Знайсці
18.01.2022 / 13:43РусŁacБел

Мухі і конікі. Як правільна харчавацца, каб пазбегнуць інсультаў і іншых распаўсюджаных захворванняў

Прафесар Маскоўскага ўніверсітэта тэхналогій і кіравання імя Разумоўскага Ігар Нікіцін, распавёў «Звядзе» пра карысную ежу.

— Харчаванне — адзін з найважнейшых фактараў, які ўплывае на здароўе чалавека ў сучасным свеце нароўні з заняткамі спортам, — канстатуе Ігар Нікіцін. — Гэта два самыя важныя фактары, якія дазваляюць папярэдзіць развіццё так званых элементарна залежных захворванняў — дыябету, інфарктаў, інсультаў, астэапарозаў. Гэтыя захворванні ўзнікаюць у сувязі з няправільным ладам жыцця і няправільным харчаваннем. Яны спеюць вельмі доўга. У нас цяпер ва ўсіх дэфіцыт вітаміну Д. Калі вы здасце кроў на аналіз, вітамін будзе ў вас або на мяжы, або ніжэйшы за норму.

З аднаго боку, гэта дрэнна, з іншага — сітуацыя трывіяльная: такое сустракаецца амаль у 80 % жыхароў Расіі і Беларусі. Для ўсіх, хто жыве вышэй 40-й паралелі, гэта характэрна. У доўгатэрміновай перспектыве гэта прыводзіць да астэапарозу. Сто працэнтаў, што ў чалавека да 60 гадоў будуць гэтыя захворванні. Тая ж самая гісторыя з вітамінамі С, групы В (да 50% людзей маюць дэфіцыт).

Выправіць гэта можна, скарэктаваўшы свой рацыён, нормы харчавання. Але, каб гэта адбылося, трэба прыкласці намаганні. Такога, каб чалавек сказаў сабе, што з сённяшняга дня пачне піць вітамін Д і будзе так рабіць пастаянна, на жаль, не бывае. Бо ён не бярэ пад увагу, забывае. І для дзяржавы задача № 1 — стварыць такія ўмовы, пры якіх гэтыя хваробы не наступалі б. Гэта — прапаганда здаровага ладу жыцця, вытворчасць якасных прадуктаў і ўкараненне іх у практыку харчавання.

Персанальнае меню

Прафесар лічыць, што нельга ўсіх людзей карміць аднолькава, бо ў кожнага маецца нейкая свая схільнасць. Напрыклад, два чалавекі з'елі адну і тую ж страву, але адзін пасля гэтага адчувае сябе добра, а другі — не.

— Улічваць індывідуальныя патрэбнасці сёння стала магчыма, паколькі медыцынскія і ІT- тэхналогіі настолькі прасунуліся наперад, што мы можам з дапамогай смартфона сабраць усю інфармацыю пра сябе (колькасць пройдзеных за дзень крокаў, працягласць сну, частата пульсу і гэтак далей) і на падставе яе распрацоўваць меню і рацыён, якія будуць больш канкрэтна задавальняць нашы патрэбы, — кажа Ігар Нікіцін. — Такое харчаванне папярэджвае развіццё небяспечных захворванняў у доўгатэрміновай перспектыве. Мы як навуковая ўстанова больш распрацоўваем метадалогію і навуковыя асновы гэтага падыходу. Але ўжо ёсць шэраг кампаній, якія ўкараняюць гэта ў практыку. Напрыклад, нашы калегі з 1-га медуніверсітэта імя І. Сечанава з кафедры «Малекулярная біялогія». Можна прыйсці туды і зрабіць платны аналіз. А мы ў сваю чаргу распрацавалі праграмнае забеспячэнне, якое дазволіць аўтаматычна складаць рацыён. Застаецца толькі прытрымлівацца яго. Гэта можа звесці паходы да ўрачоў да мінімуму. Харчаванне будзе кантралявацца пастаянна ў рэжыме анлайн.

Ёсць такое паняцце — мікрабіёта. Гэта колькасць бактэрый, якія жывуць у нашым кішэчніку. Іх склад мяняецца ў залежнасці ад таго, што мы ядзім, якія прымаем лекі, хварэем альбо здаровыя. Згодна з тэорыяй акадэміка Аляксандра Уголева, мікрабіёта сінтэзуе да 10 % карысных рэчываў для нашага арганізма. А 90 % гэтых рэчываў мы атрымліваем з ежай. Мікрабіёта, якая функцыянуе няправільна, з часам прыводзіць да сур'ёзных захворванняў.

Мяса з прабіркі

Дастаўка ежы з дапамогай дронаў, харчовыя прынтары, картрыджам для якіх з'яўляецца харчовая сумесь, — усё гэта пакуль здаецца нечым фантастычным. Між тым гэта наша не вельмі далёкая будучыня.

— Робіце харчовую сумесь, а прынтар выдае тое печыва, якое вам патрэбна, — усміхаецца прафесар. — Калі казаць пра харчовыя прадукты, то мы з вамі сёння знаходзімся ў такім часе, калі ўзнікае шмат новых, якіх раней не было. Традыцыйныя становяцца нават ужо незапатрабаванымі. Звярніце ўвагу на тое, чым харчуецца моладзь: снікерсы, чыпсы і гэтак далей. Гэта дастаткова шкодная ежа, але яе можна зрабіць карыснай. Мой калега з Піцера распрацаваў спосаб ашчаднай сушкі яблык, морквы, гарбуза: сушыць іх без страты вітамінаў і робіць снэкі. Тыя снэкі, якія сёння распаўсюджаны, — не наш прадукт. А трэба ўсё пераканвертаваць так, каб дзеці куплялі сваё і елі на здароўе.

— А што вы маеце на ўвазе, кажучы пра новыя прадукты?

— Узяць, напрыклад, хлеб. Не ўсё, што мы называем хлебам, ім з'яўляецца. У класічнай тэрміналогіі хлеб — гэта прадукт браджэння. А сёння шмат якія прадпрыемствы ігнаруюць гэтую стадыю, выкарыстоўваюць хімічныя разрыхляльнікі, узбіўны хлеб, які атрымліваецца шляхам пенаўтварэння. Знешне гэта хлеб, а па тэхналогіях невядома што. Або ўзяць, напрыклад, расліннае мяса. Мы называем гэта мясам, хаця яно такім і не з'яўляецца. Але з яго могуць зрабіць такую катлету для гамбургера, што не адрозніць. І гэта пры тым, што ў ёй ні граму мяса. Гэта выйсце для прадуктовай сістэмы, таму што вытворчасць кілаграма свежай ялавічыны абыходзіцца для экалогіі вельмі дорага. Я ўжо не кажу пра цану вытворчасці. Сёння ёсць нават такое, што расліннае мяса робяць не з расліннага, а з клетачнага. Вырошчваюць яго ў прабірцы. Гэта пытанне найбліжэйшых 5—10 гадоў. Яно нават па клетачным складзе будзе ідэнтычнае.

Паласавацца насякомымі не жадаеце?

Маскоўскі прафесар расказаў, што ўжо цяпер некаторыя вытворцы атрымліваюць танны і высакаякасны бялок з альтэрнатыўных крыніц бялку, такіх як, напрыклад, конікі альбо мухі.

— Жывёл ім ужо кормяць і людзей у найбліжэйшы час будуць гэтым карміць, — папярэджвае вучоны. — Бялок з насякомых па сваіх паказчыках, дарэчы, нічым не горш. Калі вы не ведаеце, што гэта, ніколі не падумаеце пра мух і конікаў.

— А навошта нам такое трэба? Чаму б не развіваць натуральную гаспадарку — кароў, свіней і гэтак далей?

— Тут ёсць як мінімум два фактары. Па-першае, існуючая сістэма харчовага забеспячэння пабудавана на прамысловых маштабах вытворчасці і з'яўляецца прычынай вялікай колькасці захворванняў у людзей. Таму што яна забяспечвае колькасць, але не заўсёды якасць. Памідоры, якія выраслі на летніку, або тыя, што ў цяпліцы на гідрапоніцы — дзве прынцыпова вялікія розніцы. У іх розны склад, у апошніх вітамінаў нашмат меней. Але прамысловая вытворчасць мае іншыя мэты — усіх накарміць. Другая праблема ў тым, што вытворчасць прадуктаў наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю. Нельга гэта бясконца развіваць. Трэба шукаць новыя падыходы.

Здаровае харчаванне перш за ўсё

Беларусь славіцца якасцю прадуктаў. Яшчэ мы можам сабе дазволіць ствараць экалагічна чыстую і якасную прадукцыю. Але так адбываецца далёка не ва ўсіх краінах. Да таго ж у харчаванні таксама ёсць трэнды. І шмат паслядоўнікаў.

— Гэта як з аўто, — прыводзіць прыклад суразмоўца. — 120 гадоў таму людзі ездзілі на конях, але з'явіліся машыны, і яны пераселі на іх. З харчаваннем адбываецца нешта падобнае. Гэта працэс, які як хваля: яго нельга прыпыніць, можна толькі правільна да яго адносіцца і старацца ўплываць, каб не адбывалася злоўжыванняў і шкоды.

— І якія прадукты вы б параілі есці?

— У сучасным свеце складана даваць якія-небудзь парады. Паўтару словы грэчаскіх і славянскіх філосафаў. Авіцэна казаў, што розніца паміж лекамі і ядам толькі ў дазіроўцы. А Павел Фларэнскі папярэджваў, што няма ніводнай добрай рэчы, якая б у спалучэнні са словам «шмат» не стала б жахлівай. У харчаванні, як у любой сферы жыцця, павінна быць памяркоўнасць. Няма прадуктаў, якія вылечаць вас, і няма такіх, якія, з'еўшы адзін раз, вы на ўсё жыццё сапсуяце сабе здароўе. Пытанне ў сістэме. Правільна пабудаваная сістэма харчавання забяспечыць жыццё і здароўе на доўгія гады, а няправільная, наадварот, заб'е, але гэта адбудзецца не за дзень і нават не за год. Таму важна правільныя звычкі ў харчаванні закласці з дзяцінства.

— І якім чынам?

— Для мяне як бацькі гэта таксама праблема. Дзеці — геданісты, яны любяць усё салодкае і страчваюць волю, якая ў іх яшчэ слабая. Гатовы за марожанае рабіць урокі цэлы дзень. Але тут лепш выхоўваць дзяцей уласным прыкладам. Калі бацькі ядуць сасіскі, а дзецям кажуць, што гэта шкодна, ні да чаго добрага такое не прывядзе. У сям'і павінна быць правільная сістэма харчавання.

— А як вы харчуецеся? Каву, напрыклад, раніцай ужываеце?

— Каву не п'ю зусім. Я яе проста не люблю. Але я за тое, каб раніцай снедаць. Сёння, напрыклад, з'еў аўсянку, салату з капусты і нават катлету. Вялікія перапынкі ў харчаванні — не вельмі добра. Трэба харчавацца часта і невялічкімі порцыямі. Калі раніцай нічога не ясце, у абед нешта перахопліваеце, а вечарам наядаецеся, нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Трэба есці 3-4 разы — спартсмены, напрыклад, харчуюцца па 8 разоў, кожныя 2 гадзіны. Паўтаруся, правільнае харчаванне павінна фарміравацца з дзяцінства і стаць звычкай.

Недахоп вітаміну B12 — скрытая прычына шмат якіх хвароб

У Беларусі ў наступным годзе з’явіцца каўбаса без мяса

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера