Знайсці
25.01.2022 / 11:05РусŁacБел

«Разам спяваем «Купалінку». Зорка беларускай оперы Ілля Сільчукоў пераехаў у ЗША і скарае амерыканскую публіку

Вядомы оперны спявак Ілля Сільчукоў дэбютуе ў Паўночнай Амерыцы. Ён распавёў «Нашай Ніве» пра свой пераезд і беларускі праект, які збірае ў ЗША поўныя залы.

Фота: Радыё «Унэт»

Пасля яго звальнення з Опернага тэатра (гэта было ў кастрычніку 2020-га) Іллю Сільчукова нельга было ўбачыць на беларускай сцэне. Але ён з поспехам выступаў у іншых краінах Еўропы.

«У нас рэпертуарны тэатр, дзе працуе сталая трупа. У Еўропе ж больш ангажыментныя пастаноўкі, дзе ты мусіш быць заўсёды ў форме, праходзіць кастынгі адзін за другім, інвеставаць у іх за свой кошт. Прэм’еры ладзяцца такім чынам: два-тры тыдні рэпетыцый, некалькі спектакляў і пасля ўсе раз’язджаюцца. 

Канкурэнцыя высокая. Напрыклад, калі мы выступалі ў Францыі ў Манпелье, з Усходняй Еўропы я быў адзіным спеваком, — дзеліцца Ілля. — Астатнія — з Італіі, Канады, Аўстраліі, Германіі, Швецыі. Еўрапейская опера — гэта заўсёды салянка з ўсяго свету.

Але мінская публіка застаецца маёй роднай. Гэта як параўноваць свой дом з гасцямі».

У оперы ў французскім Манпелье. Фота: асабісты архіў

У лютым беларус упершыню выступіць на амерыканскай опернай пляцоўцы. Гэта сцэнічная версія славутай кантаты Клода Дэбюссі на біблейскі сюжэт «Блудны сын». Ставіць яе Tacoma Opera і Tacoma City Ballet. Спявак расказвае, як удалося атрымаць запрашэнне:

«Я выйграў адбор. Оперныя тэатры, калі адчыняюцца пасля кавіду ці на новы сезон, робяць абвестку аб наборы, і салісты самі ці праз агенцтва звяртаюцца да тэатраў. Тут праслухоўванні ладзіліся тры дні — пасля кавіду вялікі попыт ў спевакоў, усе засумавалі па сцэне. Было шмат прэтэндэнтаў». 

У ЗША Ілля з восені. Тут даўно жывуць яго бацькі, але спявак спыніўся ў іншым горадзе.

«Я разглядаю гэта як сталую камандзіроўку. Спыніўся я ў Бостане, бо ён бліжэйшы да Еўропы, зручна падарожнічаць — я часта лётаю ў Еўропу па працы. З Лос-Анджэлеса ці Сіэтла — гэта на шэсць гадзін болей лёту, і было б цяжка.

Цяпер стаўленне ў грамадстве супярэчнае — ці заставацца ў Беларусі і быць пад штодзённым наглядам і стрэсам, ці з’язджаць і пакутаваць без роднай зямлі, сяброў. Я асабіста зрабіў выбар, што трэба ехаць. Веру, што гэта не назаўсёды, што станоўчыя змены ў нашым грамадстве адбудуцца.

Мне і цяпер хочацца, каб беларусы, як кажа класік, займелі годны пасаг між народамі. Каб мы шанавалі сваё, склаліся як нацыя, са сваёй уласнай культурай, нацыянальна скіраваным светапоглядам.

Я лічу сябе патрыётам сваёй радзімы. Таму не з’язджаў, пакуль была магчымасць спакойна ездзіць працаваць у Еўропе. А потым кожны раз праходзіш пашпартны кантроль, і не ўпэўнены, цябе выпусцяць ці не.

Цяжка заставацца ў Беларусі, калі ты ў блэк-лісце і не маеш ніякай магчымасці як вораг народу афішу мець. Больш за год я заставаўся ў Мінску пасля звальнення і быў у негалосным стоп-лісце, у мяне не было праектаў».

У Амерыцы спявак дае майстар-класы, а таксама ўдзельнічае ў праекце, прысвечаным нашым кампазітарам і розным эпохам — «Чатыры стагоддзі беларускай вакальнай музыкі».

«Гэта праект, які мы распачалі з Беларускай капэлай яшчэ ў 2019 годзе, ладзілі імпрэзы ў Мінску. Пасля аднавілі, бо мая сяброўка і аднадумца, музыка Таццяна Лойша тут знаходзіцца, стала супрацоўнічае з опернымі тэатрамі і музычнымі кампаніямі. 

Мы зрабілі імпрэзу гэтага праекта ў Вашынштоне — прыходзіла дыяспара, шмат амерканцаў, бразільцаў. Вялікі водгук мела.

І мы атрымалі запрашэнне з Бостана, Філадэльфіі, Сан-Францыска, Сіэтла. Поўныя залы збіраем. Разам спяваем «Зорку Венеру», «Купалінку», «Магутны Божа».

Гэта, канечне, падбадзёрвае. І я ўпэўнены, што гэта будзе мець плён, што праз усе нашы слёзы заззяе сонца».

Зорка беларускай Оперы Ілля Сільчукоў запісаў «Магутны Божа» ВІДЭА

«Сумленне даражэйшае» — Ілля Сільчукоў пра звальненне з Вялікага тэатра за «амаральны ўчынак»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера