Знайсці
14.01.2022 / 20:37РусŁacБел

«Дзве гадзіны я вісела на гэтых лопасцях, сцякаючы крывёю». Пад Пухавічамі цяжка траўмавала рабочую. Што вядома?

Упакоўшчыцу «Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі» ў першы ж працоўны дзень адправілі не на яе працу, а ў суседні цэх — загадалі чысціць механізм, які знянацку запрацаваў. Жанчына ледзь не загінула.

Вольга Цыбульская з пасёлка Дружны, што пад Пухавічамі, раней працавала ў будаўнічай краме. 

«Але там краме заробак быў вельмі маленькі, сорамна сказаць — у межах 400 рублёў. А ў нас усе ўладкоўваюцца на гэты завод. Там абяцаюць добрыя грошы: 900-1300 рублёў. Я разумела, што там начныя змены, але была згодная на гэтую працу. Бо дапамогі мне чакаць няма адкуль: адна гадую двух дачок, муж памёр, мама мая пенсіянерка. Як той казаў, разграбай усё сама, Воля», — сумна пасміхаецца жанчына.

«Той самы завод» — гэта вытворчасць так званай БНБК, Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. 

«Унікальны для нашай краіны праект рэалізуюць сумесна з Кітаем. 14 прадпрыемстваў будуць выпускаць камбікорм для ўсіх відаў сельгасжывёлаў, а таксама рыбы. Плюс такая інавацыйная прадукцыя, як кармавыя амінакіслоты і прэміксы», — рапартавала пра яго БТ.

Вольга Цыбульская. Фота: сацыяльныя сеткі

«Гэта быў мой першы працоўны дзень, — Вольга згадвае падзеі 28 снежня. — Я выходзіла ўпакоўшчыцай: там прадукцыю трэба было пакаваць у такія вялікія мяхі. Далучаеш мех да спецыяльнай апаратуры і ён запаўняецца. 

Але я гэтага так і не зрабіла, бо так і не дайшла да свайго працоўнага месца. Мяне адразу адправілі на чыстку шнэкаў у іншы цэх. 

Шнэк — гэта такая вялікая труба, на якой размешчаныя такія ці то лопасці, ці загваздкі. Адправілі мяне і яшчэ жанчыну. Нам далі скрабкі, каб мы счысцілі рэшткі прадукцыі, якая асядае на метале. 

Атрымалася так: шнэк знаходзіцца нізка, яго трэба было чысціць нахіліўшыся, ад чаго спіна хутка пачынае балець. Мы з напарніцай мяняліся. І вось яна ўстала, зрабіла крок убок, я нахілілася і хацела пачаць чысціць — і шнэк уключыўся. Прапрацавала літаральна 10-15 хвілін.

Гэтыя лопасці як бы ўвайшлі ў мяне, нахілілі ўніз і пасля паднялі мяне ўгару. Мае калені не краналіся падлогі, я вісела на гэтым шнэку.

Відовішча было жудаснае: лопасці зайшлі ў цела з левага боку, я вісела на іх 2 гадзіны, сцякаючы крывёю. Увесь час я была ў свядомасці: і ў цэху, і ў хуткай, і нават паспела пагаварыць з хірургам перад аперацыяй. 

Фота той сама прылады, якая траўмавала Вольгу. Фотаздымак mchs.gov.by

Але я была ў шоку, мне здавалася, што прайшло хвілін сорак. Пасля ўжо зразумела, што ўсё здарылася на пачатку на 11, а выехалі з завода мы толькі на пачатку першай гадзіны.

«Чатыры гадзіны аперацыя ішла, пашанцавала, што без ампутацый»

Адразу, як усё здарылася, прыбеглі людзі. Адзін чалавек трымаў мяне за руку, размаўляў са мною, каб не даць мне згубіць прытомнасць. Я чула, як людзі крычаць, выклікаюць хуткую. Прыехалі дактары, МНС. Я з іх размоваў зразумела, што яны абмяркоўваюць, як лепш мяне зняць. Спачатку хацелі разрэзаць гэтую трубу, але яна сваёй вагою ўцягнула б мяне ўніз. Таму яны доўга вырашалі як лепш гэта ўсё зрабіць, каб мне не нашкодзіць. 

Затым мяне накрылі нечым і, як я зразумела, пачалі чымсьці пілаваць тыя лопасці. Мяне абкалолі адразу абязбольваючымі. Але я ўсё адно ўсё адчувала».

МНС паведаміла пасля: «Пры дапамозе бензарэза разрэзалі барабаны хуткаснага змяшальніка і вызвалілі заціснутую руку жанчыны».

Але Вольга расказвае, што атрымала не толькі траўму рукі.

«Спачатку мяне даставілі ў бальніцу Мар'інай Горкі, — кажа Вольга Цыбульская. — Нашаму хірургу Наталлі Ярашэнка я хацела б падзякаваць. Яна мне жыццё выратавала, гэта проста цуд. Чатыры гадзіны аперацыя ішла. На жаль, не ведаю імёнаў астатніх дактароў. Пасля мяне перавезлі ў Бараўляны, аддзяленне гнойнай траўматалогіі.

У мяне зламаныя ўсе рэбры з левага боку. Усе. Двайны пералом ключыцы. А якія ў мяне пашкоджанні мяккіх тканінаў — ворагу не пажадаеш такое. Удар лёгкага, удар сэрца, удар селязёнкі.

Пашанцавала, што без ампутацый: грудзі на месцы, рука таксама, селязёнку не выдалялі. На верталёце мяне таксама не ратавалі, як ужо ходзяць чуткі, такога не было. Так, пакрамсала мяне канкрэтна, але ўсе часткі цела і органы на месцы.

Праўда, што ў мяне не прыжыліся тканіны — прышывалі частку скуры, якая вісела, калі я правільна зразумела дактароў. Але яна не прыжываецца, цяпер трэба будзе зноў нешта рабіць. Як тлумачылі дактары, цяпер яны змагаюцца, каб у мяне не было загнаення. Гэта самае галоўнае». 

«Нам сказалі ісці шнэк чысціць — ну мы і пайшлі. Я ж не буду спрачацца з начальствам»

Вольга запэўнівае: перад працай агульныя палажэнні тэхнікі бяспекі ёй тлумачылі. Але агульныя — гэта не тыя, што тычыліся б працы са шнэкам.

«Агулам пра тэхніку бяспекі мне казалі, пра аказанне першай меддапамогі. Гэта было, я падпісала. Але там нічога не было непасрэдна пра тую працу, на якую мяне адразу адправілі, — тлумачыць жанчына. — Чаму я пагадзілася рабіць гэтую чыстку, хоць я ўпакоўшчык? Бо начальства загадала, яму ж, напэўна, вядома, што трэба рабіць.

Да таго ж, як я зразумела, там проста так стаяць нельга. Нашай працы ў той дзень не было і праводзілася ўборка. У суседнім цэху чакалі нейкую дэлегацыю, хтосьці мусіў прыехаць. І дзяўчаты прыбіралі: хто падлогу падмятаў, хто што.

Проста стаць і ў носе калупацца — такога там няма. А нам вось сказалі ісці шнэк чысціць — ну мы і пайшлі. Я ж не буду спрачацца з начальствам». 

Вольга кажа, што ніхто са следчых пакуль да яе не прыходзіў, паказанняў яна не давала. 

«Я не ведаю чаму, можа яны спрабавалі спачатку, а іх не пусцілі? — разважае Цыбульская. — Ведаю толькі, што Наталля Ярашэнка, загадчыца хірургічнага аддзялення з Мар’інагорскай бальніцы, на нейкія пытанні адказвала. Але са мною пакуль не гаварылі.

Ці буду я пісаць нейкую заяву, што там рабіць далей — пакуль не ведаю. Для мяне галоўнае зараз выкараскацца. Бо магчыма, што мяне чакае яшчэ аперацыя, таму галоўнае перажыць неяк усё гэта. Хадзіць я паціху магу, трымаючыся за сцяну, ды і тут хочаш ты ці не, хадзіць прыйдзецца». 

«Не лічу, што той, хто націснуў на кнопку вінаваты. Папярэдзіць яго мусіла наша кіраўніцтва»

Хто на думку Вольгі вінаваты ў тым, што адбылося? І ці вядома, чаму ўключыліся тыя шнэкі?

«Гэта элементарнае невыкананне тэхнікі бяспекі, — лічыць жанчына. — На кнопку націснуў іншы работнік. Яго мусілі папярэдзіць, што будзе прыборка, але гэтага не зрабілі. І папярэджваць не я мусіла, а нехта вышэй за мяне.

Навошта ён іх уключыў — я не ведаю. Бо я не ведаю як там вядзецца праца, кажу ж, гэта быў мой першы працоўны дзень.

І я не лічу, што той, хто націснуў на кнопку вінаваты. Папярэдзіць яго, пракантраляваць сітуацыю, мусіла наша кіраўніцтва. Але нічога не зрабілі. А канкрэтней хай разбіраецца Следчы камітэт.

Са мною звязваліся з завода: і начальства і калегі. Непасрэдна начальніца, Кацярына Васільеўна і Андрэй Паўлавіч, які адказвае за тэхніку бяспекі. «Прабачце» ад іх я пачула. Нейкую кампенсацыю ці дапамогу сам завод мне пакуль не прапанаваў.

Але самі работнікі сабралі грошы для мяне і перадалі маёй матулі. Я за гэта ім вельмі ўдзячная».

Пакуль што Вольга лічыцца работнікам, які на бальнічным. Працягвае лячэнне, чакае, ці прыйдуць усё ж пагаварыць з ёю следчыя:

«Я нічога не хачу сказаць, але калі нешта адбываецца — бойка там ці нешта яшчэ — следчыя прыходзяць у палату і бяруць паказанні. А ў мяне быў такі выпадак, прайшло больш за два тыдні — і ніхто не прыходзіў. Я не ведаю, можа гэтаму ёсць нейкае тлумачэнне, а мы проста не ў курсе?» 

***

Атрымаць аператыўныя каментары на самім заводзе і ў Следчым камітэце «Нашай Ніве» не ўдалося. Як толькі мы іх атрымаем, адразу ж апублікуем. 

Чытайце таксама: У рэанімацыі Кызыларды знайшоўся беларус з траўмай галавы. Але справа не ў пратэстах

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930