Знайсці
20.01.2022 / 08:36РусŁacБел

Чэшская спявачка спецыяльна захварэла на кавід і памерла

У Чэхіі памерла вакалістка фолк-гурта Asonance Гана Горка, якая заразілася каранавірусам спецыяльна, каб пасля хваробы атрымаць магчымасць наведваць грамадскія ўстановы.

Фота Бі-бі-сі

Горка пісала ў сацсетках, што папраўляецца пасля станоўчага тэсту на каранавірус, але памерла праз два дні пасля гэтага допісу, паведамляе Бі-бі-сі.

Сын спявачкі Ян Рэк распавёў, што Горка спецыяльна заразілася каранавірусам, калі інфекцыя была выяўленая ў яго і яго бацькі. Рэк і яго бацька цалкам вакцынаваныя, але ўсё роўна падхапілі вірус у канцы снежня. Замест таго каб ізалявацца, Горка заставалася з імі побач. Пры гэтым спявачка прышчэпак не рабіла.

«Яна павінна была ізалявацца на тыдзень пасля нашага станоўчага дыягназу, але яна ад нас не адыходзіла», — сказаў Рэк.

Паправіўшыся, спявачка планавала атрымаць кавід-пропуск, неабходны ў Чэхіі для ўваходу ў некаторыя ўстановы, у тым ліку ў кінатэатры, бары і кафэ. За два дні да смерці Горка напісала, што папраўляецца. «Цяпер можна будзе пайсці ў тэатр, у саўну і на канцэрт», — дадала яна.

Раніцай у нядзелю, у дзень сваёй смерці, спявачка сказала блізкім, што пачуваецца лепш і апранулася для прагулкі. Але раптам у яе забалела спіна, і яна прылегла ў спальні. «Праз дзесяць хвілін усё было скончана. Яна задыхнулася», — распавядае яе сын.

Гана Горка была вакалісткай фолк-гурта Asonance, аднаго з найстарэйшых у Чэхіі. Яна хацела заразіцца вірусам, каб пасля выздараўлення яе перамяшчэнне нішто не абмяжоўвала, распавёў яе сын.

Ян Рэк падкрэслівае, што хоць яго маці і не была вакцынаваная, яна не прытрымлівалася ніякіх канспіралагічных тэорый аб узнікненні віруса або аб вакцынах. «Яна проста аддавала перавагу заражэнню. Ні пра якія мікрачыпы ці нешта падобнае яна не казала», — распавядае сын спявачкі.

Спрабаваць пераканаць яе зрабіць прышчэпку было бессэнсоўна, паколькі на падобныя размовы яна рэагавала вельмі эмацыйна, дадаў Ян Рэк.

Ён спадзяецца, што гэтая гісторыя пераканае больш людзей зрабіць прышчэпкі. «Калі перад вачыма ёсць прыклады з рэальнага жыцця, гэта больш пераканаўча, чым графікі і лічбы. Лічбам цяжка спачуваць», — кажа ён.

Колькасць новых выпадкаў заражэння каранавірусам у Чэхіі ў сераду дасягнула новага піку — 28469 за апошнія суткі. Насельніцтва краіны складае 10,7 млн чалавек.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930