Знайсці
21.01.2022 / 11:10РусŁacБел

Ва Украіне загарэўся аўтобус «Экалайнс», які ехаў са Львова ў Мінск. Пасажыры распавялі, як перавозчык вырашаў праблему

Злашчасны рэйс выконваўся з 14 на 15 студзеня, але гісторыя скончылася толькі ўчора. Адна з пасажырак гэтага аўтобуса распавяла Blizko.by аб падрабязнасцях паездкі.

«Людзі абмяркоўвалі, што ў аўтобусе нешта грукае»

Беларуская мяжа, хоць і лічыцца «закрытай» на ўезд, але прыехаць у Беларусь усё ж такі можна, у тым ліку аўтобусам Львоў — Мінск за 12-13 гадзін.

Адзін з апошніх такіх рэйсаў пачаўся ў 20:35 па мінскім часе 14 студзеня. Аўтобус «Экалайнс» выехаў са Львоўскага аўтавакзала па раскладзе, у яго салоне былі 42 чалавекі, але літаральна праз некалькі гадзін шляху ўсе яны стаялі ля трасы ў Ровенскай вобласці Украіны і назіралі за тым, як гарыць транспартны сродак.

Вось што распавяла адна з пасажырак таго рэйсу, якая планавала трапіць у Беларусь на лячэнне.

— Падарожжа пачалося, як звычайна гэта бывае ў аўтобусах «Экалайнс»: чай-кава, кіно-мульцікі па тэлевізары, — кажа дзяўчына. — У нейкі момант я пачула, як іншыя пасажыры абмяркоўвалі, што ў аўтобусе «нешта грукаке». Але значэння гэтаму не надала. І ўспомніла пра гэта ў 23:40, калі ў салон аўтобуса паваліў з'едлівы дым. Мы зразумелі, што машына гарыць. Унутры аўтобуса пачалася лёгкая паніка, усе хутчэй хацелі апынуцца на вуліцы. Тым, хто выйшаў на паветра першым, натуральна, пашанцавала больш, дыму яны ўдыхнулі куды менш, чым тыя, хто выходзіў у ліку апошніх.

Усяго ў нашым аўтобусе ехалі 42 чалавекі, былі і сем'і з дзецьмі. Калі я выйшла на вуліцу, то ўбачыла, як кіроўцы тушаць аўтобус. На відэа, якое я зняла, трапіў фінал пажару — на кадрах бачны дым.

— Кіроўцы гэтага рэйсу павялі сябе вельмі годна, — працягвае распавядаць наша суразмоўца. — Яны распавядалі, што перад рэйсам правяралі спраўнасць аўтобуса. Пасля яны як маглі супакойвалі пасажыраў, адразу ж паведамілі на «гарачую лінію» «Экалайнс» і параілі зрабіць нам тое ж самае — чым больш зваротаў, тым хутчэй вырашыцца сітуацыя, казалі яны.

Людзі сталі набіраць на «гарачую лінію» «Экалайнс» ва Украіне, але там сказалі, што дапамагчы не могуць і параілі набраць іх калег з Беларусі, маўляў, гэта беларускі аўтобус, і з Мінска лепш відаць, што рабіць далей.

Спярша там вырашылі выйсці з сітуацыі вельмі проста, прапанаваўшы пераначаваць проста ў згарэлым аўтобусе. На ўсе гэтыя высвятленні сышлі прыкладна гадзіна-паўтары, і ўвесь гэты час людзі стаялі ля трасы.

Перспектыва начаваць у згарэлым аўтобусе, дзе няма электрычнасці, ацяплення і туалета, у халодную ноч нікога не вабіла.

Пасажыры сталі справядліва абурацца. Некаторыя падарожнічалі з дзецьмі. Прыкладна праз гадзіну на месца ўзгарання аўтобуса прыехалі ўкраінскія МНСнікі. Але да гэтага часу пасажыры канчаткова змерзлі і былі вымушаныя вярнуцца ў прапахлы дымам аўтобус. 

Урэшце па нас выехаў аўтобус з Мінска. Нам паабяцалі, што рэйс працягнецца прыкладна праз восем гадзін. За намі прыехалі два аўтобусы, якія развезлі да найбліжэйшых гатэляў.

— Аўтобус, які ў выніку павёз нас у гатэль, прыехаў прыкладна ў 2:30 ночы. Нам дастаўся гатэль «Візіт», куды ад месца надзвычайнага здарэння мы ехалі хвілін 40. У нумар мы засяліліся прыкладна ў 4 раніцы.

Адміністрацыя гатэля адразу папярэдзіла нас аб тым, што на спальныя месцы ў нумарах могуць разлічваць толькі тыя, у каго ёсць з сабой грошы — на карце або наяўныя. Наяўныя сродкі для засялення знайшліся ва ўсіх, пытанне было вырашанае, але асадак застаўся.

Па прыездзе ў Беларусь я атрымала смску ад перавозчыка, у якой было сказана, што нам гатовыя пакрыць выдаткі за пражыванне ў гатэлях на ўкраінскай тэрыторыі.

Учора я паехала на Бабруйскую, 21 у Мінску — у паведамленні ад перавозчыка быў пазначаны менавіта гэты адрас для атрымання кампенсацыі.

Але і там сутыкнулася з невялікай цяганінай: спачатку мне прапанавалі запоўніць заяву на атрыманне кампенсацыі за пражыванне ў гатэлі. Начлег у нумары «паўлюкс» на дваіх са сняданкам абышоўся ў 600 грыўняў — гэта 22 даляры ці прыкладна 60 беларускіх рублёў. Пры тым, што наш нумар першапачаткова каштаваў 900 грыўняў, але нам зрабілі зніжку, бо самыя танныя нумары разабралі пасажыры перад намі.

Начавалі мы там з яшчэ адной пасажыркай, згарэлага аўтобуса. Даведаўшыся пра гэта, у беларускім офісе «Экалайнс» прапанавалі напісаць дзве заявы, указаўшы суму ў 300 грыўняў для кожнай.

Але і гэта не ўсё. Я ўкраінка. Даведаўшыся пра гэта, у офісе «Экалайнс» мне прапанавалі пашукаць знаёмага грамадзяніна Беларусі, на карту якога і прыйдзе кампенсацыя. На маё слушнае пытанне аб тым, што мне рабіць, калі такога чалавека няма, мне адказалі: «Тады мы будзем вырашаць пытанне іншым спосабам».

У выніку ўладальніка карты беларускага банка я знайшла. Цяпер ён чакае выплаты ад перавозчыка. Але для мяне самае крыўднае ў тым, што ад «Экалайнс» я не дачакалася нават «дзяжурных» выбачэнняў», — расказала пасажырка.

На трасе М1 у аварыю патрапіў аўтобус Ecolines 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера