Знайсці
12.01.2022 / 21:50РусŁacБел

Што Масква хоча ад Казахстана?

У выпадку з казахамі Масква не наважыцца сцвярджаць, што яны «таксама рускія». Расія будзе дзейнічаць інакш. Гісторык, доктар філасофіі і выкладчык шатландскага Універсітэта Сэнт-Эндруса Томаш Камузэля звяртае ўвагу на важныя акалічнасці «братняй дапамогі» краін АДКБ і задаецца пытаннем, ці чакае гэтую вялікую цэнтральнаазіяцкую краіну расійская будучыня.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Фота: ТАСС.

Сірыя, Ганконг, Беларусь, а цяпер Казахстан. За апошняе дзесяцігоддзе інтэрнацыянал аўтакратаў удасканаліў методыкі фальсіфікацыі выбараў і падаўлення іншадумства, піша Камузэля. Аднак мала хто з назіральнікаў заўважае, што падкладка новага «крамлёўскага пакета» — этналінгвістычны нацыяналізм, ідэалогія «русского мира».

Крэмль навязвае постсавецкім дзяржавам кірыліцу і рускую мову з мэтай стварэння расейскай сферы ўплыву. І Масква хоча, каб гэтая неаімперская сфера ахоплівала ўсю тэрыторыю былога СССР ці нават Расійскай Імперыі. Агрэсіўнае выкарыстанне Масквой моўнай палітыкі — неад’емная частка стратэгіі гібрыднай вайны, якая памяншае патрэбу разгортвання войскаў і прамой анексіі.

Братняя дапамога

У Казахстане з 1 студзеня 2022 года знялі абмежаванне цэнаў на звадкаваны газ. Цана адразу ж вырасла на 100%, што моцна ўдарыла па збяднелым насельніцтве краіны сярод зімы. У выніку 5 студзеня ў галоўных гарадах успыхнулі пратэсты, якія хутка перараслі ў гвалт.

У адказ на просьбу прэзідэнта Казахстана аб дапамозе ўжо на наступны дзень Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы пад кіраўніцтвам Расіі накіравала ў краіну «стабілізацыйныя» вайсковыя сілы. Тады ж прэзідэнт Казахстана пагутарыў з беларускім дыктатарам пра досвед апошняга па падаўленні масавых пратэстаў у 2020 годзе, якія ўспыхнулі праз фальсіфікацыю выбараў. 

Пра гэта ўсё добра вядома, але на што міжнародныя назіральнікі збольшага не звяртаюць увагі, адзначае Камузэля, дык гэта на спіс з чатырох патрабаванняў да Казахстана, які выставіла ў твітары блізкая да ўлады прапагандыстка Маргарыта Сіманьян.

Перш за ўсё, паводле Сіманьян, Казахстан павінен прызнаць анексію Крыма Расіяй у 2014 годзе. А вось тры далейшыя патрабаванні адносяцца выключна да моўнай палітыкі. Казахстан павінен аднавіць кірыліцу ў якасці афіцыйнага алфавіту казахскай мовы. Руская мова павінна стаць другой дзяржаўнай мовай Казахстана, як і ў Беларусі з Кыргызстанам. І апошняе, але зусім не другараднае: Казахстан павінен «пакінуць у спакоі рускамоўныя школы», што азначае спыненне ўрокаў казахскай мовы ў такіх школах і любых планаў зрабіць гэтыя школы двухмоўнымі.

Выкладчык шатландскага ўніверсітэта паясняе сваім чытачам, хто такая гэтая Сіманьян: яна ўзначальвае Russia Today, галоўны прапагандысцкі рупар Крамля. Яе выказванні не проста прыватнае меркаванне, яны задаюць тон таму, якім павінен быць погляд расійскай грамадскай думкі на тое ці іншае пытанне, як таго патрабуе прэзідэнт Расіі. 

«Рускі свет»

Доктар Камузэля заўважае, што пасля вайны Расіі з Грузіяй у 2008 годзе і асабліва пасля анексіі Крыма ў 2014-м ні ў кога не заставалася аніякіх сумневаў у адраджэнні расійскага імперыялізму. Але на Захадзе мала заўважаюць спалучэнне гэтага імперыялізму з этналінгвістычным нацыяналізмам, больш характэрным для Цэнтральнай Еўропы.

Пасля распаду Савецкага Саюза ў складзе Расійскай Федэрацыі захаваліся аўтаномныя рэспублікі, якія маюць каля 30-ці дзяржаўных моў, адрозных ад рускай. Адна з самых незалежных этнічна нерасійскіх аўтаномных рэспублік у Расіі — Татарстан. У 1999 годзе ў гэтай рэспублікі было прынята рашэнне аб замене ў татарскай мове кірыліцы на лацінку. Гэты акт уступіў у сілу ў 2001 годзе, а запланаваная замена алфавіту мусіла быць завершана да 2011 года. Але Крэмль забараніў гэта рабіць. Больш таго, у 2002 годзе расійская Дума абвясціла кірыліцу адзіным магчымым афіцыйным алфавітам для ўсіх моў народаў Расіі. 

Так Крамлём закладаюцца асновы неаімперскай палітыкі «рускага свету», няўхільнай русіфікацыі. Афіцыйна Расійская Федэрацыя застаецца шматмоўнай, але на практыцы руская мова — адзіная мова грамадскага жыцця, адміністрацыі, СМІ і адукацыі, піша доктар Камузэля. Этнічным нярускім, якія з’яўляюцца грамадзянамі Расіі, неабходна валодаць рускай мовай, у той час як этнічныя рускія не выказваюць ахвоты вывучаць мясцовыя мовы, нават калі яны стала пражываюць у нейкай этнічна нярускай аўтаномнай рэспубліцы. 

У ідэале, з пункту гледжання Крамля, як мяркуе Камузэля, уся постсавецкая прастора павінна заставацца кірылічнай, выкарыстоўваць «рускі алфавіт». Пасля анексіі Крыма кірыліца была адразу навязаная крымскім татарам (Украіна па-ранейшаму падтрымлівае выкарыстанне лацінскіх літар для гэтай мовы.) Таксама і ў сепаратысцкім Прыднястроўі, якое знаходзіцца пад вайсковым кантролем Расіі, кірыліца выкарыстоўваецца для малдаўскай мовы, хоць у самой Малдове з 1989 года выкарыстоўваецца лацінка.

«Наступны крок — патрабаванне захавання або аднаўлення рускай мовы як дзяржаўнай у постсавецкіх дзяржавах, — сцвярджае доктар Камузэля, які займаецца навуковымі даследаваннямі ў галіне нацыянальнай і моўнай палітыкі. — Калі дзяржава, пра якую ідзе гаворка, адмаўляецца і настойвае на палітыцы этналінгвістычнага аднамоўя ў сваёй нацыянальнай мове, Масква ідзе на пагрозы». 

Томаш Камузэля мяркуе, што аўтакратычная Беларусь — ідэал «рускага свету». У 1995 годзе рускую мову тут зрабілі адной з дзвюх дзяржаўных моў, фактычна выключыўшы беларускую мову з грамадскага жыцця. 

Крэмль моцна ціснуў на Украіну, каб яна пайшла па беларускім шляху, у тым ліку каб яна замяняла ўкраінскую мову рускай. Рэвалюцыя Годнасці 2014 года спыніла гэтую антыўкраінскую палітыку, да вялікага засмучэння Масквы. Сярод іншага гэтая няўдача паслужыла яшчэ адным «апраўданнем» расійскай анексіі Крыма і пачатку расійскай вайны ва ўсходняй Украіне, якая доўжыцца дагэтуль.

«Відавочна, што гэтая вайна не за мову і пісьмо, — адзначае Камузэля. — Мэта — усталяванне рэальнага кантролю над палітыкай і эканомікай Украіны».

Руская мова і кірыліца — знак вернасці, сімвал расійскага панавання, бачная простым вокам пашана аўтакрату на крамлёўскім троне. Але ў эпоху інтэрнэту і сацыяльных сетак гэтая мова і алфавіт таксама ствараюць шырокую магістраль для расійскай прапаганды ў постсавецкіх краінах.

Расійская будучыня Казахстана? Ці беларуская?..

Рашэнне аб тым, як Казахстан павінен называцца на казахскай мове — Qazaqstan або Қазақстан, — не з’яўляецца пустым пытаннем. Цяперашняя інтэрвенцыя Расеі ў Казахстан («даруйце, братэрская дапамога АДКБ», — іранізуе Камузэля), напэўна, акажацца паспяховай. Аўтакратыя пераможа. Прэзідэнт Казахстана, хутчэй за ўсё, застанецца на пасадзе.

Паводле планаў, казахская мова павінна быць пераведзена на лацінскі алфавіт да 2025 года.

І тады трэба пільна сачыць за прасторай моўнай палітыкі. Ці збіраецца прэзідэнт Казахстана выконваць патрабаванні Сіманьян? А чаму б яму і не выканаць?.. Гэта невялікая цана, якую трэба заплаціць за тое, каб атрымаць ладную частку багаццяў краіны. 

Калі спраўдзіцца прагноз пра падпарадкаванне Казахстана Крамлю, то будуць і звычайныя неаімперскія наступствы. За заслонай казахскай мовы на аснове кірыліцы і хуткага пашырэння выкарыстання рускай мовы ў грамадскім жыцці і адукацыі краіны Масква атрымае кантроль над 3% сусветных запасаў нафты і 12% сусветных радовішчаў урану, якія знаходзяцца ў Казахстане. Акрамя таго, цяпер на Казахстан прыпадае амаль палова сусветнай вытворчасці ўрану.

«Аўтакраты ўсяго свету, яднайцеся! — саркастычна заклікае доктар Камузэля. — Дыктатарскі лідар Кітая з энтузіязмам падтрымлівае жорсткую рэакцыю прэзідэнта Казахстана на пратэсты і яго беспардоннае выкарыстанне агнястрэльнай зброі. У той час як Захад не хоча дзяліць з Расіяй цэнтральную і ўсходнюю часткі Еўропы на сферы ўплыву, Пекін не бачыць праблем у такім геапалітычным «перадзеле» Цэнтральнай Азіі. Такім чынам, Казахстан належыць Расеі, але Масква павінна падтрымліваць генацыд уйгураў у Сіньцзяне, які Кітай выдае за «змаганне з тэрарызмам», — піша Камузэля.

Калі Расія дасягне геастратэгічнага поспеху ў Казахстане, заслона маўчання таксама абавязкова апусціцца і на тэму савецкага генацыду ў пачатку 1930-х. «Тая трагедыя, выкліканая калектывізацыяй сельскай гаспадаркі, знішчыла амаль палову ўсіх этнічных казахаў, — піша Камузэля. — Для параўнання, у сучаснай Украіне, якая вырвалася з-пад неаімперскага кантролю Крамля, гэтакі ж савецкі генацыд Галадамору стаў нарожным каменем ідэнтычнасці постсавецкай краіны. Тым не менш Расія, як правапераемніца Савецкага Саюза, вырашыла адмаўляць факт якога-кольвек генацыду. Крэмль сцвярджае, што ўкраінцы і рускія з’яўляюцца адзінай нацыяй, гістарычна аб’яднанай, у тым ліку адзінай для абодвух народаў рускай мовай».

У выпадку з казахамі Масква, вядома, не наважыцца сцвярджаць, што яны «таксама рускія». Тым не менш, наданне рускай мове і расійскай культуры асаблівага статусу будзе прывязваць постсавецкія краіны да Расіі, папярэджвае Томаш Камузэля.

Чытайце таксама:

Змясціў Назарбаева і стаў сапраўдным лідарам Казахстана. Што эксперты па Сярэдняй Азіі кажуць аб пратэстах у Казахстан

Чаму падзеі ў Казахстане нельга параўноўваць з беларускімі, але што з іх логікі трэба запомніць

«Салдаты, якія ўдзельнічалі ў разгоне, размаўлялі па-руску». Як расстралялі Плошчу ў Алматы

«Стары, сыходзь!» Расказваем пра культ асобы Назарбаева, супраць якога паўсталі казахі

Лукашэнка — расійскаму прапагандысту: Назаві яшчэ адну такую краіну, дзе руская мова развіваецца на шкоду нацыянальнай

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера