Знайсці
15.01.2022 / 10:56РусŁacБел

Беларуска перамагла на сусветным конкурсе мадэляў у Эміратах

«Цешуся, што ў 23 гады я дасягнула такога ўзроўню, што можна ўжо на пенсію пайсці», — цалкам сур'ёзна, але са смехам кажа мадэль Анжаліка Кузьмянок з Магілёва. На днях дзяўчына перамагла ў фінале Міжнароднага конкурсу Miss Model of the World, які праходзіў у Дубаі (ААЭ).

Аб сваім жыцці, мары, працы, удзеле ў конкурсах прыгажосці і перамозе ў апошнім для мадэляў, Анжаліка распавяла блогу «Отраженіе».

​У мадэльны бізнэс Анжаліка Кузьмянок прыйшла ў 14 гадоў — спачатку ў родным горадзе, а потым заключыла кантракт з профільным агенцтвам у Маскве. З тых часоў дзяўчына працавала мадэллю, аб'ездзіла больш за 30 краін свету і размаўляе на сямі мовах.

— Мая самая вялікая мара была — перамагчы ў конкурсе прыгажосці. Першую спробу я распачала ў 16 гадоў. Гэта быў мясцовы конкурс прыгажосці ў Магілёве, на якім мне заявілі, што шанцаў перамагчы ў мяне няма, маўляў, знешнасць не падыходзіць — успамінае Анжаліка пачатак сваёй кар'еры.

Потым было яшчэ шмат конкурсаў, міжнародных і нацыянальных: дзяўчыну заўважалі, але пераможцай з іх яна не выходзіла.

Мадэлінг Анжаліка сумяшчала з вучобай у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, дзе атрымлівала прафесію юрыста. ВНУ яна скончыла, але па спецыяльнасці працаваць не стала — кодэксам і нарматывам аддала перавагу здымкам і дэфіле.

У 2019 годзе на адным з модных паказаў у Кітаі да Анжалікі падышла арганізатар Міжнароднага конкурсу Miss Model of the World і прапанавала прадстаўляць на мерапрыемстве Беларусь. На жаль, з-за кавідных абмежаванняў, скарыстацца прапановай магіляўчанка змагла толькі ў 2022-м.

— Гэты конкурс выключна для мадэляў, звычайная дзяўчынка, у якой няма партфоліа, не зможа туды патрапіць. Прычым, прыгажосць — гэта не галоўны паказчык, па якім ацэньваюць удзельніц. Важна тое, што ты з сябе прадстаўляеш як мадэль: як дэфіліруеш, змяняеш пазіцыю і многае іншае — патлумачыла Анжаліка.

Для конкурсу беларусцы прыйшлося схуднець на тры кілаграмы, і на фінал у Дубаі, які праходзіў з 3 па 12 студзеня, яна прыехала з параметрамі 88-59-90, пры росце 180 см і вазе 58 кг. Разам з ёй за карону пераможцы спаборнічалі яшчэ 24 удзельніцы з розных краін.

— Складана было тое, што дзень быў вельмі запоўнены: ранні пад'ём, увесь дзень рэпетыцыі, здымкі, інтэрв'ю. Пры гэтым кармілі нас такімі дыетычнымі стравамі, што вельмі хацелася есці. Удзельніца з Італіі, з якой я кантактавала, нават плакала, што хоча нарэшце з'есці піцу або пасту. А яшчэ нас вельмі бераглі ад кавіду: усюды ў масках, кожны дзень здавалі тэсты.

Затое Анжаліцы было камфортна таму, што удзельніцам трэба было дэманстраваць свае ўменні як мадэляў, а наша зямлячка ў гэтым была як рыба ў вадзе — бо за плячыма восем гадоў у мадэльным бізнэсе.

— Макіяж і ўкладку я рабіла сама, а яшчэ іншым дзяўчынкам дапамагала. Вячэрні строй у мяне быў дзякуючы спонсарам з Турцыі, а нацыянальны, у васількі, я рабіла разам з мамай. А вось выхаду ў купальніках не было — усё ж арабская краіна. У беларускіх дзяржведамствах не ведалі, што я буду прымаць удзел у конкурсе — я сама не паведамляла, дапамогі не прасіла.

На конкурсе Анжаліка пасябравала з рускамоўнымі дзяўчатамі — з Эстоніі, Грэцыі, Расіі. Беларуска кажа, што з імі было ўтульна і цёпла, не адчувалася фанабэрыстасці і суперніцтва за карону, як гэта было з удзельніцамі з Амерыкі, некаторых краін Еўропы.

- Прадстаўнікі з Беларусі і раней бралі ўдзел у конкурсе, але ў пяцёрку не ўваходзілі. І тут на апошнім этапе я ўсведамляю, што я ў топ-5. Думала тады, ну не дадуць жа мне першае месца. Але мяне абвясцілі пераможцай!

Анжаліка ўспамінае, што пачуўшы гэта, у яе задрыжалі рукі, а пасля яна не змагла стрымаць слёзы — спраўдзілася яе дзіцячая мара. Пра перамогу яна адразу паведаміла свайму хлопцу і маме. У якасці ўзнагароды падарылі карону, скіпетр і грашовую прэмію. Таксама ёй паабяцалі даць магчымасць заключыць кантракт на працу мадэлі з якім-небудзь брэндам.

— Некаторыя ўмовы мне таксама трэба выконваць: год нельга выходзіць замуж і абзаводзіцца дзецьмі. Зараз усе канкурсанткі ўжо з'ехалі, а застаюся ў Дубаі — працягваю даваць інтэрв'ю па некалькі разоў на дзень.

Калі планы не зменяцца, то ў найбліжэйшы час Анжаліка з'едзе ў Італію — там цяпер яна жыве і нават адкрыла школу мадэляў. Дзяўчына кажа, што ў прафесійным плане, як мадэль, яна ўжо адбылася, таму «можна выходзіць на пенсію».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера