Знайсці
20.01.2022 / 22:11РусŁacБел

Лукашэнка заявіў, што перахварэў на амікрон. Што ён рабіў апошнія два тыдні і што павінен быў рабіць

Сёння на сустрэчы з губернатарам расійскага рэгіёна Тыва Аляксандр Лукашэнка расказаў, што перахварэў на амікрон. Ён адзначыў, што хваробу перанёс на нагах, маўляў, толькі напрыканцы яму зрабілі тэст і вызначылі, што гэта за штам. Між тым, апошнія пару тыдняў Лукашэнка праводзіў сустрэчы і выступаў перад аўдыторыяй. Нагадаем, вучоныя сцвярджаюць, што амікрон у тры-пяць разоў больш заразны, чым астатнія штамы каранавіруса. Ёсць меркаванне, што адзін захварэлы амікронам можа заразіць да 100 чалавек, калі кашляне ці чыхне. 

Згодна з загадам міністра аховы здароўя, пацыент, у якога выяўлены COVID-19, павінен 7 дзён знаходзіцца на самаізаляцыі. Але доктар можа прызначыць і іншы тэрмін самаізаляцыі. Раней міністэрства аховы здароўя рэкамендавала быць на самаізаляцыі 14 дзён. Як правіла, тэрмін самаізаляцыі лічыцца ад моманту, калі быў выяўлены каранавірус.

Што патрэбна рабіць на самаізаляцыі? Трэба пазбягаць кантактаў з іншымі людзьмі, не выходзіць без неабходнасці з дому, наладзіць працу на аддаленасці, пазбягаць пацісканняў рук і абдымкаў, трымаць дыстанцыю 1-1,5 метры дыстанцыі з іншымі людзьмі, а таксама «трымацца рэспіраторнага этыкету». То-бок, насіць маску.

Паколькі мы не ведаем дакладна, калі Лукашэнка хварэў на каранавірус,то паглядзім ягоны графік сустрэчаў за апошнія 14 дзён.

Так 7 студзеня ён разам з сынам Коляй наведваў праваслаўную царкву Прападобных Опцінскіх старцаў. Там жа быў і мітрапаліт Веньямін.

Лукашэнка там запаліў калядную свечку, падарыў ікону Веньяміну і выступіў перад прыхаджанамі храма. Па фотаздымках бачна, што людзей у царкве было поўна.

Сацыяльнай дыстанцыі ніхто не трымаў, у масках былі адзінкі. Сам Лукашэнка маску так і не надзеў.

Наступная сустрэча, згодна з яго афіцыйным сайтам, была 11 студзеня. Тады прайшла цырымонія ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне» і «Беларускі спартыўны алімп». Падчас выступлення голас у Лукашэнкі быў заўважна хрыплы.

На сустрэчы Лукашэнка ўручыў 17 розных прэмій, а калі меркаваць па фотаздымках, то на сцэне прысутнічалі 28 чалавек.

Сярод іх спартсмены Аляксей Талай, Ігар Бокій і іншыя.

Таксама на сустрэчы прысутнічаў і мітрапаліт Веньямін. Акрамя мінчан преміі з рук Лукашэнкі атрымалі жыхары Магілёва, Брэста, Баранавічаў, Навагрудка і Столінскага раёну і так далей.

Дарэчы, зала была таксама поўная. Пры гэтым, у масках сядзелі толькі пару чалавек.

13 студзеня Лукашэнка сустракаўся з кіраўніцтвам Савета Міністраў. Менавіта тады ён прапанаваў новае міністэрства.

На сустрэчы прысутнічала 18 чалавек. У тым ліку Наталля Качанава, Раман Галоўчанка, Мікалай Снапкоў, Ігар Петрышэнка, Анатоль Сівак, Павел Калаўр, Аляксандр Чарвякоў і іншыя. Усе без масак.

Ужо 14 студзеня прайшоў вялікі прыём у гонар Старога новага года. Больш за 30 чалавек узнагародзілі і аб'явілі ім падзякі.

Так, напрыклад, медаль Францыска Скарыны атрымаў журналіст RT Канстанцін Прыдыбайла.

Сярод прысутных была і Лідзія Ярмошына. 

На наступны дзень Лукашэнка адправіўся сустракаць міратворцаў. Ні сацыяльнай дыстанцыі, ні рэспіраторнага этыкета.

А 17 студзеня ён правёў паседжанне па беларуска-расійскіх вучэннях. Акрамя сакратара Савета бяспекі Уладзіміра Вальфовіча і міністра абароны Віктара Хрэніна, на паседжанні прысутнічалі яшчэ чацвёра высокапастаўленых вайскоўцаў.

Як бачна на фота, Лукашэнка паціснуў рукі прысутным. Ні сацыяльнай дыстанцыі, ні масак.

18 студзеня ў Лукашэнкі быў насычаны дзень. Спярша ён правёў вялікую сустрэчу па Канстытуцыі.

На ёй прысутнічалі 33 чалавекі. Бліжэй за ўсё сядзела Наталля Качанава, Уладзімір Андрэйчанка, Вольга Чупрыс і Пётр Міклашэвіч.

Пасля Лукашэнка яшчэ сустрэўся з Наталляй Качанавай. Ізноў жа ні ён, ні Наталля Качанава не былі ў масках. 

Ну і сёння, калі Лукашэнка прызнаўся, што перанёс амікрон, была сустрэча з дэлегацыяй Рэспублікі Тыва, што ўваходзіць у Расійскую Федэрацыю.

Мяркуючы па фота, рассадка мела «сацыяльную дыстанцыю», але ж масак ні ў кога з прысутных не было. Пры тым, што ў зале знаходзіўся экс-міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

Чытайце таксама:

 Лукашэнка паўторна перахварэў на кавід

Рэйтынг Лукашэнкі застыў на ўзроўні 25—30%. Сацыёлагі патлумачылі чаму

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера