Знайсці
28.03.2022 / 20:39РусŁacБел

Раней хацела жыць ва Украіне — цяпер расказвае, што там нацысты. Хто такая Анастасія Бенедзісюк, новы твар прапаганды

Анастасія Бенедзісюк, маладая журналістка БТ, раней здымала сюжэты пра каранавірус і адукацыю. Сёння яна расказвае пра вайну ва Украіне ў стылі самых чарнасоценскіх расійскіх прапагандыстаў. Расказваем, што пра яе вядома.

Ва Украіне геі і нацысты

Цяпер на БТ нярэдка выходзяць сюжэты Бенедзісюк на тэму вайны ва Украіне. Вось толькі слова «вайна» ў іх не пачуеш. 

Асвятляецца ўсё чакана: украінскія вайскоўцы выстаўляюцца нацыстамі, якія прыкрываюцца мірнымі жыхарамі і дзецьмі.

Анастасія робіць рэпартажы пра ЛГБТ-вайскоўцаў ва УСУ, расказвае пра хібы ўкраінскага тэлебачання, даказвае, што Украіне ствараюць імідж ахвяры заходнія піяр-агенцтвы.

У якасці спікераў у яе сюжэтах выступаюць ветэран расійскага спецназа, расійскі рэдактар малавядомага праўладнага часопіса (і гэта на беларускім тэлебачанні!).

У тых сюжэтах расіяне не бамбяць Харкаў і Кіеў, ад расійскіх ракет не гарыць Марыупаль, а войскі РФ калі і фігуруюць, то выключна эвакуююць людзей і дапамагаюць мясцоваму насельніцтву. Беларусь таксама не надае сваю зямлю для танкаў і самалётаў Расіі, а клапоціцца пра ўкраінскіх бежанцаў.

Пра тое, што большасць украінцаў чамусьці бяжыць у Еўропу, а не да расійскіх «вызваліцеляў», карэспандэнтка не згадвае.

Таксама зусім нядаўна Анастасія завяла свой тэлеграм-канал. Там крыху больш за 300 падпісантаў. Публікуе ў ім спасылкі на свае сюжэты і рэпосціць самую лютую расійскую прапаганду, накшталт чарнасоценскага канала «Царьград», збірае падборкі хвалебных каментароў на адрас Лукашэнкі.

«Ёй сказалі зрабіць — яна зробіць»

Анастасіі 29 гадоў. Яна родам з Ашмянаў, вучылася ў мясцовай школе №1.

Дзяўчына была актыўнай яшчэ ў школьныя часы: нярэдка ўдзельнічала ў разнастайных канферэнцыях. Таксама яна была актыўнай піянеркай, у 2010 годзе стала пераможцай раённага этапу і дыпламантам 2 ступені абласнога этапу ў конкурсе «Лідар-2010» (конкурс талентаў, які арганізуе БРСМ).

Пасля школы Бенедзісюк пайшла ў журналістыку. Вучылася ў БДУ на спецыяльнасці «аўдыёвізуальная журналістыка», на платным, была старастай групы.

БДУ Бенедзісюк скончыла ў 2015 годзе, але яшчэ падчас вучобы пачала працаваць на тэлеканале СТБ, які тады яшчэ не быў рупарам самай пякельнай прапаганды.

Адзін з былых калег расказвае пра карэспандэнтку:

«Яна прыйшла на СТБ зусім маладой журналісткай. Бенедзісюк была вельмі працавітай дзяўчынай, вельмі. Яна была гатовая фанатычна, упарта працаваць, працаваць шмат, не спаць начамі. І прафесія журналіста для яе была вельмі важнай.

Але яна была гатовая рабіць тое, што скажуць, нават калі не была ў захапленні. Аднойчы на прэс-канферэнцыі ёй трэба было зачытаць адкрыта прапагандысцкае пытанне, спушчанае зверху — было заўважна, што ёй няёмка, сорамна, але яна зачытала.

Увогуле, мяркую, каб змянілася ўлада, то так жа шчыра і апантана Насця б «мачыла» ворагаў умоўнага Пазняка. Праца для яе была цікавая як рамяство, а не як барацьба, як у таго ж Азаронка.

Я бачыў сённяшнія яе сюжэты на БТ — яны жудасныя. Але, мяркую, гэта не таму, што яны адпавядаюць яе ўнутраным перакананням. Ёй проста сказалі зрабіць, значыць яна зробіць.

Калі я яе ведаў, не заўважаў за ёй асаблівай палітызаванасці, ніколі не чуў і дыфірамбаў Лукашэнку».

«Мне здавалася, Бенедзісюк было заўсёды трэба, каб яе цанілі. І будзем шчырымі, праз сваю працаздольнасць яна гэтага заслугоўвала, — кажа «Нашай Ніве» іншы экс-супрацоўнік СТБ. — Але, магчыма, не заўсёды яна гэта атрымлівала».

«На СТБ Анастасія займалася «сацыялкай»: сюжэты пра ЖКГ, бабуль, усякае такое. Рэпарцёркай яна была добрай, нават з самай панылай тэмы магла зрабіць нешта цікавае, — расказвае «Нашай Ніве» Міхаіл Прановіч. Ён кажа, што працаваў на СТБ разам з Анастасіяй, а пасля доўга сябраваў з ёю. — 

Але ёй заўсёды не падабаліся ўмовы працы на СТБ, заўсёды не хапала заробку. Пасля яна перайшла на БТ, але і там была незадаволеная тым жа».

«Казала: як пачнуцца мітынгі, звольнюся»

На БТ Бенедзісюк была рэпарцёрам, здымала стандартныя сюжэты для перадач «Панарама» і «На кантролі прэзідэнта»: пра студэнтаў-замежнікаў, палігоны смецця, купанне знакамітасцяў на Вадохрышча і поспехі беларускіх дактароў.

«Але яна пастаянна шукала нейкую іншую працу ці прынамсі казала пра гэта. Нават думала, што добра было б з’ехаць з Беларусі. Яшчэ ў 2018 годзе некалькі разоў хацела з’ехаць ва Украіну, каб жыць і працаваць у Кіеве, нават была гатовая вывучыць украінскую мову. Пыталася ў мяне, ці я не маю знаёмых там. Гледзячы на яе сённяшнія сюжэты пра Украіну, мне цяпер вельмі цікава, чаму тады яе так цягнула ў Кіеў, — кажа Прановіч. — 

Раней Анастасія заўсёды здавалася мне прыемнай і добрай дзяўчынкай. І за гады сяброўства яна ніколі не здраджвала, заўсёды дапамагала. Шмат у чым яна ўвогуле была лібералкай, з тых людзей, якія кажуць: «так, я працую на БТ, але мне гэта ўсё не вельмі падабаецца». 

За Лукашэнку яна таксама ніколі не выказвалася. 

Я сустракаўся з Анастасіяй у 2020 годзе за пару дзён да выбараў. Пілі каву, была яшчэ адна дзяўчына з БТ. Размаўлялі пра ўсё тое, што адбываецца — і ўсе хацелі, каб перамог нехта іншы, каб перамагла Ціханоўская, усе скардзіліся, што так дрэнна зрабілі з Бабарыкам. 

Таксама Анастасія казала, што як пачнуцца мітынгі, калі людзі выйдуць, то яна адразу звольніцца, выйдзе на Плошчу, бо нібыта не можа гэта ўсё цярпець. 

І вось 17 жніўня 2020 супрацоўнікі БТ выйшлі на забастоўку. Я таксама прыйшоў, бо крыху працаваў там. 

Бачу — шмат людзей, бел-чырвона-белы сцяг на ўваходзе… Званю Анастасіі, а яна вельмі холадна адказвае мне, што яна ў камандзіроўцы недзе ў Мінскай вобласці. Пасля чаго яна проста кідае слухаўку — на тым нашае сяброўства з ёй і скончылася».

«Магчыма, яна проста прагне прызнання»

У шчырасці сённяшніх прамоў Бенедзісюк яе былы сябар вельмі сумняецца.

«Першыя паўгода пасля выбараў Анастасія ўвогуле здымала сюжэты амаль выключна пра кавід. Ніякай палітыкі. І тут — бабах! — паверыла ў тое, што ўкраінцы (да якіх яна хацела з’ехаць жыць) фашысты і нацысты, якія фарміруюць ЛГБТ-войскі? — сумна пасміхаецца Міхаіл Прановіч. — 

Некаторыя сюжэты Анастасіі выглядаюць так, нібыта іх забралі ў Азаронка і аддалі ёй. Амаль такія ж моўныя абароты, прыёмы — сама яна ніколі так не гаварыла.

Я не веру, што яна так сябе паводзіць праз грошы — якія там грошы, на тым БТ. Мяркую, што яна прагне прызнання, увагі, больш высокай пасады, можа быць».

«У Бенедзісюк вельмі крытычны склад розуму. Чаму яна робіць сёння тое, што робіць — не ведаю. Але яна дакладна бачыла, што адбывалася ў жніўні 2020, — кажа адзін з яе былых калег. — Магчыма сёння — гэта страх?»

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера