Знайсці
28.03.2022 / 17:50РусŁacБел

Старшыня АГП Мікалай Казлоў пасля выхаду на волю: З'язджаць з Беларусі не збіраюся

Мікалая Казлова асудзілі на тры месяцы арышту за разгалошванне даных па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады. 26 сакавіка палітык выйшаў на волю. Лідар АГП распавёў «Нашай Ніве», як даведаўся пра вайну ва Украіне, а таксама пра стаўленне да яго з боку адміністрацыі і планах на будучыню. Увесь тэрмін ён правёў у адзіночнай камеры.

Знаходзіўся ў поўнай ізаляцыі

Пакаранне Казлоў адбываў у СІЗА-6 у Баранавічах.

Мікалай адзначае, што на працягу трох месяцаў быў практычна ў поўнай ізаляцыі. Як былы супрацоўнік міліцыі, увесь тэрмін ён правёў у адзіночнай камеры.

«Адносіны з супрацоўнікамі ўстановы былі строга па статуце, за дзень яны абмяжоўваліся прыкладна пятнаццацю словамі. Можна сказаць, што знаходзіўся ў поўнай ізаляцыі. Утрыманне ў адзіночнай камеры само па сабе даволі пакутлівае.

А яшчэ ў дадатак крыўдна, калі разумееш, што сядзіш не за злачынства, а за перакананні».

Каб не страціць практыку вусных зносін, Мікалай чытаў кнігі ўслых.

На другі дзень яго паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці.

«Пасля гэтага пры кожнай праверцы мне трэба было называць не толькі свае даныя і артыкул, але і дадаваць інфармацыю аб маіх «схільнасцях». Таблічка з адпаведнай інфармацыяй таксама з'явілася на маім ложку.

Яны паставілі мяне на прафілактычны ўлік нібыта з-за маіх папярэдніх адміністрацыйных парушэнняў. Я з такім рашэннем не згодны. Тым больш, што яны не мелі ніякага дачынення да экстрэмісцкай дзейнасці. Я лічу, што тым самым былі істотна парушаныя мае правы. Цяпер буду раіцца з адвакатам, што рабіць, ёсць намер абскардзіць гэтае рашэнне. Яны вельмі вольна абыходзяцца з гэтымі пастаноўкамі і прафілактычнымі ўлікамі». 

Палітык прызнаецца, што пісаў скаргі, з патрабаваннем, каб яму выдалі дакументы, на падставе якіх ён у наступным зможа звярнуцца ў суд, каб аспрэчыць такое рашэнне.

У цэлым, па словах Мікалая Казлова, стаўленне да яго з боку адміністрацыі было ветлівае, а ў некаторых выпадках нават паважлівае.

«Збольшага прытрымліваліся закона. Перадачу атрымаў. Лісты ад сваякоў прыходзілі без праблем. У той час як ад іншых людзей многія лісты і тэлеграмы не заўсёды даходзілі да адрасата. Па маіх падліках, «згубілася» не менш за 20-30 лістоў.

Толькі праз тыдзень даведаўся пра вайну

«Нягледзячы на тое, што з 6 раніцы і да 10 вечара ў нас там гучна грала радыё, пра вайну Расіі супраць Украіны я даведаўся ад свайго адваката, было гэта недзе праз тыдзень пасля яе пачатку. З таго, што чуў па радыё, разумеў, што там адбываецца нейкі канфлікт, аднак было незразумела, што там на самой справе і ў якіх маштабах», — згадвае палітык.

Мікалай Казлоў мяркуе, што супрацоўнікам установы нават у асабістых размовах забаронена абмяркоўваць тэму вайны.

«Я ніколі не чуў, размовы пра гэта. Магчыма, гэтая тэма пад забаронай. Я проста не разумею, як жывы чалавек можа не абмяркоўваць рэчы такога маштабу», — разважае палітык.

Гаворачы аб планах на будучыню, Мікалай Казлоў кажа, што з’язджаць з Беларусі не збіраецца.

«Буду заставацца на радзіме, сыходзіць з палітыкі таксама не збіраюся, буду рабіць тое, што і рабіў раней».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера