Знайсці
11.01.2022 / 19:45РусŁacБел

Перамога над кавідам, вяртанне ў офісы і жорсткая схватка Захаду з Расіяй і Кітаем. Што нам нясе 2022 год

Барацьба з кавідам, змаганне дэмакратыі з аўтарытарызмам, рэкордная інфляцыя, суперніцтва ЗША і Кітая, абмежаванне ўплыву тэхналагічных гігантаў, будучыня дыстанцыйнай працы, Чэмпіянат свету па футболе і зімовая Алімпіяда… Сабралі для вас асноўныя глабальныя прагнозы і трэнды, якія будуць вызначаць наша жыццё ў 2022 годзе.

Свет пераможа кавід

Развітыя краіны дасягнулі вялікіх поспехаў у распрацоўцы і вытворчасці эфектыўных вакцын, якія дазваляюць істотна скараціць смяротнасць ад каранавіруснай інфекцыі. Больш за тое, распрацоўваюцца новыя і новыя метады лячэння кавіду і нават таблеткі.

Усё ідзе да таго, што нават калі кавід і застанецца ў нейкім выглядзе, то ён ужо не будзе такім небяспечным, як раней. Прынамсі, у развітых краінах. 

CNBC прагназуе, што вірус з часам стане сезонным, «эндэмічным», не такім сур’ёзным і будзе пераносіцца больш лёгка, згадкі пра яго знікнуць на фоне штодзённага жыцця. Так ужо было і з пандэміяй іспанскага грыпу ў 1918 годзе, і пандэміяй свінога грыпу ў 2009 годзе.

Магчыма, вакцынацыя ад кавіду стане рэгулярнай, кожны раз супраць новага штаму, як гэта бывае з сезоннай вакцынацыяй супраць грыпу.

Біл Гейтс хоча спадзявацца, што крытычная фаза пандэміі завершыцца ў 2022 годзе і адбудзецца гэта дзякуючы вакцынам.

«Я спадзяюся, што праз пару гадоў вы будзеце думаць пра вірус толькі ўвосень, калі будзеце рабіць агульную вакцыну ад COVID і грыпу», — піша стваральнік Microsoft.

Нават калі чалавецтва і пераможа кавід, так, як было «да COVID-19», ужо не будзе. Глабальны крызіс назаўжды змяніў як навуку, палітыку і бізнэс, так і штодзённае жыццё.

Барацьба дэмакратыі і аўтарытарызму

Адна з гарачых тэм — барацьба аўтарытарнага Кітая і дэмакратычнага Захаду за тое, чыя палітычная, эканамічная і сацыяльная сістэма найлепшая. 

З аднаго боку, кітайская мадэль для многіх з’яўляецца альтэрнатывай заходняй ліберальнай дэмакратыі. Кітай працягвае дэманстраваць поспехі ў многіх эканамічных аспектах, а таксама адносна эфектыўна змагаецца з кавідам.

З другога, у Кітаі пад кіраўніцтвам Сі Цзіньпіна ўзмацняюцца аўтарытарныя тэндэнцыі, эканоміка праходзіць праз энергетычны крызіс, кітайскія гіганты нерухомасці перажываюць дэфолт.

Кітай усё часцей уступае ў канфрантацыю са знешнім светам, кітайска-амерыканскія адносіны настолькі напружаныя, што за гандлёвай вайной некаторыя эксперты чакаюць і гарачую. Тое, як будуць развівацца адносіны дзвюх краін у 2022 годзе, і будзе вызначаць асноўныя трэнды ў міжнароднай палітыцы.

Большасць экспертаў прагназуе, што адносіны паміж краінамі паляпшацца не будуць.

«Я лічу, што гэтая напружанасць паміж Кітаем і ЗША захаваецца ў 2022 годзе, у тым ліку ў галіне правоў чалавека, геапалітыкі і бяспекі», — сказаў Ву Цян, палітычны аглядальнік з Пекіна.

У Злучаных Штатах моцна раз'яднаныя дэмакраты і рэспубліканцы. Але адзінае пытанне, у якім яны цалкам салідарныя — жорсткая пазіцыя адносна Кітая.

У Пекіне Сі Цзіньпін рыхтуецца да далейшага ўмацавання сваёй улады падчас партыйнага з'езду ў кастрычніку. Таму Кітай таксама не будзе гатовы ісці на кампрамісы.

«Магчыма, ужо ў 2022 годзе кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін палічыць палітычна мэтазгодным паспрабаваць захапіць Тайвань: можа быць, усяго некалькі яго невялікіх выспаў, а можа быць, і галоўны востраў», — лічыць эксперт амерыканска-кітайскіх адносін Айзэк Стоўн Фіш.

Сусветны рост цэн працягнецца

Татальны рост цэн будзе адным з галоўных выпрабаванняў 2022 года. Ужо ў 2021 годзе сусветныя цэны на прадукты дасягнулі гістарычных максімумаў.

Каласальна выраслі цэны на прыродны газ у Еўропе, што пацягне за сабой рост цэн і ў іншых галінах вытворчасці, дзе выкарыстоўваюцца энергарэсурсы.

Праблема з дэфіцытам камп’ютарных чыпаў і іх высокага кошту таксама наўрад ці будзе вырашаная ў 2022 годзе.

Адной з галоўных прычын высокай інфляцыі ў свеце стаў крызіс глабальнага ланцужка паставак. Гэта крызіс, падчас якога праз пандэмію COVID-19 замарудзіліся глабальныя ланцужкі паставак і перавозкі, што выклікала рост цэн і дэфіцыт розных тавараў па ўсім свеце, а таксама паўплывала на структуру сусветнага спажывання.

«Мы прадбачым, што кавід і яго новыя варыянты будуць працягваць парушаць працу партоў і абмяжоўваць прадукцыйнасць працы ў 2022 годзе», — кажа выканаўчы дырэктар кампаніі Container xChange Крысціян Рулафс.

Збоі ў глабальных ланцужках паставак могуць працягвацца да другой паловы 2022 года, гаворыцца ў справаздачы страхавой кампаніі Euler Hermes.

Euler Hermes спаслалася на новыя ўспышкі віруса, палітыку Кітая па барацьбе з кавідам і перабоі ў гандлі падчас кітайскага Новага года.

Меры па стрымліванні кавіду могуць паўплываць на вытворчыя і транспартныя аперацыі, пагаршаючы крызіс у ланцужку паставак. Аналітыкі раней папярэджвалі, што новы варыянт, амікрон, можа нанесці яшчэ адзін удар па ланцужках паставак. Але гэты хаос у ланцужку паставак, хутчэй за ўсё, аслабне ў другой палове 2022 года.

Дыстанцыйная праца стане новай рэальнасцю

З пачаткам пандэміі многія работнікі перайшлі на дыстанцыйную працу. Гэта стала магчымым дзякуючы развіццю такіх інтэрнэт-сервісаў, як Zoom і Google Meet.

З аднаго боку, каранцінныя абмежаванні і праца з дому дазволілі стрымаць кавід, зрабіць працу людзей больш гнуткай і незалежнай ад месца. З іншага боку, дыстанцыйная праца мае каласальныя недахопы: людзі, што працуюць з дома, пачалі перапрацоўваць, ім стала цяжка размежаваць прыватнае і працоўнае жыццё, яны пачалі страчваць сацыяльныя навыкі і менш рухацца.

Многія буйныя працадаўцы хацелі б, каб іхнія работнікі вярнуліся на працу. Магчыма, 2022 год пройдзе пад маркай вяртання ў офісы праграмістаў, маркетолагаў, бухгалтараў і іншых. Прынамсі, частковага вяртання, у гібрыдным рэжыме, калі частку працы работнікі будуць рабіць з дому, частку — у офісе.

З іншага боку, узнікае шмат пытанняў: якім будзе гэты гібрыдны рэжым, якую частку работнікі будуць праводзіць у офісе, а якую — дома, як людзей заахвоціць з’яўляцца ў офісе, што рабіць з новымі ўспышкамі кавіду і гэтак далей.

Вось што плануюць рабіць у 2022 годзе найбуйнейшыя кампаніі.

Amazon абвясціла, што пакідае за асобнымі менеджарамі права вырашаць, ці будуць яе карпаратыўныя супрацоўнікі вяртацца ў офіс і з якой перыядычнасцю. 

Apple у сярэдзіне снежня перанесла вяртанне работнікаў у офіс на нявызначаную дату. Тэхналагічны гігант раней планаваў зрабіць гэта 1 лютага. Apple заахвочвае супрацоўнікаў праходзіць вакцынацыю, а таксама адкрывае офісы для тых, хто стаміўся працаваць з дому.

Facebook дазваляе тым, хто можа выконваць сваю працу дыстанцыйна, рабіць гэта ўвесь час, і не плануе абавязваць прыходзіць у офіс. Кампанія патрабуе ад сваіх супрацоўнікаў вакцынавацца.

Google спачатку планавала, што людзі вернуцца ў офіс да 10 студзеня, але потым адклала гэтае рашэнне. Зараз там працуюць па гібрыднай мадэлі (часткова дома, часткова ў офісе).

Twitter дазваляе супрацоўнікам, якія могуць выконваць сваю працу дыстанцыйна, працягваць працаваць з любога месца. Калі работнік хоча працаваць з офіса — вакцынацыя абавязковая.

Барацьба з тэхналагічнымі гігантамі

Усё ідзе да ўзмацнення ціску на тэхналагічныя гіганты з боку дзяржаўных рэгулятараў. Тэхналагічныя карпарацыі пачалі займаць непрапарцыйна высокую долю ў сусветнай эканоміцы, збіраць і назапашваць big data (вялікія даныя) у камерцыйных і палітычных мэтах, што можа ў перспектыве прывесці да знішчэння добрасумленнай канкурэнцыі і манапалізацыі ўсёй эканомікі некалькімі гігантамі.

Таму вялікія гульцы (ЗША, ЕС, Кітай, Індыя, Расія і іншыя) будуць старацца яшчэ больш зарэгуляваць дзейнасць тэхналагічных гігантаў, бо яны пагражаюць не толькі эканамічнай стабільнасці, але і дэмакратыі.

Першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зрабіў Кітай, чакаецца, што і заходнія краіны паспрабуюць уціхамірыць тэхналагічныя кампаніі.

Роб Райх, прафесар паліталогіі Стэнфардскага ўніверсітэта мяркуе, што ў 2022 годзе ў ЗША возьмуцца за рэгуляцыю тэхнагігантаў. Прафесар чакае, што прымуць новыя законы, якія абавяжуць буйныя кампаніі быць больш празрыстымі для незалежных даследчыкаў і грамадскасці ў пытанні работы алгарытмаў сацсетак.

Таксама прафесар прадказвае, што дзяржава зоймецца аховай прыватных даных на заканадаўчым узроўні, а дэмакратычныя краіны наладзяць больш цесную каардынацыю ў галіне тэхнічнага рэгулявання.

Нас чакае новая касмічная гонка

Тэхналагічны партал Cnet мяркуе, што ў 2022 годзе нас чакае новая касмічная гонка.

Кітай і Расія супрацоўнічаюць у стварэнні базы на Месяцы да 2030 года, а таксама ў высадцы робата на астэроід (у 2024 годзе).

NASA зноў выказалася пра свае амбіцыі аднавіць палёты чалавека на Месяц.

Будуць працягваць развівацца прыватныя касмічныя кампаніі і касмічны турызм. SpaceX, Blue Origin і Virgin Galactic адправілі турыстаў у космас у 2021 годзе, і гэты трэнд будзе толькі нарастаць у 2022 годзе.

У 2022 годзе SpaceX плануе запусціць сваю шматразовую ракету і касмічны апарат Starship ў палёт.

Ілан Маск сказаў: «Гэта вялікая рэвалюцыя. Ніколі раней не існавала цалкам шматразовай арбітальнай ракеты-носьбіта. Гэта фундаментальны прарыў, неабходны чалавецтву для таго, каб стаць касмічнай цывілізацыяй».

Тым часам кампаніі SpaceX StarLink і Blue Origin, а таксама праект Amazon Kuiper запусцяць тысячы нізкаарбітальных спадарожнікаў у атмасферу ў 2022 годзе. Яны забяспечаць планету хуткім і танным інтэрнэтам, хаця і створаць новыя праблемы — з касмічным смеццем. Мікраспадарожнікі будуць перашкаджаць прафесійным астраномам і аматарам глядзець на зорнае неба, а касмічнае смецце можа стаць новым яблыкам разладу ў адносінах дзяржаў.

Вяртанне спартыўных спаборніцтваў

Сёлета адбудуцца дзве знакавыя спартыўныя падзеі: зімовая Алімпіяда ў Пекіне і Чэмпіянат свету па футболе ў Катары. Яны пакажуць, ці ачухаўся прафесійны спорт ад удараў пандэміі, якая ў 2020 годзе сапсавала арганізатарам, спартсменам і гледачам усе планы.

Нагадаем, праз пандэмію была перанесеная такійская алімпіяда і футбольны Чэмпіянат Еўропы. Нават тыя турніры, якія працягвалі праходзіць, часта былі без аднаго з галоўных атрыбутаў спорту — гледачоў і заўзятараў. У 2022 годзе вялікі спорт паспрабуе вярнуць увагу публікі.

Пікантнасці дадае тое, што даўно палітычныя спаборніцтвы не былі настолькі палітызаванымі, якімі яны будуць у 2022 годзе.

Зімовая алімпіяда будзе праходзіць у аўтарытарным Кітаі, які зараз знаходзіцца ў жорсткім клінчы з заходнім светам, і краіна будзе максімальна імкнуцца выкарыстаць Алімпіяду ў мэтах прапаганды, каб паказаць уласную перавагу над Захадам. 

Чэмпіянат свету па футболе — 2022 таксама будзе адным з самых скандальных, на фоне карупцыйнага скандалу з перадачай Катару правоў на правядзенне гэтага спартыўнага спаборніцтва. Гэта будзе самы дарагі чэмпіянат свету, які каштаваў краіне каля 200 мільярдаў даляраў, а таксама, паводле газеты The Guardian, забраў жыцці тысяч людзей на будоўлях.

Газета звяртае ўвагу, што Кітай і Катар будуць выкарыстоўваць прэстыжныя спартыўныя спаборніцтвы для адбельвання і легітымізацыі сваіх аўтарытарных рэжымаў і адцягвання ўвагі ад парушэння правоў чалавека. Як гэта рабіў Гітлер падчас берлінскай Алімпіяды — 1936. 

Нагадаем, Кітай рэгулярна крытыкуюць за негуманнае інтэрнаванне мусульман-уйгураў у канцэнтрацыйныя лагеры, пагрозы Тайваню і спробы ўстанавіць татальны палітычны і грамадскі кантроль над Ганконгам. Некаторыя заходнія краіны адмовіліся адпраўляць на пекінскую алімпіяду сваіх афіцыйных прадстаўнікоў — чыноўнікаў, хаця спартсмены на Алімпіяду паедуць.

Праблемы з правамі чалавека ўзнікаюць і ў Катары. Гэта і абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў, і прымусовая праца, і крыміналізацыя аднаполых адносін, і адсутнасць адказнасці за гвалт у адносінах да жанчын і меншасцяў. 

2022 год дасць адказ на пытанне, ці зможа вялікі спорт вярнуць увагу публікі ў пасткавідныя часы, а таксама ці зможа ён ачысціцца ад карупцыйных складальнікаў.

Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту пачала праверку, чаму беларускіх лыжніц адхілілі ад спаборніцтваў

ММ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера