Знайсці
14.01.2022 / 18:03РусŁacБел

«Як у Амерыцы нам не трэба». Што кажуць падчас «усенароднага» абмеркавання Канстытуцыі ў рэгіёнах

Новы год у функцыянераў пачаўся з гастроляў. Кожны дзень яны сустракаюцца з рабочымі і бюджэтнікамі, каб абмеркаваць новы праект Канстытуцыі, які вынесуць на рэферэндум ужо ў лютым. Для ўсіх раёнак цяпер гэта тэма нумар адзін. Пачытаеш — нібыта на машыне часу трапляеш у Савецкі саюз: сабраліся таварышы, каб падтрымаць курс дзяржавы, адсправаздачыліся і разышліся. Але час ад часу трапляюцца і прапановы, сабралі некаторыя з іх.

Рабочыя ў Крычаве прапануюць забараніць быць прэзідэнтам пасля 70 год

У Крычаве мясцовая дэпутат разам з міліцыянерам прыйшла абмяркоўваць змены ў Канстытуцыю да рабочых дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення.

Пытанні ўзніклі да артыкула 80, які вызначае крытэрыі да кандыдата ў прэзідэнты. Так, прапаноўваецца павысіць мінімальны ўзрост з 35 да 40 год. Адзначым, што Лукашэнка па такіх крытэрах не мог бы балатавацца, яму ў 1994-м было 39.

Але крычаўскія рабочыя лічаць, што «як у Амерыцы нам не трэба», просяць прапісаць і максімальны ўзрост — прэзідэнтам не можа быць чалавек, старэйшы за 70 год. 

Фота krichevlive.by

«А то вось амерыканскі прэзідэнт… Ганьба нейкая: то спіць, то з трапа самалёта ўжо спусціцца не можа. Які з яго кіраўнік», — агучылі ўдзельнікі абмеркавання. 

Лукашэнку, нагадаем, цяпер 67 год. Пуцін сёлета адзначыць 70-гадовы юбілей. Прэзідэнту ЗША Джо Байдэну — 79 год. 

Крычаўская раёнка піша, што дэпутатка Ірына Пруднікава прыняла заўвагу і паабяцала перадаць яе ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі, які збірае меркаванні па зменах у Канстытуцыю.

У Рагачове просяць забараніць браць шлюб тым, хто змяніў пол

Кіраўнік Савета рэспублікі Наталля Качанава расказвае, што паступае шмат прапановаў наконт пункта аб традыцыйным шлюбе. У Канстытуцыю вырашылі дадаць удакладненне, што шлюб магчымы толькі паміж мужчынам і жанчынай.

Для чаго гэта робіцца, ніхто з прадстаўнікоў улады так і не змог патлумачыць, гэтая норма даўно існуе ў Кодэксе аб шлюбе, і ніякай легальнай магчымасці для аднаполых шлюбаў у Беларусі і так няма. Але аказваецца, на прыём да Качанавай «прыходзяць людзі, якія вярнуліся ў Беларусь з іншых краін дзеля таго, каб выратаваць сваіх дзяцей». 

«Не так усё проста і добра ў еўрапейскіх краінах. І каштоўнасці, якія там укараняюцца, непрымальныя для Беларусі. Яны вярнуліся сюды і жадаюць жыць у гэтай краіне», — кажа дэпутатка.

Фота slova.by

Жыхары Рагачова прапануюць пайсці яшчэ далей, дапісаць у Канстытуцыі, што шлюб дазволены паміж мужчынам і жанчынай толькі ад нараджэння, то-бок змяніў пол — не можаш зарэгістраваць свае адносіны. Пры змене пола чалавек атрымлівае новы пашпарт, дзе натуральна не ўказваецца ягоны папярэдні пол.

Відаць, жыхары Рагачова пра гэта яшчэ не ведаюць. Змена пола ў Беларусі магчымая толькі па рашэнні адмысловай камісіі, куды ўваходзяць медыкі, які дэталёва разглядаюць кожны выпадак, гэта даволі рэдкая з’ява. 

Яшчэ Качанава заявіла, што спрэчна ўспрымаецца пункт у Канстытуцыі, дзе прапісана, што кожны мусіць клапаціцца пра сваё здароўе.

У Чэрвені лідар прафсаюза лічыць, што новая Канстытуцыя вырашыць праблему з непажаданымі эсэмэскамі

Старшыня раённага прафсаюза ў Чэрвені правяла сустрэчу з работнікамі вузла электрасувязі. Вольга Коціна звярнула ўвагу на артыкул 28 Канстытуцыі, паводле якога дзяржава стварае ўмовы для абароны персанальных даных, бяспекі асобы і грамадства і пры іх выкарыстанні. 

Фота cherven.by

«Усе мы падпісаныя на інтэрнэт- і смс-рассылкі аб зніжках і акцыях, а ў краму прыходзім з веерам зніжкавых карт, добраахвотна пакідаючы персанальныя даныя, тэлефон, электронную пошту і іншыя рэквізіты нават на касе крамы, — цытуе прафсаюзнага лідара газета «Раённы веснік». — Некаторыя нядобрасумленныя аператары сувязі, агенцтвы нерухомасці і іншыя арганізацыі «зліваюць» даныя сваіх кліентаў і нават вытрымкі з кадастраў па першым патрабаванні «заказчыкаў». Усведамленне адказнасці за парушэнні нормаў Канстытуцыі, павінна іх спыніць».

Пакуль новая Канстытуцыя не прынятая, нагадаем, што лепш не пакідаць свае даныя ненадзейным крыніцам, таксама можна адпісацца і заблакаваць спам-рассылку, а яшчэ ў Беларусі прыняты закон аб персанальных даных, які ўжо рэгулюе гэтыя пытанні.

Гродзенскія камуністы патрабуюць замацаваць дамінаванне дзяржаўнай ідэалогіі

У Гродне абмеркаваць новую Канстытуцыю сабраліся камуністы. Як паведамляе газета «Перспектыва», камуніст Ягорычаў прапанаваў дадаць асобны артыкул «Аб ролі і значнасці працоўных калектываў у развіцці нашай краіны». А таксама падкрэсліў неабходнасць дапоўніць артыкул 15, дзе падкрэсліваецца захаванне гістарычнай памяці і праўды словамі «і савецкага перыяду гісторыі». 

Фота rgazeta.by

А камуністы Гарбачова і Енджэеўская выступілі катэгарычна супраць увядзення разнастайнасці ідэалогій — «у Канстытуцыі павінна быць дакладна прапісана дамінаванне адзінай дзяржаўнай ідэалогіі».

«Нашу гісторыю не перапісаць нікому»

Многія начальнікі на сустрэчы з рабочымі падкрэсліваюць, што ў новай Канстытуцыі будзе замацавана абарона гістарычных каштоўнасцяў, але размова вядзецца выключна пра адну тэму — Вялікая Айчынная вайна.

Фота polese.by

«Усе мы ведаем, што Беларусь найбольш пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І тую праўду, а ваявалі і мае два дзяды, сёння хочуць апаганіць», — заявіў старшыня Беларускага прафесійнага саюза аграпрамысловага комплексу Васіль Хвацік на сустрэчы з супрацоўнікамі фермы ў Столінскім раёне.

Хто і як хоча апаганіць праўду, прафсаюзны лідар не ўдакладніў, але дадаў: «Нашу гісторыю не перапісаць нікому. І гэта будзе абаронена Канстытуцыяй. Людзі гэта ўхваляюць, разумеюць. Лічу, што новая Канстытуцыя, якая будзе прынятая на рэферэндуме, гэта падмурак стабільнасці нашай Беларусі».

На Століншчыне абмеркаванне Канстытуцыі сумясцілі з вынікамі конкурса «Наш жывёлавод». Як пішуць «Навіны Палесся», найлепшыя даяркі «будуць сагравацца зімовымі вечарамі пад цёплымі пледамі, а загадчыцы фермы ўручылі дакументы на пральную машыну, якая вельмі неабходна ў гаспадарчай дзейнасці».

Апублікавалі праект змен у Канстытуцыю Беларусі. Што там новага?

Што не так з выступам Лукашэнкі на пасяджэнні па гістарычнай палітыцы? Меркаванне

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера