Знайсці
26.01.2022 / 13:50РусŁacБел

«Выглядае феерычна, але гэта рэдкае супадзенне фактараў». Спецыялісты тлумачаць, чаму ў Мінску сталі масава іскрыць тралейбусныя правады

Учора, 25 студзеня, перабоі ў руху мінскіх тралейбусаў суправаджаліся светлавымі эфектамі: кантактная сетка іскрылася на вачах пасажыраў, якія чакалі грамадскі транспарт. Сёння «Мінсктранс» зноў паведамляе аб праблемах. Аднак спецыялісты абвяргаюць чуткі, што справа выключна ў стане правадоў. Па іх словах, адбылося супадзенне некалькіх фактараў, і не апошнюю ролю адыграла надвор’е.

Днём у аўторак незвычайную з’яву заўважылі ў мікрараёне Уручча. Каля развязкі праспект Незалежнасці — вуліца Русіянава іскрыліся тралейбусныя правады. Пазней «Мінсктранс» пацвердзіў, што з-за адключэння напружання спыніўся рух тралейбусаў па чатырох маршрутах.

Адным выпадкам справа не абмяжавалася. Праз некалькі гадзінаў іскрэнне таксама адбывалася на праспекце Дзяржынскага, каля медуніверсітэта. У інтэрнэце ўжо паспелі з’явіцца мэмы з нагоды рэакцыі пасажыраў, якіх, здавалася, нічога не збянтэжыла — яны працягвалі чакаць транспарт.

У зводцы МНС за 25 студзеня — сем запісаў аб «загаранні спражачнага ізалятара кантактнай сеткі тралейбусаў», аднак тры з іх тычацца аднаго адраса — пр. Незалежнасці 177 (відаць, там іскрыла неаднойчы). Астатнія выпадкі зафіксаваныя на пр. Пераможцаў, пр. Дзяржынскага і вул. Ясеніна.

«З-за прабою ізаляцыі на спецчастках кантактнай сеткі здараецца кароткае замыканне. Гэта з’яўляецца вынікам асядання пароў солі з-за багатага пасыпання праезнай частки рэагентам», — пракаментаваў сітуацыю дырэктар філіяла службы энергагаспадаркі «Мінсктранса» Віктар Дамарад.

Аднак гэтае тлумачэнне не задавольніла пасажыраў грамадскага транспарту. З’явілася інфармацыя, што справа ў дрэнным стане кантактнай сеткі, якая «літаральна развальваецца».

«Наша Ніва» звярнулася да спецыялістаў: з аднаго боку не верыцца, што інфраструктура стала раптоўна развальвацца, з другога, сціплы каментарый адказнага чыноўніка выклікае не менш пытанняў.

«Наколькі я ведаю, стану кантактнай сеткі тралейбусаў у Мінску надаецца шмат увагі, — расказаў нам спецыяліст, знаёмы з сітуацыяй. — Існуюць схемы замены, кожны квартал кіраўніцтва Мінгарвыканкама выслухвае справаздачу аб стане і зносе правадоў. Праца вядзецца рэгулярна. Маніторынг таксама. Сетка — гэта жывы арганізм, які патрабуе пастаяннага кантролю. Я не веру, што алгарытмы раптам змяніліся». 

Наш суразмоўца звярнуў увагу на спецыфічнае надвор’е, якое ўсталявалася ў Мінску ўчора: «Было вельмі вільготна, туман, у паветры назіралася завісь. Калі кропелькі траплялі на халодную паверхню, то з’яўляўся слой не тое інею, не тое снегу. Гэта магло паўплываць на стан кантактнай сеткі ў крытычных месцах. Звярніце ўвагу, што за некалькі гадзінаў было зафіксавана адразу некалькі выпадкаў, што цяжка лічыць супадзеннем. Калі б ішла гаворка аб хранічна дрэнным стане правадоў, то здарэнні былі б разнесеныя ў часе».

Другі спецыяліст таксама зрабіў акцэнт на надвор’і: «Ва ўмовах высокай вільготнасці можна ўзнікаць каронны разрад. Справа ў энергетыцы звычайная, ёсць нават методыкі, што ўлічваюць такія страты на высакавольтных лініях электраперадачы. Цяпер жа гэта назіралася ў больш бытавых абставінах».

«Зафіксаванае на відэа іскрэнне выглядае феерычна і небяспечна для пасажыраў, — дадаў суразмоўца. — Аднак на самой справе, рызыкі не было. Вы ж не пужаецеся, калі бачыце электрычную дугу, што ўзнікае пры зварцы?»

Таксама не трэба забывацца, што мінская тралейбусная сетка адна з самых працяглых у свеце (даўжэй толькі ў Санкт-Пецярбургу) і складае амаль што 500 км. То-бок выпадкі іскрэння больш верагодныя менавіта ў Мінску проста з-за аб'ёму інфраструктуры.

Рашэнне аб чарговай «будоўлі стагоддзя» нярэдка носіць палітычны, а не практычны характар. Чаму абвал пуцеправода на Нямізе быў непазбежным

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930