Знайсці
20.04.2022 / 15:23РусŁacБел

«Прыйшоў час успамінаць сваё». Беларусы — пра тое, як вайна падштурхнула іх размаўляць па‑беларуску

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне усё больш беларусаў адмаўляюцца ад рускай мовы і пераходзяць на беларускую ў штодзённым жыцці. «Медыязона» запісала гісторыі беларусаў — пра вяртанне да роднай мовы і складанасці, з якімі яны сутыкаюцца.

Каці 21 год, яна вучыцца ва ўніверсітэце ў Гомелі, працуе настаўніцай музыкі, інструктаркай па коннай яздзе і фатографкай. Дзяўчына вядзе беларускамоўны акаўнт у Тыктоку, дзе выказваецца на тэмы вайны, палітыкі, беларускай мовы, гісторыі і культуры. Каця кажа, што так было не заўсёды — раней яна шмат здымала прыроду і любімых коней.

Першае відэа на беларускай дзяўчына запісала ў падтрымку ўкраінцаў. Каця прызнаецца, што першыя два тыдні ёй было не вельмі камфортна размаўляць на беларускай — было боязна ці сорамна — але праз некаторы час стала прасцей.

«Я хадзіла ў бібліятэку ў свой універ, там размаўляла па-беларуску. Бібліятэкаркі таксама пачалі размаўляць па-беларуску, усе ўсміхаліся. Я шукала кнігі па гісторыі Беларусі, мне адразу прынеслі кнігу з «Пагоняй». Я такая: «Дзякуй вялікі, і ўсяго вам добрага!», — распавядае Каця.

Студэнтка БДУ Наста у 2019 годзе зацікавілася украінскай мовай і навінамі Украіны, бо пачала глядзець серыял «Слуга народа». Каб лепей разумець кантэкст падзей у ім, дзяўчына чытала шмат украінскіх навін і перакладала кожнае слова.

«Там жарты завязаныя на ўкраінскай палітыцы, і я кожнага палітыка гугліла. Потым я захапілася Зяленскім, пачала глядзець розныя праекты «Квартала» і іншых украінскіх медыякампаній. Я пачала захапляцца іх патрыятызмам і любоўю да мовы, да ўсяго свайго. Падумала — чаму мы не размаўляем на беларускай мове?» — згадвае Наста.

Наста Сахарчук

З 2020 годзе студэнтка пачала чытаць больш тэлеграм-каналаў на беларускай, але не размаўляла на ёй у штодзённым жыцці. Дзяўчына лічыла, што «няма розніцы, на якой мове гаварыць», бо на той момант у яе атачэнні яшчэ не было беларускамоўных людзей. Перайсці на родную мову Насту матывавалі навіны пра ўнясенне ў расійскую Дзярждуму законапраекта аб прызнанні рускамоўных людзей суайчыннікамі.

«Мяне гэта так абурыла, што з таго дня я пачала спрабаваць размаўляць на беларускай мове. Я дагэтуль шмат словаў не ведаю, неяк спрабую іх замяніць, але пры гэтым ужо хутчэй думаю, хутчэй размаўляю. Я ўкраінскую мову ведаю лепш, чым беларускую», — прызнаецца яна.

Дзяўчына час ад часу рыхтуецца да заняткаў па ўкраінскіх падручніках, бо ва ўніверсітэце яны на рускай. Яшчэ адной складанасцю для беларускамоўнага студэнта Наста лічыць выкладчыкаў, якія не ўспрымаюць адказы на беларускай мове.

«Калі ў нас быў залік, да аднаго з выкладчыкаў звярнуўся беларускамоўны хлопец, штосьці хацеў у яго спытаць. Выкладчык яму адказаў: «Что-что? Я не понимаю. Можно на нормальном языке?» — распавядае Наста.

Размаўляць «на нормальном языке» дзяўчыну спачатку прасіла і маці — цяпер яна ўжо так не кажа, адзначае Наста.

«Некаторыя мае сваякі ў першыя дні казалі: «А можно по-русски? Я не понимаю. Ты слишком медленно мысли свои формулируешь, давай по-русски, чтобы быстрее было». Я казала: «Не, буду спрабаваць». Цяпер ужо некаторыя з іх час ад часу размаўляюць са мной на беларускай мове», — кажа дзяўчына.

Яна дадае, што ў цэлым сутыкаецца з пазітыўнай рэакцыяй людзей на беларускую мову.

«Я заўважыла — можа быць сама сябе ў гэтым пераканала — калі размаўляю на беларускай, то мне неяк так усміхаюцца ці, напрыклад, робяць зніжку. Можа быць, гэта і выпадкова, але я гэта звязваю з мовай — так прыемней», — дзеліцца Наста.

22-гадовы фрылансер Кастусь намагаўся перайсці на беларускую мову яшчэ да вайны. Ён кажа, што пераход на беларускую заўседы быў дзесьці побач, але вайна зрабіла яго сапраўды асэнсаваным.

«Паўстае пытанне захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Проста прыходзіш да высновы, што частка беларускага грамадства, якая была раней у пратэсным дзвіжы, была супраць Лукашэнкі, але за Пуціна, — дзеліцца думкамі хлопец. — Яны лічаць, што стары дзед Лукашэнка нас задзяўбаў, а Пуцін нарм чэл. Не было разумення, што мы змагаемся за незалежнасць і нашы нацыянальныя ідэі».

Хлопец адзначае, што не сустракаўся з негатыўнай рэакцыяй на беларускую, і яго атачэнне ставіцца да яе пазітыўна. Але прыклад негатыўнага стаўлення быў у яго сяброўкі, якая працуе ў беларускамоўнай кавярні.

«Некаторыя наведвальнікі падходзяць і кажуць: «Я таксама магу выдумаць мову і на ей размаўляць». Была гісторыя: у кавярні нейкі гісторык рабіў імпрэзу на беларускай мове. Да яго падышла прыбіральніца гандлевага цэнтра і кажа: «А я ненавижу беларусский язык». Ён адказаў: «Я ж вашу рускую не ненавіджу, чаму вы гэта кажаце?» — згадвае Кастусь.

Ён адзначае, што яго сябры таксама пачынаюць ужываць беларускую ў штодзённым жыцці: хтосьці піша ў чатах, а некаторыя спрабуюць размаўляць.

«Яно так працуе, што ты быццам бы як біялагічная зброя: твой вірус беларускай мовы можа працаваць толькі на беларусах. Калі ў вас больш блізкія адносіны, то гэта лепш працуе, і людзі пераходзяць на беларускую. Ты такі пераносчык беларушчыны атрымліваешся», — кажа хлопец.

21-гадовы мінчук Аляксандр мае падобную думку: ён кажа, што «заражае» беларускай мовай свой працоўны офіс: «Я пачаў пісаць працоўныя лісты на пошту на беларускай мове і размаўляю на беларускай мове, калі тэлефаную камусьці. Есць людзі, якія пасля гэтага пачалі мне на беларускай мове адказваць. І нават я сам тэлефаную, яшчэ нічога не паспеў сказаць, а чалавек мне кажа: «О, вітаю!».

Хлопец згадвае, як падчас падарожжа ў Францыю пазнаёміўся з украінкай, якая спытала, ці ведае ён беларускую мову.

«Я падумаў, што англійскую мову ведаю лепш за беларускую — гэта неяк няправільна. Тады я вырашыў, што калісьці хачу гэты навык засвоіць», — распавядае хлопец.

З таго часу Аляксандр глядзеў відэа і чытаў шмат навін на беларускай — думаць на мове станавілася прасцей.

«Вось так я перайшоў на наступны крок: стаў казаць «дзякуй», а не «спасибо» кіроўцам у маршрутках. А калі пачалася вайна, я падумаў, што гэта такі моцны трыгер — большага быць не можа. Калі пачынаць, як не цяпер?», — кажа хлопец.

З 24 лютага Аляксандр пачаў пісаць па-беларуску ў інтэрнэце, а загаварыў 27-га, у дзень канстытуцыйнага рэферэндуму.

«Я прыйшоў на выбарчы ўчастак і размаўляў там з людзьмі. Там адбылася мая першая размова на беларускай мове. Мяне пахвалілі, сказалі: «Вы добра размаўляеце на беларускай мове, напэўна, даўно. А вы заўседы на беларускай мове размаўлялі?» Мне было прыемна і я для сябе зразумеў, што я ўжо магу», — дзеліцца Аляксандр.

Ён адзначае, што атрымлівае толькі пазітыўныя рэакцыі на беларускую мову, а часам дзякуючы ёй знаходзіць цікавых суразмоўцаў.

«Заходзіў у краму аднойчы, нешта спытаўся ў касіркі на беларускай мове. І яна такая: «Ой, а вы заўсёды размаўляеце на беларускай мове? Як прыемна чуць родную мову!» І пачала мне расказваць, што яна фанатка Вялікага княства Літоўскага. Пачала мне пра Гедыміна, Альгерда расказваць», — згадвае хлопец.

«Я лічу, што мова — гэта наш скарб. Яшчэ, як кажуць, гэта персанальны пратэст, які ў цябе ніхто не забярэ», — дадае ён.

Настасся Пятровіч і Наста Сахарчук — студэнткі замежных універсітэтаў. Дзяўчыны былі актывісткамі Задзіночання беларускіх студэнтаў, а ў 2020 годзе выехалі з краіны. Цяпер Настасся вучыцца ў Нарвегіі, а Наста — у Нямеччыне.

Абедзве дзяўчыны кажуць, што спрабавалі перайсці на беларускую мову яшчэ ў Беларусі і гэтаму спрыяла атачэнне — у ЗБС было шмат беларускамоўных. Аднак Пятровіч беларуская мова не падабалася, а спробы Сахарчук перайсці на мову трывалі менш за дзень.

«Мы з сяброўкай ва ўніверсітэце спрабавалі рабіць тыдзень беларускай мовы, але проста забываліся пра гэта і размаўлялі на рускай. Мне здаецца, што яшчэ адна складанасць у тым, што цяжка размаўляць з людзьмі, якія ведалі цябе як рускамоўнага чалавека. Мне вельмі некамфортна было праз гэта. Напрыклад, я спрабавала з бацькамі размаўляць, і мне бацька сказаў: «Говори на нормальном языке», — тлумачыць непаспяховасць сваіх спробаў Наста.

Пераход на беларускую для Настассі быў паступовым — спачатку яна пачала весці сацсеткі па-беларуску, а потым і загаварыла.

Для таго, каб хутчэй перайсці на беларускую мову, Наста выдаліла рускую раскладку клавіятуры на тэлефоне — спачатку толькі пісала на беларускай, а прыкладна праз тыдзень пачала практыкаваць мову з сябрамі-беларусамі. Настасся адзначае, што размаўляць гэтым разам было прасцей, бо «няма больш такога ўплыву рускай мовы».

«Я вырашыла перайсці, таму што зразумела, што калі ты выкарыстоўваеш мову імперыялістаў, тым самым ты падтрымліваеш усе гэтыя імпэрыялістскія матывы і ўсё лайно. Калі я заўсёды казала, што ў нас ёсць свая мова і што Беларусь павінна быць незалежнай, калі я вяла барацьбу за гэта, то размаўляць на рускай крывадушна. Ёсць такая вялікая злосць цяпер на расіян, на рускую мову, на рускую культуру, і не вельмі хочацца быць звязанай з гэтым», — дзеліцца студэнтка.

Наста Сахарчук адзначае, што цяпер «больш значна адчувае пагрозу «русского мира»», таму хоча захаваць у сабе беларускасць.

«Ёсць такі дыскурс, што мова вызначае твае думкі і ўплывае на твае думкі, на светапогляд. Мне хацелася б выгадаваць у сабе нейкую беларускасць цяпер праз мову, захаваць яе і адмежаваць сябе ад «русского мира». Не хацелася б казаць, што беларускасць лепшая за рускасць, але проста гэта нешта роднае, што я хачу ў сабе захаваць», — кажа яна.

Настасся Пятровіч бачыць мэту пераходу на беларускую ў тым, каб «запусціць хвалю» цікавасці да мовы і культуры. Дзяўчына кажа, што стала для сваіх беларусіх сябровак чалавекам, з якім можна практыкаваць мову.

«Рускамоўныя украінцы, з якімі я размаўляла, добра ведаюць украінскую мову. Шмат маіх сяброў і сябровак мяне не разумеюць, таму што яны не ведаюць беларускую зусім», — тлумачыць Настасся розніцу паміж беларусамі і ўкраінцамі ў валоданні роднай мовай.

Па словах Насты, не ўсе людзі з яе атачэння прызвычаіліся да таго, што яна размаўляе на беларускай — некаторыя знаёмыя з Расіі называюць гэта русафобіяй. Дзяўчына адзначае, што сярод яе рускіх знаёмых есць і тыя, каму падабаецца, што дзяўчына перайшла на беларускую.

«Знаёмая дзяўчынка на ўкраінскай размаўляла, і адзін хлопец з Таджыкістана не разумеў яе спачатку, але потым пачаў разумець. Спачатку злаваўся, канечне, але у яе такая пазіцыя была. Яго родная мова вельмі адрозніваецца ад украінскай, але ён усе роўна пачаў разумець», — расказвае Наста і дадае, што ей сумна, калі людзі не разумеюць, наколькі важны для яе пераход на беларускую мову.

Хрысціна Катовіч і Міця Шышло — сямейная пара з Мінска. Цяпер яны жывуць у Грузіі, куды пераехалі, калі пачалася вайна. Размаўляць па-беларуску яны пачалі пазней, чым астатнія героі тэксту — 11 красавіка. І выйшла гэта спантанна.

«Я ўбачыла ў Інстаграме, што дзве мае знаёмыя адмовіліся ад рускай мовы і перайшлі на беларускую. Я падумала: «Якія ж яны малайцы! А што мне перашкаджае?». Тады падышоў Міця і кажа: «Давай пераходзіць на беларускую мову», — згадвае Хрысціна.

Дзяўчына спрабавала размаўляць па-беларуску яшчэ ў школе, але сутыкнулася з непаразуменнем.

«На мяне дзіўна глядзелі. Ніхто не разумеў, навошта я размаўляю на беларускай мове. Тады мне было важнае меркаванне іншых, я шмат чаго не разумела і адмовілася ад гэтай ідэі. Я працягвала чытаць на беларускай мове — яна мне вельмі падабаецца, нашмат больш, чым руская. Для мяне гэтая мова ўтульная», — кажа яна.

Хрысціна Катовіч і Міця Шышло

У Міці былі іншыя стасункі з мовай — хлопец лічыў, што беларуская не мусіць быць галоўнай, бо ў краіне дзве афіцыйныя мовы. Сваё меркаванне Міця змяніў у 2020 годзе.

«Захацелася адчуваць сябе не проста грамадзянінам РБ, а беларусам. Пасля пачатку вайны гэта стала быццам бы яшчэ больш балючай тэмай — ідэнтыфікацыя сябе. Адрознівацца ад сваіх суседзяў важна. Важна разумець, што мы ўсё ж такі не адзін народ, мы розныя», — тлумачыць ён.

«Да маёй мамы ў краму нядаўна прыйшоў хлопец і спытаў — кошты ў расійскіх рублях ці ў беларускіх. І я пачала думаць, ці здарылася б такое, калі б мы ўсе размаўлялі па-беларуску. Думаю, што не», — дадае Хрысціна.

Падчас нашай размовы маладыя людзі некалькі разоў кажуць пра тое, што часта адчуваюць сябе няўпэўнена праз памылкі, але працягваюць практыкаваць мову.

«Пакуль што я часта блытаю па сэнсе слова «скарб» і «скорбь». Яшчэ чамусьці думаў, што «горш» — гэта «лепш», «больш». Мы робім памылкі, але ідзём наперад», — кажа Міця.

«Гэта мая мова, і я хачу, каб так было далей, каб не руская мова была маёй, а менавіта беларуская. Я буду рабіць усё, каб так было далей. Для мяне гэта было марай. Калі пачалася вайна, мы адчулі, што час прыйшоў. Час адмаўляцца ад рускай культуры і ўспамінаць пра сваю», — дадае Хрысціна. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера