Знайсці
07.02.2022 / 08:00РусŁacБел

«Сукенку нахабна стырылі пад чэснае слова афіцэра». Як цяпер жыве БЧБ-нявеста

Мінчанку Іну Зайцаву многія запомнілі па пратэстах — на маршы яна выходзіла ў пышнай вясельнай сукенцы з чырвонай паласой. Гэта быў яе сцяг, які немагчыма забраць. У канцы 2020-га Іна з'ехала ва Украіну. У інтэрв'ю «Нашай Ніве» яна расказала, як жыве ў вёсцы і пра што шкадуе.

«Муж быў аптымістам: калі такіх, як ты, будуць затрымліваць, то гэта ўжо Оруэл»

Іна з мінскага мікрараёна Сокал. Падчас пратэстаў на іх доме красаваўся надпіс «Я/МЫ97%» і бел-чырвона-белы сцяг. Жанчына кажа, што многія з актыўных суседзяў, як і яна, з’ехалі. Але хапае і тых, хто застаецца. 

«Яны хочуць пабачыць сваімі вачыма тое, што здарыцца з уладай. Аднаго з нашых назіральнікаў нядаўна прызналі палітвязнем.

Прытым што ён не быў асабліва актыўным пасля выбарчай кампаніі, займаў асцярожную пазіцыю — і ўсё адно гэта яго не зберагло. Яго забралі з дома, нешта знайшлі ў тэлефоне і выставілі абвінавачанне ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Дома атмасфера дэпрэсіі і страху. Мае сяброўкі-актывісткі дрэнна спяць уначы. Яны слухаюць машыны, якія спыняюцца ў іх пад домам. Размовы ў нас атрымліваюцца невясёлымі», — прызнаецца Іна.

Іна была незалежным назіральнікам на выбарах

На ёй самой было дзевяць пратаколаў і штрафаў на 2,5 тысячы даляраў (сплаціць іх дапамаглі фонды). Іна прапусціла толькі адзін марш, на Курапаты, — напярэдадні яе затрымалі ў Гродна, куды яна паехала падтрымаць работнікаў «Гродна Азот». Вясельную сукенку пасля таго затрымання жанчыне так і не вярнулі.

«Нагла стырылі пад чэснае слова афіцэра, — усміхаецца і расказвае, як было: — Начальнік ІЧУ прыйшоў да мяне ў камеру з калегамі і сказаў, што ім трэба сфатаграфаваць сукенку і пасля яе аддадуць. А я была не ў ёй — толькі ў легінсах і куртцы на голае цела. Яны падлавілі момант, калі я сукенку зняла і паклала пад шконку. 

Тры мужыкі стаяць перад табой і просяць: «Калі ласка». Кажу: дайце мне слова афіцэра, што вы яе вернеце. «Так, даем слова». І ўсё, больш сукенку я не бачыла. Суд далучыў яе да матэрыялаў адміністрацыйнай справы. Наколькі я даведалася, яна павінна год захоўвацца, пасля рэчы знішчаюць.

Адразу як выйшла з ІЧУ, я купіла сабе наступную сукенку. Знайшла на рынку б/у, падобную па сілуэце».

Апошняя размова з міліцыяй у Іны была ў снежні 2020-га.

«Патэлефанаў следчы: «У нас была нарада ў РУУС, прысвечаная выключна вашай сям’і. Вы не супакойваецеся, і начальнік сказаў, што хопіць шкадаваць. Вам трэба экстрана зняць сцяг з дома і каб вас не чутно было, бо дабром не скончыцца». 

У мяне тады дзіцёнку малодшаму яшчэ не было трох год. Мне ў кашмарах снілася, што яго кудысьці чужыя людзі забяруць. Я завяла з мужам размову на тэму, што трэба з’ехаць. Муж быў аптымістам. Ён лічыў, што калі такіх, як я, будуць затрымліваць, то гэта ўжо Оруэл. «Ты кіпішуеш», — казаў ён.

На наступны дзень нас з мужам запрасілі ў РУУС — пісаць тлумачальную наконт сцяга на доме. На ўсякі выпадак сабралі з сабой універсальны пакет з рэчамі і невялікім пайком. Мы не прызнаваліся, хто сцяг павесіў. Тады намеснік начальніка РУУС сказаў: мужа на Акрэсціна, афармляем.

Разам з мужам Андрэем

Супрацоўнікі стушаваліся. Дагэтуль яны ж самі казалі, што паколькі ў мяне дом прыватны, то сцяг на ім — гэта законна. Яны наогул ставіліся да мяне нібыта па-сяброўску: гэта не мы, гэта форма, мы проста выконваем загад. 

Муж мяне абняў і на вуха сказаў: «З’язджайце, я буду сядзець спакойна, ведаць, што вам не пагражаюць». Я чатыры дні збірала рэчы. Разумела, што мяне могуць праслухоўваць, таму ўсім, хто тэлефанаваў, гучна казала: я збіраюся ехаць ва Украіну, і не дай бог на мяжы штосьці здарыцца, сукенка ім кветачкамі падасца. 

Да мяжы мяне суправаджаў тата на другой машыне, каб на выпадак затрымання забраць дзяцей».

Мужу тады далі 13 сутак. Праз месяц ён прыехаў да сям’і. Паўгода ездзіў туды-назад, бо працаваў у Беларусі. А потым стала страшна вяртацца, бо рэпрэсіі не сканчаліся, і ён застаўся ва Украіне.

«Вырашылі купіць старэнькі домік і яго рэстаўраваць»

Цяпер сям’я жыве ў сяле за 70 кіламетраў ад Кіева.

«Мы палічылі, што невядома, калі мы вернемся, а адсутнасць цвёрдай глебы пад нагамі для сям’і з дзецьмі — гэта складана. Сёння ў цябе ёсць грошы здымаць кватэру, а заўтра не, і што ты будзеш рабіць у чужой краіне? Таму мы вырашылі купіць старэнькі домік і яго рэстаўраваць», — дзеліцца Іна.

Так яны са здымнай кіеўскай кватэры пераехалі ў цагляны дом на 80 «квадратаў». 

Падлічылі, што ўклалі ў яго рамонт больш, чым аддалі за пакупку. Але ўсё адно выгадна, бо дом па вяртанні ў Беларусь можна будзе прадаць. Разабраліся з камунікацыямі, зрабілі адзін пакой, сканчваюць рамонт санвузла і кухні. На ўчастку Іна пасадзіла сакуры і магноліі.

Муж яе працуе менеджарам дыстанцыйна, таму ў горад ездзіць штодзень не трэба.

Жыццём у сяле Іна задаволена. Яе дзеці ходзяць там у школу і садок.

«У школе 70 вучняў, у кожным класе праектар стаіць, сучасныя камп’ютары. Цяпер тыдзень дыстанцыёнкі, усе працуюць па зуме. Садок у суседнім сяле за тры кіламетры. Не горш чым той, што быў у нас у Сокале. Нядаўна там увялі змены па харчаванні. Кампоты, чаі робяць без цукру, прыбралі батон, толькі злакавы хлеб пакінулі. Амаль прыбралі соль, затое дадаюць у стравы прыправы. Няма свініны ў дзіцячым меню, толькі курыца, ялавічына і рыба. 

Ва Украіне развіты прыватны бізнэс, таму ў нашым сяле на тысячу жыхароў тры крамы, у тым ліку будаўнічая. А ў суседнім сяле ёсць кавярні. Калі чагосьці не хапае, можна заказаць па пошце.

Тут яшчэ была медыцынская рэформа. Пяць сёлаў аб’яднаныя ў акругу, у кожным ёсць амбулаторыя са сваёй спецыялізацыяй. У нашым сяле — гінекалогія, ёсць апарат УГД. У суседнім — стаматалогія, у трэцім — хірургія».

Іна вядзе сталярскі блог, які пачала яшчэ ў Мінску. 

«Дэкрэт і не такое з жынчынамі робіць! — смяецца Іна, якая раней ніяк не была звязана са сталяркай (да нараджэння дзіця яна мела ІП па здачы кватэр пасуткава, а па адукацыі — менеджар кіравання персаналам і псіхолаг сямейных адносін). —

Калі жанчына падчас дэкрэту бярэ ў рукі лобзік, гэта тэрапія.

Для дзейнага чалавека дэкрэт — істотнае звужэнне ўласнага свету. Раптам у нейкі момант застаюцца толькі пялюшкі і пастаяннае шумавое ўздзеянне. І для мяне спосабам сысці ад гэтага было заняцца дрэваапрацоўкай. У нас тады якраз рамонт скончыўся, мне патрэбна была куча рэчаў з дрэва, а цэны на іх высокія.

І ў той жа час сам працэс: ты надзяваеш шумазасцерагальныя навушнікі і чуеш толькі гук аддаленай пілы ці шліфмашынкі. І ніхто не крычыць «мама». Гэта ж чысты кайф. А для мужа гэта важкі аргумент: жонка занятая, канечне, я пасяджу з дзецьмі».

«Я не ў эпіцэнтры, але кожны дзень памятаю, што дома ідзе вайна»

Яе жыццё з пераездам не моцна змянілася, заўважае Іна. Яна па-ранейшаму займаецца любімай справай — паляпшае прастору вакол сябе, дзяліцца ў блогу, як гэта зрабіць хутчэй і танней, і на гэтым зарабляе.

«Адзінае, што немагчыма запоўніць, — адчуванне Радзімы, справядлівасці і блізкіх людзей побач», — кажа Іна.

Гераіня прызнаецца, што год піла антыдэпрэсанты і працавала з псіхолагам. 

«Я думала, што сталінскія рэпрэсіі немагчыма паўтарыць: людзі ж ужо іншыя, больш адукаваныя, тэхналагічныя. Для мяне гэтая страшная казка ажыла, і ўсвядоміць сябе ў ёй было складана. Як жыць у гэтым новым свеце? Пошук адказаў заняў у мяне паўтара года.

Проста жыць далей у мяне не атрымлівалася. Рэпрэсіі адбываюцца проста цяпер, як я магу радавацца? Гэта ў мяне выклікала жудаснае ўнутранае супярэчанне.

Адказ я знайшла ў ваенных кнігах. На частцы тэрыторыі Савецкага Саюза не было прамых ваенных дзеянняў, але людзі там чатыры гады жылі ў стане, што недзе ідзе вайна, эмацыйна былі ўцягнуты.

Словазлучэнне, якое выцягнула мяне, патлумачыла, як жыць далей, — гэта «ідзе вайна». Кожную раніцу я прачынаюся з гэтым адчуваннем. Я не ў эпіцэнтры, але кожны дзень памятаю пра гэта.

Чытаю навіны як зводку з фронту, без траўматызму, як было раней. І ведаю, што прыйдзе момант, калі мне з хатняй гаспадыні давядзецца пераўтварыцца ў актыўнага чалавека. Бо я не перагарнула старонку».

З вясны Іна не надзявала сваю бчб-сукенку. На маршы ў Кіеве яна ўжо не ходзіць. Кажа, гэта стала занадта цяжка псіхалагічна. Для яе час кветак скончыўся.

«Я радыкалізавалася. Лічу, што наш шлях да волі ляжыць праз большыя ахвяры, чым нам хацелася б.

Я з тых, хто вельмі баіцца гвалту, смерці. Але шкадую, што на момант тых падзей у беларусаў зубы яшчэ не адраслі.

Наш код выжывання — цярпі, маўчы, галавы не падымай. І гэта абгрунтавана многімі рэчамі. Мне вельмі шкада паламаныя лёсы, маці, якія сядзяць і чые дзеці растуць без іх. Гэта цана нашай бяззубасці. Хаця ў той момант не магло быць інакш. Не было ў нас тады ваяроў. Але магчыма, мы перарадзімся».

Чытайце яшчэ: 

«Прайшліся за ручку па калідоры дзесяць метраў — гэта цуд проста!» Неверагодная гісторыя кахання Яны і Валера Арабейкі, якія ажаніліся ў калоніі

«Міліцыянт сказаў, што нашу сям’ю і так занадта доўга шкадавалі». Бчб-нявеста Іна Зайцава пра ад'езд ва Украіну

Nashaniva.com, фоты з інстаграма гераіні

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930