Знайсці
23.02.2022 / 21:09РусŁacБел

Чаму ў сабак бываюць вочы рознага колеру

Самыя папулярныя колеры вачэй у сабак — кары і мядовы. У некаторых парод таксама можна пабачыць блакітныя вочы. Але бывае і так, што адно вока ў сабакі карае, а другое — блакітнае.

Аляскінскі маламут з гетэрахраміяй вачэй. Фота: depositphotos.com.

Такую з’яву называюць гетэрахраміяй вачэй, і яна не заўсёды прадстаўленая спалучэннем менавіта карага і блакітнага колераў — хаця яно і сустракаецца ў сабак з гетэрахраміяй часцей за ўсё. Розніца ў колерах паходзіць ад таго, што ў вачах такіх сабак ёсць розная колькасць меланацытаў. Гэта клеткі, якія вырабляюць меланін — пігмент, адказны за колер не толькі вачэй, але і скуры, поўсці і кіпцюроў.

Часцей за ўсё гетэрахрамія перадаецца ў сабак генетычна, хаця яна можа развіцца і ў выніку хваробы, што выклікала пашкоджанне вока, ці ў выніку прыёму некаторых лекаў.

У асноўным гетэрахрамію назіраюць у сабак паўночных парод, напрыклад, у сібірскіх хаскі ці аляскінскіх маламутаў. Але яна бывае і ў сабак іншых парод са скурай у крапінку ці ў плямы. Тым не менш, ёсць пароды, у якіх гетэрахрамія лічыцца дэфектам.

Генетычная гетэрахрамія рэдка выклікае праблемы са здароўем у сабак. Але, калі радужка блакітная, у ёй можа не хапаць абароннага пігмента. Гэта зробіць вока трохі больш ўразлівым перад шкоднай ультрафіялетавай радыяцыяй і, адпаведна, павысіць рызыку раку вока ў сабакі.

Таксама наяўнасць у сабакі аднаго блакітнага вока можа быць звязанай з глухатой на адно вуха. Меланін у сабак удзельнічае ў фарміраванні вушэй, таму, калі яго не хапае, гэта можа выклікаць частковую глухату. Таму варта праверыць слых шчанюкоў з гетэрахраміяй і перыядычна вадзіць такіх сабак на праверку зроку.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера