«Я беларус, таму не магу не быць тут». У Кіеве прайшла акцыя салідарнасці з Казахстанам
У Кіеве прайшла акцыя салідарнасці з народам Казахстана. А 18-й гадзіне па мясцовым часе некалькі дзясяткаў неабыякавых людзей прыйшлі да пасольства Казахстана ва ўкраінскай сталіцы. Сярод іншых тут былі і беларусы, з некаторымі паразмаўляла «Наша Ніва».
Максім Буткевіч, каардынатар праекта «Без кордонів»
«Сёння сюды прыйшлі не толькі ўкраінскія праваабаронцы, але і беларускія калегі, бо яны бачаць шмат агульнага паміж тым, што адбываецца ў Беларусі і Казахстане», — адзначыў адзін з арганізатараў акцыі, каардынатар праекта «Без кордонів» Максім Буткевіч.
«Нашай Ніве» ўдалося пагутарыць з некаторымі ўдзельнікамі акцыі.
«Я прыйшла сюды, каб падтрымаць народ Казахстана ў імкненні да свабоды. У некаторым сэнсе іх сітуацыя яшчэ горшая за нашую, беларускую. Баюся, што ўвод у Казахстан войскаў іншай дзяржавы можа скончыцца як «Украіна 2.0», калі не горш. І беларусам, як нікому, знаёма гэта ўсё. Бо мы перажывалі гэта ўсё зусім нядаўна, зараз перажываем, невядома колькі будзем перажываць», — кажа Карына Пацёмкіна.
Карына Пацёмкіна
«Я сама толькі два тыдні як сюды прыехала — трымалася да апошняга, спрабавала да апошняга нешта рабіць. — працягвае дзяўчына. — Але адзіны мой лёс там — турма. Што тычыцца народа Казахстана: кожны народ, не важна, казахі гэта, беларусы ці ўкраінцы — мае права выйсці і выказаць свой пратэст ці нязгоду. Гэта базавае права. На жаль, як у Беларусі, так і ў Казахстане яно цалкам знішчана, але мы павінны трымацца разам!»
«Я беларус, таму не магу не быць тут! — адзначае іншы ўдзельнік акцыі з бел-чырвона-белым сцягам на плячах. — Гэта наш агульны боль, наша агульнае «пракляцце». Веру, што ў найхутчэйшым часе нашыя народы стануць вольнымі, перастане ліцца кроў…»
Свайго імя хлопец прасіў не называць, бо хвалюецца за блізкіх, якія знаходзяцца ў Беларусі.
За акцыяй назірала паліцыя, абышлося без інцыдэнтаў.