Знайсці
25.01.2022 / 21:54РусŁacБел

Выканаўца — не вінаваты? Кат не нясе адказнасці за адсечаныя галовы?

Кніга Эмануіла Іофе «Лаврентий Цанава. Его называли «белорусский Берия»», прызнацца, мяне здзівіла і абурыла. Найперш аўтарскімі характарыстыкамі героя кнігі, піша ў Фэйсбуку пісьменнік і журналіст Міхась Скобла.

Цанава ў вачах Іофе —

«талантливый аналитик, храбрый и очень коммуникабельный человек… он хорошо разбирался в экономических, политических, хозяйственных и идеологических вопросах… громя врагов революции, он действовал решительно и отважно… ему было присуще чувство справедливости, он был неравнодушен и смел в борьбе с несправедливыми решениями… Лаврентий Фомич особенно боролся со сквернословием и нецензурщиной среди работников НКВД республики… ненавидел клеветников, мошенников и обманщиков… был хорошим семьянином и заботливым дедушкой…»

Падобных выразаў з названай кнігі можна было б навыграбаць і больш. Але спынюся. Калі б апостал Пятро атрымаў на Цанаву такі суправаджальны ліст, то без роздумаў прапусціў бы яго ў рай.

Аўтар кнігі даводзіць, што пік рэпрэсій у Беларусі прыпаў на дацанаваўскі час, калі тут карныя органы ўзначальвалі Берман і Наседкін. Іх «разоблачили» і расстралялі, а рэпрэсіі, маўляў, пайшлі на спад.

Вядома ж, усё спазнаецца ў параўнанні, але нялішне будзе нагадаць і пра грахі Цанавы, якіх дастаткова, каб расставіць усе кропкі над «ï».

Гэта пры Цанаве і з яго санкцыі былі знішчаныя акадэмік АН БССР Іван Замоцін, адзін з аўтараў Акта 25 Сакавіка і прэм’ер-міністр БНР Антон Луцкевіч, ксёндз Адам Станкевіч, выдавец «Нашай Нівы» Аляксандр Уласаў, паэт і аўтар песні-гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Макар Краўцоў.

Гэта пры Цанаве і з яго ведама ў мінскай вязніцы катавалі да страты свядомасці аднаго з найлепшых беларускіх празаікаў Кузьму Чорнага (яго заўчасная смерць у 1944-м — вынік тых катаванняў).

Гэта Цанава за забойства народнага артыста СССР Саламона Міхоэлса атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга, прапанаваўшы да паслуг выканаўцаў спецаперацыі ўласны дом пад Мінскам.

Гэта ў галаве Цанавы ўзнікла «нацдэмаўская арганізацыя», у якую «талантливый аналитик» уключыў Янку Купалу, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Міхася Лынькова, Петруся Броўку, Пятра Глебку. І свайму непасрэднаму начальніку і апекуну Берыі ў канцы 1938-га паведамляў: «Центральными фигурами националистической фашистской организации в Белорусии в настоящее время являются Колас и Купала».

Гэта Цанава ў 1939 годзе ў спецвагоне ездзіў па далучанай Заходняй Беларусі, вышукваў нелаяльных да савецкай улады і вырашаў без усякіх судоў, каго да вышэйшай меры, каго на высылку; беларусы тады перажылі ажно чатыры хвалі дэпартацый.

Гэта Цанава толькі за першы год працы ў Беларусі выявіў і арыштаваў (з дапамогай сваіх падначаленых) ажно 27 000 «палітычна ненадзейных»; колькі з іх вярнулася дамоў — невядома.

Гэта пры Цанаве тыя, хто вярнуўся з турмаў і высылак, пайшлі туды ж па другім крузе — Сяргей Грахоўскі, Барыс Мікуліч, Станіслаў Шушкевіч, Рыгор Бярозкін.

Гэта па прамым распараджэнні Цанавы быў у 1951-м арыштаваны і асуджаны міністр асветы БССР Платон Саевіч — толькі за тое, што адмовіўся рэдагаваць кнігу «Всенародная партизанская война в Белоруссиии против фашистских захватчиков», аўтарам якой значыўся галоўны беларускі чэкіст.

Гэта Цанава ў 1949-м асабіста дапытваў Ларысу Геніюш і, пырскаючы слінай, патрабаваў аддаць архівы БНР…

Дарэчы, Э. Іофе сцвярджае, быццам Геніюш была арыштаваная ў Празе. Насамрэч у невялікім гарадку Вімперк — прыкладна ў 140 км ад сталіцы Чэхіі. Памыляецца гісторык і тады, калі піша, што Геніюш да канца сваіх дзён заставалася грамадзянкай Чэхаславакіі — чэхаславацкага пашпарта яна была пазбаўленая неўзабаве пасля арышту і з тае пары заставалася асобай без грамадзянства.

Але вернемся да галоўнага героя кнігі. І на сямі валовых скурах не спішаш усіх «заслугаў» Цанавы. Дзіўна, але, ведаючы пра іх, Э. Іофе піша: «Когда мне на глаза попадается фраза, что «Цанава — организатор массовых репрессий в Белоруссии», то задумываюсь и задаю себе вопрос: «А так ли это было? Ведь очень часто Лаврентий Фомич выполнял установки Москвы…»

Атрымліваецца, выканаўца — не вінаваты? Кат не нясе адказнасці за адсечаныя галовы? І кату можна прысвяціць хваласпеўную кнігу, у канцы якой нават выказаць сваё бачанне помніка гэтаму самаму кату.

Свой помнік Цанаву гісторык Іофе ўжо паставіў. Разам з выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне», адным з заснавальнікаў якога з’яўляецца Міністэрства адукацыі. Вось так цяпер нас спрабуюць адукаваць і выхаваць…

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930