Знайсці
21.01.2022 / 19:55РусŁacБел

Магілёўца абурыла, што мясцовая прэса называла яго злачынцам да суда. І сам пайшоў у суд шукаць праўды

Даволі незвычайную справу аб абароне гонару і годнасці напрыканцы мінулага года разгледзеў суд Ленінскага раёна Магілёва.

 У лютым-сакавіку 2017 года адразу восем раённых газет апублікавалі арыенціроўкі на чалавека, супраць якога была заведзеная крымінальная справа. Інфармацыю для арыенціроўкі даў Ленінскі РАУС Магілёва, і ў ёй пісалася: «Ленінскім РАУС Магілёва за ўчыненне цяжкага злачынства адшукваецца злачынца, які схаваўся…». Але судом гэты чалавек асуджаны не быў, прэзумпцыі ж невінаватасці ніхто не адмяняў.

Таму мужчына падаў пазоў у суд на рэдакцыі мясцовых газет і Ленінскі РАУС Магілёва, патрабуючы, каб яны абверглі раней апублікаваныя звесткі. 

Справу суд разглядаў у лістападзе 2021-га. Сам пазоўнік на працэсе не прысутнічаў, бо знаходзіцца па-за межамі Беларусі з 2016 года. Ягоныя інтарэсы прадстаўляў адвакат.

Пазоўнік лічыў, што абвінаваўчы прысуд па яго справе не выносіўся, таму віна не даказаная. А значыць, сцвярджаць, што ён «злачынца, які схаваўся», неправамерна і незаконна. Таму адказчыкі мусяць абвергнуць звесткі, якія зневажаюць ягоны гонар і годнасць, апублікаваўшы ў тых жа выданнях адпаведныя матэрыялы.

Прадстаўнік адказчыка растлумачыў яго пазіцыю. Маўляў, на час выдання гэтай арыенціроўкі ў дачыненні да пазоўніка была ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 3 артыкула 209 КК (махлярства, здзейсненае ў буйным памеры). 23 студзеня 2017 года вынесена пастанова аб затрыманні падазраванага. Але паколькі знайсці яго не ўдалося, то мужчыну абвясцілі ў вышук, тым больш што 1 лютага ў дачыненні да яго вынеслі пастанову аб ужыванні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Са слоў прадстаўніка адказчыка, у 2017-м арыенціроўку на мужчыну размясцілі не для таго, каб кагосьці зганьбаваць, а каб знайсці чалавека. Да таго ж азначэння тэрміна «злачынца, які шукаецца за здзяйсненне цяжкога злачынства і схаваўся», у кодэксах няма, і таму так можна нібыта называць і асоб, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынства. А пра факт асуджанасці ці не асуджанасці прысудам суда ў аб'явах нічога не казалася.

Выслухаўшы бакі, суд адмовіў пазоўніку ў просьбе аб аспрэчанні. Мужчына падаваў апеляцыю ў Магілёўскі абласны суд, але станоўчага для яго выніку гэта не дало.

У 2017-м мужчыну шукалі па лініі Інтэрпола і вызначылі, дзе ён знаходзіцца. Генпракуратура прасіла выдаць яго, але падчас разгляду вышэйпераказанай справы гэтага яшче не адбылося. Праўда, у ліпені 2021-га магілёўца затрымалі за мяжой, але адпусцілі пад абавязак яўкі ў выпадку неабходнасці.

Чытайце таксама:

Бязвінна зняволены жыхар Шаркаўшчыны адсудзіў у дзяржавы больш за 16 тысяч рублёў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера