Знайсці
13.01.2022 / 22:01РусŁacБел

«Навошта лічыць славян неданародам, які нібыта не можа жыць як увесь астатні цывілізаваны свет?»

Тэлеграм-канал Rerum Novarum рэзка раскрытыкаваў меркаванне, выказанае ў нядаўнім інтэрв'ю праваслаўнага ігумена Аўксенція (Абражэя) з Калінкавічаў, што, маўляў, «у нас, славян, на ўзроўні архетыпу закладзена кіраванне царом, і гэта было ад каранацыі да смерці».

Фота: Zysko / depositphotos.com

Вось адкуль у людзей бярэцца такое непаважлівае і нават грэблівае стаўленне да славян? Чаму яны лічаць славян нейкім неданародам, які нібыта не можа жыць як увесь астатні цывілізаваны свет? Чаму яны думаюць, што славяне не могуць нармальна абіраць уладу, а толькі і хочуць, каб ім на горла наступалі армейскім ботам?

Тым больш, што і гісторыя не сказаць, каб гэта пацвярджала. Мы ўжо пісалі пра шляхецкую Рэспубліку ў Рэчы Паспалітай, дзе шляхта абірала і зрынала манархаў (так-так, Ян Казімір Ваза, Станіслаў Ляшчынскі і Аўгуст Саксонскі не дадуць схлусіць). А Рэч Паспалітая, на хвілінку, гэта тры славянскія краіны — Беларусь, Польшча і Украіна. Ды і раней полацкае веча магло спакойна прагнаць князя, дарэчы, таксама абранага. Гэты прывілей захоўваўся нават у ВКЛ, дзе неўзабаве з'явіліся магдэбургскае права і розныя прывілеі шляхце.

Але, як бачым, праваслаўны святар не ведае гісторыі Беларусі, дзе ён нарадзіўся, вырас, атрымаў адукацыю і ўсё сваё жыццё правёў. Да чаго ўсё гэта, калі ёсць «царская Расія»? Але нават у Расіі існавалі Наўгародская і Пскоўская рэспублікі, якія былі знішчаныя Масквой.

У суседняй Украіне была дэмакратычная казацкая Гетманшчына і нават анархісцкая Махноўшчына. У Харватыі 450 гадоў нядрэнна сябе адчувала Дуброўніцкая Рэспубліка. У міжваенны перыяд Чэхаславакія была адзінай краінай Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якая захавала дэмакратычны лад. І цяпер, пасля падзення камуністычных рэжымаў, абсалютная большасць славянскіх краін спакойна жыве са змяняльнасцю ўлады. Так, не заўсёды ідэальна, але яны толькі ў пачатку шляху.

Нам жа прапануюць жыць так, нібы мы пад нейкім мангола-татарскім ярмом або ў складзе імперыі турак-асманаў, якія і прынеслі чужыя славянам ідэі султанізму і абсалютнай улады хана-цара. Пара б ужо пазбавіцца ад гэтага стакгольмскага сіндрому.

Ну і так, у нашых шыротах Царква па-за палітыкай — гэта толькі тады, калі трэба народ абараніць. Калі ж прапануюць цалавацца з уладай, то пра гэта «па-за палітыкай» адразу ж забываюцца.

Ігумен з Калінкавіч: У нас, славян, на ўзроўні архетыпу закладзенае кіраванне царом

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930