Знайсці
12.04.2022 / 21:33РусŁacБел

Найлепшага трэнера Беларусі па футболе звольнілі праз 125 дзён пасля прызначэння ў «Шахцёр». Ён шчыра казаў, што хоча зарабіць на кватэру і машыну

Іван Біёнчык летась зрабіў сенсацыю ў чэмпіянаце Беларусі са сціплым «Гомелем», атрымаў тытул найлепшага трэнера Беларусі і лагічна быў задрафтаваны чэмпіёнамі з «Шахцёра». Але ў Салігорску ён змог пратрымацца ўсяго тры туры. Гэта далёка не адзіны кур'ёзны факт з яго спартыўнай біяграфіі. «НН» прыгадвае найбольш рэзанансныя гісторыі жыцця спецыяліста.

Іван Біёнчык пратрымаўся на чале салігорскага «Шахцёра» ўсяго тры туры. Фота: ФК «Гомель»

Выбраў найлепшым сам сябе

Звычайна самага годнага спецыяліста ў айчынным футболе вызначае газета «Прессбол». Апытанне, якое ахоплівае саміх спартсменаў, настаўнікаў камандаў, экспертаў, рэферы ды журналістаў, па задумцы адлюстроўвае найбольш поўную карціну меркаванняў. І таму робіць пераможцу больш-менш легітымным «першым нумарам» сярод калег па цэху.

У мінулым годзе настаўнік «Гомеля», які прывёў каманду на высокую ды нечаканую чацвёртую фінішную пазіцыю, перамог з відавочнай перавагай. Аднак як толькі пратаколы апытанкі з'явіліся ў друку, адкрылася нечаканае: Іван Сяргеевіч прагаласаваў сам за сябе!

Нечаканы выбар Івана Біёнчыка. Скрыншот: «Прессбол».

У каментарах коўч пасля апраўдваўся: маўляў, яму патэлефанавалі ў разгар працы, сэнс пытання ён не зразумеў і таму адказаў абы з рук… Як кажуць у Беларусі: «Ну, вы разумееце!»

Праўда, народ разумець адмовіўся — і яшчэ колькі дзён кпіў з трэнера.

Планаваў у Салігорску зарабіць на кватэру

Зімовы пераход з «Гомеля» ў «Шахцёр» — самы радыкальны ўзлёт у кар'еры Біёнчыка. Бо палешукі перад сезонам-2021 лічыліся аўтсайдэрамі, якія толькі-толькі вярнуліся ў эліту з першага дывізіёну. І запрашэнне ў стан чэмпіёна Беларусі выглядала павышэннем у класе экстэрнам. Нават нягледзячы на поспех «бела-зялёных», разавы ўздым наўрад ці цягнуў на рэкамендацыю для кіравання лепшай камандай краіны.

Аднак Біёнчык выклік прыняў без ваганняў — і не толькі з-за спартыўнай матывацыі. «Я трэнер, у якога няма нічога за душой. Хачу кватэру, хачу машыну, хочацца камфортнага жыцця. Гэта нармальнае імкненне любога чалавека», — не хаваў пабытовых амбіцый спецыяліст па зіме.

Зараз, думаецца, магчымасць спраўдзіць бытавыя мары ў Івана Сяргеевіча будзе. Датэрміновы разрыў трохгадовага кантракта гарантуе трэнеру неблагую кампенсацыю.

Кіраваў клубам, які злавілі на «дагаварняках»

З 2014 па 2018 гады Біёнчык узначальваў мінскі «Прамень» — і нават здолеў з ім прарвацца з нізоў футбольнай піраміды ў эліту. Аднак падчас гераічнага прарыву на рэпутацыі каманды села істотная пляма.

Зімой 2016-га стала вядома, што некаторыя гульцы каманды ўдзельнічалі ў матчах з фіксаваным вынікам. Прасцей кажучы, у «дамовах». Іх прозвішчы сталі вядомыя праваахоўнікам, распачаліся крымінальныя справы з рэальнымі тэрмінамі для вінаватых. Ну а «Прамень» у якасці пакарання атрымаў «мінус 10 ачкоў» у табліцу перад стартам першынства-2017.

Іван Біёнчык: «Калі ўсіх падазраваць, трэба ісці працаваць у Следчы камітэт, а не футбол». Скрыншот: Youtube.com

Біёнчык казаў, што тая гісторыя ўдарыла па ім даволі моцна — і прызнаваўся, што не ведаў, як сябе паводзіць у сітуацыях такога кшталту. Аднак пры гэтым сцвярджаў: нікога не падазраваў і не быў у курсе, бо складана нешта падобнае заўважыць, калі пад началам 23 чалавекі. «Калі ўсіх падазраваць, трэба ісці працаваць у Следчы камітэт, а не ў футбол», — заявіў тады спецыяліст.

«Пахаваў» два клуба эліты

Праўда, у 2017-м, нягледзячы на «мінус 10», Біёнчык скокнуў з падначаленымі вышэй за галаву ды прабіўся ў вышэйшую лігу. А на наступны год нават там затрымаўся, калі заняў з «Прамянём» 13-ы радок.

Ды вось бяда: грошы ў мінчукоў пасля сезону скончыліся, а спонсары замест інвестыцый пакінулі ў клубным офісе велізарныя запазычанасці. Ратаваць каманду было няма каму, таму «Прамень» расфарміравалі, а на яго месца ў эліце вярнулі магілёўскі «Дняпро». Той у 2018-м з эліты вылецеў, аднак шляхам шэрагу маніпуляцый — у тым ліку з боку федэрацыі футбола — цудоўным чынам уратаваўся.

Каб пытанняў да дзіўнай ракіроўкі было мізар, два брэнды аб'ядналі: «Прамень» прынес з сабой месца ў «вышцы», «Дняпро» інфраструктуру ды інвестыцыі. А кіраваць франкенштэйнам з крэатыўнай назвай «Дняпро-МЧЗ» стаў… Іван Біёнчык!

І усё ж ткі карма даволі хутка пакарала наватвор за закулісныя гульні. Магілёў скончыў першынства на дне табліцы, за захаванне месца ў эліце змагаўся ў пераходных матча з брэсцкім «Рухам» — ды саступіў.

Аднак замест паніжэння ў класе ён увогуле згубіў сваю існасць, бо з-за фінансавых праблем падаў на банкруцтва і расфарміраванне. Біёнчык жа два гады запар сканчваў сезон ля руля камандаў, якія знікалі з футбольнай мапы краіны.

Пагарджаў калегамі ды журналістамі

Пра фанабэрыстасць настаўніка ведалі ўсе з тых самых часоў, як ён распачаў прафесійную кар'еру. То ў адкрытую Іван Сяргеевіч адмаўляў уплыў Анатоля Юрэвіча на сваю асобу, хаця менавіта ў патрыярха трэнерскага цэха праходзіў гартаванне. То сцвярджаў, што ў яго значна больш талентаў, чым простая тактычная падкаванасць.

Калі ж справа даходзіла да тэлевізійных размоў альбо прэс-канферэнцый, Біёнчык мог увогуле з пагардай зачапіць журналіста. Маўляў, той не разумее ўсёй глыбіні тэмы, пра якую кажа.

Дарэчы, праблемы з камунікацыяй, як сцвярджаецца сёння, шмат у чым каштавалі настаўніку пазіцыі ў «Шахцёры». Таксічная манера зносінаў справакавала негатыўнае стаўленне да Біёнчыка з боку футбалістаў і прывяла да адкрытага канфлікту са звальненнем у фінале.

Збег з «Крумкачоў» пасля тыдня супрацы

Напачатку 2017 года самая народная каманда Беларусі,, паклікала спецыяліста ў свае шыхты. «Крумкачы» тады лёталі высока, у элітным дывізіёне. «Прамень» жа, якраз з «мінус 10» у пасіве, вінен быў пачынаць свой пакутлівы сезон у дывізіёне рангам ніжэй. Перспектывы рэалізаваць сябе 31-гадоваму спецыялісту былі відавочныя — і таму ён пагадзіўся далучыцца да «пярнатых».

«Крумкачы не мелі галоўнага трэнера, і я проста кіраваў працэсам трэніровак, пакуль ішлі пошукі». Фота: ФК «Прамень».

Аднак у клубе Біёнчык папрацаваў усяго тыдзень: пасля перамогі над мінскім «Дынама» Іван Сяргеевіч раптоўна заявіў пра вяртанне да былога працадаўцы. Годных тлумачэнняў ад спецыяліста ніхто не пачуў — выключна ветлівыя словы падзякі за новы выклік і нейкі скамечаны пасыл пра тое, што «Крумкачы» не мелі галоўнага трэнера, і я проста кіраваў працэсам трэніровак, пакуль шлі пошукі». Паколькі юрыдычных дамоў бакі заключыць не паспелі, Біёнчык свабодна вярнуўся ў «Прамень». І надалей пра гэтую гісторыю не ўзгадваў.

Асудзіў гвалт ды махінацыі на выбарах-2020

Пры ўсёй супярэчлівасці ў натуры Біёнчыка прынамсі адзін факт сведчыць пра ягоную годнасць. Пасля здзекаў супраць уласных людзей, які ўчынілі лукашэнкаўскія сілавікі, трэнер адкрыта асудзіў гвалт.

Біёнчык назваў «нечалавечым» стаўленне АМАПа да мірных пратэстоўцаў і паставіў знак роўнасці між зверствамі, якія адбываліся ў Беларусі, з фашысцкімі злачынствамі. Болей за тое, настаўнік далучаўся да маршаў па вуліцах Гомеля, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Дарэчы, Біёнчык увогуле не пужаўся гучных сцверджанняў, калі чуў вострыя пытанні. Ён крытыкаваў пазіцыю федэрацыі адносна абмежавання заробкаў ды ліміту на легіянераў, а таксама даваў дусту корпусу рэферы АБФФ. За кожную з падобных дзей апошнім годам можна было б моцна атрымаць па карку. Аднак Біёнчыку шанцавала — і ён заставаўся пры працы.

Ну, прынамсі да 12 красавіка 2022 года…

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

«Гомель» перамог у меншасці, хаця саступаў 0:2, а чэмпіён звольніў трэнера ўсяго пасля трох тураў! Яркі фінал футбольнага панядзелка ў краіне

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера