Знайсці
18.01.2022 / 21:39

Антываксер, «трохі анархіст», прыхільнікі СССР і расійскага шпіёна. Макей сустрэўся з «Дэлегацыяй грамадзян Літвы». Расказваем, хто гэтыя людзі

18 студзеня ў беларускім МЗС прынялі некалькіх літоўцаў. Беларускія дзяржСМІ адразу пачалі трубіць: жыхары Літвы абураныя палітыкай сваёй дзяржавы ў дачыненні да Беларусі! А міністр замежных спраў Уладзімір Макей «падкрэсліў важнасць візіту ў Мінск прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Літвы» і запэўніў, што пра гэтую сустрэчу праінфармавалі Лукашэнку. Але ж хто гэтыя літоўцы, якія прыехалі ў Мінск абурацца дзеяннямі сваёй краіны? Расказваем.

Кіраўніком дэлегацыі названая Эрыка Швенчэнэне. Яе падпісваюць як «грамадскага дзеяча і паэтку». Вядома, што яна шматдзетная маці з невялікага гарадка, некалькі гадоў таму пераехала ў Каўнас. Прычынай, па словах Эрыкі, стала тое, што ў папярэдняй школе аднакласнікі здзекаваліся з яе дачкі праз інваліднасць. Але тады адміністрацыя школы заявіла, што сама дзяўчынка справакала канфлікт.

Фота:respublika.lt

Сама Эрыка казала, што раней рэгулярна ездзіла ў Беларусь на спектаклі, а таксама за лекамі для сваёй дачкі, бо яны ў чатыры разы таннейшыя, чым у Літве. Дачка Швенчэнэне хварэе на ДЦП, на яе лячэнне і рэабілітацыю пастаянна збіраюць грошы, нават створаны фонд «Шчаслівы білет». Лячыцца дзяўчынку нярэдка возяць у Расію. 

«Тэрапія ствалавымі клеткамі ў Маскве вельмі дапамагла Урце паправіцца. Бо раней ставілі пад сумнеў не толькі тое, ці будзе дзяўчына хадзіць, але і тое, ці будзе яна размаўляць», — казала Швенчэнэне.

Эрыка працуе памочніцай выхавацеля, зарплата ў яе вельмі маленькая, а муж — пенсіянер, пісалі ў адным з матэрыялаў, прысвечаных сітуацыі з яе дачкой.

Макей і Эрыка Швенчэнэне. Фота sb.by

Швенчэнэне вядомая сваёй шчырай падтрымкай Альгірдаса Палецкіса, які, хоць і нарадзіўся ў швейцарскім Берне, паходзіць з савецкай наменклатурнай сям’і.

Яго дзеда называюць тым, хто прынёс савецкую ўладу ў Літву, ён быў кіраўніком камуністычнай Літвы, пасля дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, бацька Палецкіса — савецкі журналіст, пасля дыпламат, у незалежнай Літве ён таксама зрабіў неблагую кар’еру (пасол у Вялікабрытаніі, Партугаліі, Ірландыі, пасля член Еўрапарламента). 

Што ж тычыцца самога Альгірдаса Палецкіса, той ён адмаўляе савецкую акупацыю Літвы, за што быў першым асуджаным па адпаведным артыкуле (прысудзілі штраф). З 2018 года Палецкіс знаходзіцца за кратамі: яго абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Расіі і асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі.

Яшчэ адзін дэлегат, Казімерас Юрайціс, указаны як «журналіст, аўтар фільмаў, тэлевядучы». На фота ён з экзатычнай барадою.

Фота sb.by

У 2016 годзе ён спрабаваў трапіць у парламент з Літоўскай народнай партыяй, уваходзіў у лік прыхільнікаў нефармальнага руху «Нашы шэрагі». У справаздачы Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы згадвалася, што гэты рух спачувае Расіі, пра што пісаў літоўскі партал «Дэлфі».

У 2019 годзе Юрайціс абвясціў, што будзе балатавацца на пост прэзідэнта Літвы (выклаўшы сваё фота на фоне перавернутага сцяга краіны). 

На пытанне аб палітычных поглядах Юрайціс казаў, што бачыць у сабе і ліберала, і кансерватара, і народніка, і нават анархіста. 

«Па характары я народнік кансерватыўных поглядаў з духам лібералізму, а часам трохі і анархізму, — казаў ён, адзначыўшы, што яго перакананні не адпавядаюць поглядам ні адной з існуючых у Літве партый. — Да прыкладу, у дзяржаўным маштабе я лічу сябе кансерватыўным народнікам, але гэта не значыць, што трэба закрывацца ад усяго свету. Я наадварот заклікаю ісці ў Еўрасаюз, браць адтуль усё, што магчыма».

На пытанне пра тое, куды б ён адправіўся з першым візітам, Юрайціс адказаў: «Вядома, у Маскву. Тут ніякіх сумневаў. Пасля, напэўна, у Польшчу, потым да Лукашэнкі».

Праўда, патрэбныя для рэгістрацыі ў кандыдаты 20 тысяч подпісаў Юрайціс сабраць не змог.

Таксама вядома, што ў Юрайціса сямёра дзяцей. У 1997-м яго асудзілі за падробку афіцыйнага дакумента.

Цікава, што ў 2016 годзе, калі ён удзельнічаў у парламенцкіх выбарах, яго даходы складалі толькі 2,26 еўра на месяц. З 10 снежня 2018 года ён вучыўся на курсах памочніка медсясцёр, куды яго паслала біржа працы па яго ж просьбе. На пытанне, чым ён займаўся, пакуль не працаваў, Юрайціс казаў, што здымаў фільмы і рэпартажы, якія спансіравалі людзі з усяго свету.

Таксама Юрайціса любяць выкарыстоўваць у якасці спікера прарасійскія выданні. У сваіх каментарыях ён звычайна абураецца абмежаваннямі, звязанымі з каранавірусам, прадказвае разбурэнне эканомікі.

Таксама ў паездцы мусіла прымаць удзел нехта Вайда Юазапайціце: пісьменнік, мастак, кінааператар. Насамрэч, гэта другая жонка Юрайціса, з якой яны здымаюць «асветніцкія, публіцыстычныя і дакументальныя фільмы».

Ёнас Кавальскіс, «юрыст і блогер», яшчэ адзін паплечнік Палецкіса. У 2008 годзе яны разам балатаваліся ў літоўскі Сейм, але не прайшлі. Пасля Кавальскага, па яго словах, звольнілі з працы за няветлівасць. «І вось ужо дзесяць гадоў мяне нікуды не бяруць, таму працую дома, аказваю юрыдычныя кансультацыі прыватным чынам», — казаў ён.

Кавальскіс называе сябе левым актывістам. У 2020 годзе ён удзельнічаў у акцыях у падтрымку рэжыма Лукашэнкі ў Вільні, дзе былі такія лозунгі: «Трымайся, Бацька, народ з табой!» «За сяброўства народаў!», «Не фашызму ЗША-НАТА-ЕС!». 

Кавальскіс нярэдка фігуруе ў прарасійскіх СМІ, рыторыка яго ідэнтычная з рыторыкай Масквы і Мінска: ідзе інфармацыйная вайна, Захад хацеў каланізаваць Беларусь, ва Украіне «квазідзяржава» і «майдаўны», у Польшчы і Прыбалтыцы — марыянеткі. Нічога новага. Таксама ён сумуе па магутным СССР: «Пандэмія каранавіруса ніяк не паўплывала на маё асабістае пачуццё гонару за краіну-пераможцу, СССР, як і на пачуццё горкага шкадавання з-за распаду СССР. Не адстаялі. Трэба выправіць».

Андрус Накас — «рэжысёр, былы член Сейма, тэлевядучы» — паходзіць з інтэлігенцкай сям’і. Яго бацька — доктар філасофіі, брат — кампазітар. Сам Накас рабіў тэатральныя пастаноўкі, граў у гумарыстычным шоў на ТБ. Адзін з заснавальнкаў партыі «Шлях мужнасці», якая, што цікава, мае правы ўхіл і супрацьстаіць «пануючаму неалібералізму». Ён сапраўды былы член Сейма.

Накас вядомы і выказваннямі пра сітуацыю з каранавірусам, якую ён называў «масавым псіхозам» (беларусы такое таксама недзе чулі). Ён перахварэў на кавід, але ўсё роўна казаў, што прышчапляцца прынцыпова не збіраецца. Звесткі пра колькасць хворых і шпіталізаваных Накас называў «лавінай хлусні», казаў, што падазрае, што бальніцы запаўняюць адмыслова.

Бард Агнюс Рушыс перыядычна выступае з песнямі савецкага паэта і спевака Булата Акуджавы і не толькі. У Ютубе публікуе ролікі «Савецкая гітара», у якіх выконвае старыя савецкія песні. 

«Хутка з гэтым самурайскім мячом — беларускай гітарай — я прыеду да вас, каб падтрымаць агульную справу. Каб змагацца супраць заходніх гадаў і спяваць добрыя савецкія песні», — кажа беларусам бард у адным з ролікаў. 

Ну і само сабою Рушыс выступае на мітынгах у падтрымку асуджанага за шпіянаж Палецкіса, дзе перадае прывітанне беларусам і чытае Лермантава.

Прадпрымальнік Робертас Страгіс здаваўся б звычайным бізнэсменам. Акрамя сімпатый да таго ж Палецкіса ён асабліва нічым не вядомы. Але ў падпісках Страгіса ў сацсетках — сапраўднае пекла. Там і сталініст Старыкаў, і фрык-рух «НОД» (актывісты якога вераць, напрыклад, што песні Цоя пісалі ў ЦРУ), і песні Газманава, і нават «альтэрнатыўны зрок». Таксама Страгіс актыўна падтрымлівае так званыя Маршы ў абарону сям’і, рэпосціць паведамленні пра смерці ад вакцынацыі ці выказванні, што ад кавіда ўратуюць вітаміны.

Гэтых «простых літоўцаў» беларускія СМІ пакажуць яшчэ не раз. «Дэлегацыя» ў Мінску на чатыры дні, у іх запланаваныя сустрэчы з кіраўніцтвам беларускага парламента, прадстаўнікамі Міністэрства культуры, дыскусіі з удзельнікамі Круглага стала дэмакратычных сіл (той, дзе фігуруюць Васкрасенскі і кампанія), экспертнай супольнасцю, а таксама размовы з прэсай і «непасрэдныя кантакты з простымі жыхарамі Беларусі, якія хочуць нармальных міжчалавечых сувязяў з жыхарамі суседняй Літвы».

Літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс адзначае: гэтыя госці не прадстаўляюць нейкую сур'ёзную палітычную сілу ці платформу. 

«Усе яны так ці інакш засвяціліся ў пратэстах супраць вакцын ці кавідных абмежаванняў, у Маршах за традыцыйныя каштоўнасці, мітынгах у падтрымку Палецкіса. У палітычным спектры многія з «дэлегатаў» ніяк не сыходзяцца, людзі яны вельмі розныя: нехта перакананы праціўнік дзеючай літоўскай улады, нехта проста расчараваны чалавек, нехта настальгуе па СССР, калі ўсё вырашалася за людзей… Матывы іх таксама могуць быць рознымі. Але выглядае, што цяпер іх у сваіх мэтах будзе на поўную выкарыстоўваць беларуская дзяржаўная прапаганда», — кажа Юрконіс.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31