, але сам за 15 месяцаў жыцця ні разу не сутыкнуўся. Не сцвярджаю, што гэтага няма зусім, але відавочна менш, чым пра гэта распавядаюць. Таксама падабаецца стаўленне працадаўцаў да работнікаў. Нядаўна перайшоў ужо да другога працадаўцы, і ў абодвух было негатыўнае стаўленне да прымусовых перапрацовак. У бягучай фірме далі «зялёнае святло» тым, хто хоча папрацаваць звыш, але ніякага прымусу».

«У Польшчы больш магчымасцяў для людзей з інваліднасцю. Лёгка можна ўбачыць у краме сляпога чалавека ці на інвалідным вазку без суправаджэння».

«У Польшчы ўсе ведаюць англійскую мову, нават п'яныя мужычкі на вуліцы, якія просяць дробязь».

«Без ведання польскай без праблем атрымаў усе патрэбныя дакументы ў мясцовай адміністрацыі. Цяжка ўявіць такое стаўленне ў адміністрацыі ў Беларусі. Гэтак жа без праблем адкрыў ІП, усе былі максімальна гатовыя мне дапамагчы».

«У Польшчы мноства актыўнасцяў: канцэрты, бары з жывой музыкай, гарадскія святы. Быў нават на «Дажынках канопляў».

Што не падабаецца

  1. Бюракратыя.
  2. Шмат украінцаў і беларусаў.
  3. Дарагая арэнда, праблемы з пошукам жылля.
  4. Рэлігійнасць: зачыненыя крамы па нядзелях, забарона на аборты.
  5. Марудны і слабы сэрвіс.
  6. Якасць і кошт медыцынскіх паслуг.
  7. Экалогія, якасць паветра.
  8. Заторы.
  9. Падатак.
  10. Моўны бар'ер.

Меркаванні

«Раздражняе неабавязковасць палякаў. Мы вам ператэлефануем — і цішыня. Трэба пастаянна ўсіх усюды пінгаваць (дзяржслужбы, банк, арэндадаўца і г. д.)»

«Узімку сонца садзіцца ў тры гадзіны дня, і гэта велізарная праблема, накатвае дэпрэсія. Сэрвіс ва ўсіх месцах пакідае жадаць лепшага. У добрых рэстаранах вельмі дорага. Польская даецца вельмі цяжка, цяжэй, чым чакалася. Майстроў па манікюры добрых няма. Няма добрых ёга-студый».

«Сем гадоў жыву ў Польшчы. Цяпер вельмі бесіць апошні заезд беларусаў. Некаторая кранальная інфантыльнасць і неразуменне спецыфікі жыцця ў ЕС, і ў Польшчы ў прыватнасці. «Ружовыя акуляры», якія з часам давядзецца зняць. Пачаць трэба з таго, што тут ІТ — не прэстыжная ці высокадаходная спецыяльнасць, таму ўзровень жыцця прыкметна скарэктуецца. Перспектывы — «20 гадоў іпатэкі» (у лепшым выпадку)».

«Кепскія сайты: непрывабныя і глючныя. Прычым сайты дзяржструктур добрыя, а сайты крам і сэрвісаў — жах. Яшчэ ў Беларусі прывыклі кантактаваць з салонамі прыгажосці, рэстаранамі і іншымі ўстановамі праз Instagram, а тут Фэйсбук».

«Я не супраць павышэння падаткаў (як у маім выпадку), але супраць сумбуру, які ўзнікаў часта ў працэсе прыняцця новага падатковага заканадаўства. Пры прыёме ў новую фірму нават спрачаўся з Payroll Manager, што трапляю пад адну з ільгот, хоць яна лічыла, што не. У выніку я меў рацыю. Вінавачу ў гэтым не яе, а складанасць новых законаў, якія яшчэ і мяняліся раз у пару тыдняў перад канчатковым уступленнем у сілу (і потым таксама, і да гэтага часу). Са зносін з калегамі-палякамі зразумеў, што такога кшталту блытаніна ўзнікае з зайздроснай рэгулярнасцю».

«Дрэнная экалогія, мала зялёных зон у горадзе, магчымасці купіць прадукты з ферм або мясцовых прыватных гаспадарак. Магчыма, гэта пытанне недасведчанасці, але аналагаў Камароўкі або сезонных рынкаў пакуль не знайшла. Яшчэ вельмі раздражняе, што ў падтрымцы практычна ўсіх службаў няма англамоўных агентаў. І ў цэлым веданне англійскай для многіх службаў не выглядае такім прыярытэтным, як у Беларусі».

Каго (чаго) не хапае

  1. Бацькоў, братоў і сясцёр, сяброў, звыклага кола зносін, ката.
  2. Прадуктаў: глазураваныя сыркі, сушаная рыба, чорны хлеб, пламбір, пельмені, згушчонка, добрая гарбата, зефір, малочныя прадукты.
  3. Wildberries, Ozon, аналага Е-дастаўкі.
  4. Прагулак /тусовак у родным горадзе, Мінскага мора.
  5. Дачы, рыбалкі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера