Энтані Блінкен: Перасячэнне мяжы Украіны любымі расійскімі ўзброенымі сіламі будзе лічыцца ўварваннем
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен пасля сённяшняй сустрэчы з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым у Жэневе перасцярог Расію ад далейшай эскалацыі ва Украіне, піша Deutsche Welle.
Энтані Блінкен і Сяргей Лаўроў падчас сустрэчы ў Жэневе 21 студзеня 2022 года.
«Мы выразна далі зразумець, што перасячэнне мяжы Украіны любымі расійскімі ўзброенымі сіламі будзе лічыцца ўварваннем, і на гэта будзе хуткі, жорсткі і ўзгоднены адказ з боку ЗША, а таксама нашых партнёраў і саюзнікаў»,
— заявіў на прэс-канферэнцыі ў Жэневе 21 студзеня дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Прэс-канферэнцыя праводзілася па выніках сённяшніх перамоў з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.
«Я перадаў Лаўрову пазіцыю Злучаных Штатаў і нашых еўрапейскіх хаўруснікаў і партнёраў — мы рашуча падтрымліваем Украіну, яе суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць»,
— паведаміў Блінкен.
Размову з Лаўровым кіраўнік Дзярждэпартамента назваў «адкрытай і грунтоўнай», дадаўшы, што ЗША пагадзіліся на наступным тыдні прадставіць пісьмовыя адказы на патрабаванні Расіі ў дачыненні да Украіны і НАТА.
«Мы разлічваем, што зможам падзяліцца з Расіяй нашымі засцярогамі і ідэямі больш дэталёва ў пісьмовым выглядзе на наступным тыдні», — сказаў Блінкен, дадаўшы, што ЗША «пагадзіліся на далейшыя перамовы пасля гэтага».