Знайсці
21.01.2022 / 17:26РусŁacБел

11 год калоніі за 10 грамаў марыхуаны. У Беларусі чацвёрты год не могуць разабрацца з наркатычнай справай

Вярхоўны суд апублікаваў вытрымкі з дакументаў па крымінальнай справе, звязанай з наркотыкамі. Разбіральніцтва вядзецца ўжо чатыры гады, увесь гэты час два фігуранты знаходзяцца ў зняволенні. Прычынай затрымання сталі амаль 10 грамаў марыхуаны. Спачатку аднаму з абвінавачаных далі за гэта 11 год калоніі, другому — сем. Але з таго часу працягваюцца бясконцыя абскарджванні — і справу накіравалі на новы разгляд. Гэта даволі паказальная гісторыя, як у Беларусі змагаюцца з распаўсюджваннем наркотыкаў.

Усё пачалося на пачатку 2017 года. У першага фігуранта дома знайшлі дзве дозы марыхуаны вагой 0,71 грама і 9,33 грама.

Першую дозу, як указана ў матэрыялах справы, ён набыў для сябе. Другую ж дозу 16 студзеня 2017 года збыў другому фігуранту. Той патрымаў у сябе наркотык адзін дзень, і 17-га таксама стаў падазраваным па крымінальнай справе. 

Дзеянні першага мужчыны следчыя кваліфікавалі па ч. 1 арт. 328 КК (захоўванне наркотыка без мэты збыту) і ч. 3 арт. 328 КК (распаўсюджванне наркотыка асобай, якая ўжо здзейсніла злачынства па арт. 328 КК — захоўванне для сябе 0,71 грама марыхуаны).

Дзеянні другога мужчыны кваліфікавалі па ч. 2 арт. 328 КК (незаконнае набыццё і захоўванне наркотыку з мэтай збыту).

12 мая 2017 года першы фігурант атрымаў 11 год пазбаўлення свабоды, другі — 7 год. Пры гэтым ні следства, ні суд не ведаюць, дзе першы фігурант купіў наркотык, пры якіх абставінах усё адбывалася, сам мужчына адмаўляў сваю віну. 

Прайшло два гады, і ў 2019 годзе суд скараціў тэрміны для асуджаных: першаму — да 9 год зняволення, другому — да 5 год. Але на гэтым разбіральніцтва не скончылася.

Яшчэ праз два гады справа дайшла ўжо да Вярхоўнага суда, дзе намеснік старшыні вынес пратэст. Высветлілася, што ў аснове прысуда ляжаць матэрыялы, паводле якіх першы фігурант здзейсніў злачынства ў стане наркатычнага ап’янення, а гэта абцяжарвае віну.

Сам фігурант і яго адвакат на судзе гэты факт адмаўлялі, мужчына казаў, што прымаў карвалол, і таму ў біялагічных матэрыялах маглі знайсці рэчва «фенабарбітал». Суд гэты аргумент праігнараваў, хаця ў матэрыялах справы ёсць адказ з Камітэта судовых экспертыз, што марыхуана не ўтрымлівае ў сваім складзе фенарбіталу, а вось у склад карвалола гэтае рэчыва акурат уваходзіць. Больш за тое, у акце агляду не ўказана прыкмет ап’янення фігуранта.

Яшчэ адзін важны момант: следчыя прад’явілі абвінавачванне першаму фігуранту па двух частках арт. 328, нібыта знойдзеная ў яго марыхуана — гэта былі дзве розныя дозы, набытыя ў розны час, што дазваляе казаць, што другая пакупка і збыт — гэта ўжо паўторнае злачыства, якое цягне адказнасць ад 8 да 15 год зняволення (ч. 3 арт. 328 КК).

Але насамрэч следству і суду не вядомыя ні час, ні месца, ні абставіны, пры якіх абвінавачаны набываў наркотык, таму немагчыма сцвярджаць, што гэта было паўторнае, а не адзінкавае злачынства (ч. 1 арт. 328 КК прадугледжвае пакаранне да 5 год «хіміі» або ад 2 да 5 год зняволення). За захоўванне наркотыкаў без мэты збыту (ч. 1 арт. 328 КК), паводле звестак МУС, пазбаўленне волі прызначаюць 20% асуджаных.

У выніку Вярхоўны суд прыйшоў да высновы, што справу трэба накіраваць на новы разгляд. Увесь гэты час, чацвёрты год, ужо асуджаныя фігуранты працягваюць знаходзіцца за кратамі.

Па стане на 2019 год, у месцах зняволення было амаль шэсць тысяч асуджаных за распаўсюджванне наркотыкаў. Больш за дзве тысячы дадалося ў 2020-м годзе, яшчэ 881 — у першай палове 2021-га.

Апраўдаўчыя прысуды па арт. 328 КК здараюцца надзвычай рэдка, але ўсё ж бываюць. Так, у 2020 годзе суд апраўдаў жыхара Брэцкай вобласці, у яго на працы знайшлі каля 2,5 грам рэчыва, як сцвярджалася, з марыхуанай. Абвінавачаны заяўляў, што ўспрымаў гэта як смецце, экспертыза пацвердзіла, што з гэтай сумесі немагчыма выдзяліць наркотык, у выніку чалавек застаўся на свабодзе. Тады разбіральніцтва па справе расцягнулася на два гады.

Чытайце таксама: «Не было наркотыкаў! Яму проста дапамаглі памерці ў міліцыі». Сябра, які збег з краіны, распавёў пра Дзмітрыя Усхопава

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера