Знайсці
21.01.2022 / 11:35РусŁacБел

«Збіваў мяне, калі я ляжаў на падлозе і мае рукі былі ў кайданках». Доктара-неўролага асудзілі да 4 гадоў калоніі

У судзе Ленінскага раёна Гродна абвясцілі прысуд па крымінальнай справе неўролага Аляксандра Цялегі. Доктар працаваў у расійскім Нарыльску, а на радзіму прыехаў у адпачынак. 3 мая яго затрымалі ў Барысаве за каментарыі ў сацсетках і змясцілі пад варту ў гродзенскую турму. Яго дзеянні кваліфікавалі паводле трох артыкулаў КК: 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 391 (абраза суддзі). Аляксандр пакінуў 32 каментарыі ў дачыненні да чыноўнікаў і сілавікоў. Аляксандр растлумачыў на судзе, што ён валанцёрыў пад Акрэсціна падчас жнівеньскіх пратэстаў, таму яго перапаўнялі эмоцыі.

Пацярпелымі па справе прызнаныя 32 прадстаўнікі ўлады: у тым ліку оперупаўнаважаныя, участковыя, міліцэйскія начальнікі, курсанты, жонка экс-міністра Караева, камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба, памочніца пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліна Касьянчык, суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна, намеснік генпракурора Аляксей Стук.

У дачыненні да іх Цялега пакідаў негатыўныя і зняважлівыя каментарыі, паведамляюць праваабаронцы.

На працэсе Цялега прызнаў віну па артыкулах 369 і 391 Крымінальнага кодэкса. Па артыкуле 364 КК віну не прызнаў.

Аляксандр казаў, што дапамагаў валанцёрам на Акрэсціна, яго перапаўнялі эмоцыі і таму ён шмат каментаваў. Раней ён працаваў ваенным лекарам. Аляксандр выказаў меркаванне, што калі сілавікі такія «далікатныя», то іх нельга браць на службу.

Палітвязень цвёрда адмаўляе віну па эпізодах пра пагрозу гвалтам, паколькі «знаходзіўся ў трох тысячах кіламетраў ад Беларусі».

На судзе агучылі службовую характарыстыку на лекара медчасткі ў Нарыльску — яна цалкам станоўчая. У прыватнасці, у ёй гаворыцца, што ён «з'яўляўся адказным выканаўчым супрацоўнікам, выконваў патрабаванні начальства, пастаянна павышаў кваліфікацыю, праходзіў курсы перападрыхтоўкі, выконваў правілы медыцынскай этыкі, заслужыў павагу і аўтарытэт супрацоўнікаў, да дысцыплінарнай адказнасці не прыцягваўся, шкодных звычак не мае».

У першы дзень суда 7 снежня дапыталі пацярпелага — 27-гадовага намесніка камандзіра роты спецыяльнага прызначэння забеспячэння спецыяльных аперацый па ідэалагічнай працы ВЧ 3214 Уладзіміра Дзеравяшку. Цялега пакінуў каментарый пад публікацыяй з яго данымі ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі».

На судзе ён распавёў, што абразлівы каментарый яму паказалі яго падначаленыя.

«Потым я сам убачыў гэты каментарый, які ганьбіць мой гонар і годнасць. Праз каментарыі ён хацеў маральна націснуць», — казаў Дзеравяшка.

На судзе ён патрабаваў кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў. Вось як ён апісаў свае маральныя пакуты:

«Калі пост размясцілі ў «Карніках Беларусі», то гэты каментарый [Цялегі] быў не адзіны там, а адзін з. Пачаліся званкі з пагрозамі, што мы цябе знойдзем…»

Тут пракурор перапыніў яго і папрасіў казаць толькі пра каментарый абвінавачанага і распавесці, якія маральныя пакуты ён атрымаў менавіта ад яго: «Ну, хваляванні, стрэсы».

Больш ніякіх прэтэнзіяй да абвінавачанага ён не меў і папрасіў не караць яго строга. Цялега прызнаў іск, але суму знізіў да тысячы:

«Паняцце маральнай шкоды — паняцце суб'ектыўнае, таму я не магу ацаніць яго. Я не эксперт».

Астатнія пацярпелыя на суд не з'яўляліся, а завочна заяўлялі іскі аб кампенсацыі маральнай шкоды на сумы ад адной да пяці тысяч рублёў. Напрыклад, намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук патлумачыў сваю няяўку «часовай непрацаздольнасцю» і заявіў іск аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 2000 рублёў. На судзе зачыталі яго паказанні, дадзеныя падчас следства:

«У тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» былі размешчаныя асабістыя звесткі. Каментарый змяшчае абразлівыя выразы ў мой адрас, зневажае мой гонар і годнасць. Акрамя таго змяшчае нецэнзурную лаянку. Інфармацыю, якая абражае мяне як службовую асобу і чалавека. Мной сумленна і добрасумленна выконваецца службовы абавязак, пазначаны каментарый размешчаны менавіта ў сувязі з выкананнем мною майго службовага абавязку».

На судзе Аляксандр Цялега заявіў, што яго збівалі падчас затрымання.

«Па нейкай выпадковасці адзін з пацярпелых кіраваў фізічным бокам пытання майго затрымання. Не саромеючыся таго, што ў кватэры знаходзіліся мае бацькі, збіваў мяне ў той час, калі я знаходзіўся на падлозе і мае рукі былі ў кайданках. 

Адзіным, калі гэта можна так назваць, выратаваннем было з'яўленне супрацоўнікаў упраўлення ўласнай бяспекі, перад якімі ён рабіўся законапаслухмяным і строга выконваў рэгламент прымянення фізічнай сілы. Калі супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі часова адыходзілі, ён зноў карыстаўся момантам, каб зноў адыграцца за свае так званыя маральныя пакуты. 

Нават калі я папрасіў адвесці мяне ў прыбіральню ў Барысаўскім РАУС, ён не ўпусціў магчымасці скарыстацца адсутнасцю відэакамер і ззаду цішком ударыў мяне нагой у спіну».

Суд доўжыўся паўтара месяца. Пракурор Ефімовіч папрасіў суд прызнаць лекара вінаватым па ўсіх трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі.

У выніку суддзя Ганна Леўсік прызначыла 21 студзеня менавіта такое пакаранне, пра якое дзяржабвінаваўца прасіў — чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930