Двух жыхароў Мінска затрымалі за вострыя каментары на адрас беларускіх вайскоўцаў у Казахстане
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух мінчан за каментары на адрас беларускіх вайскоўцаў, што днямі накіраваныя у Казахстан у складзе сіл АДКБ. «Пакаяннае» відэа з'явілася ў телеграм-канале МУС.
Затрыманыя мінчане 30 і 32 гадоў — беспрацоўныя, паведамілі ў міліцыі. На відэа абодва распавядаюць, што публікавалі каментары ў сацсетках, і абяцаюць выдаліць іх.
Цяпер крытычна выказвацца на адрас сілавікоў у інтэрнэце небяспечна. Раней беларусаў таксама ўжо затрымлівалі толькі за каментары. У прыватнасці, за тыя, якія тычацца інцыдэнту са стральбой на вуліцы Якубоўскага ў Мінску, падчас якой загінуў супрацоўнік беларускіх спецслужбаў. Тады, паводле звестак праваабаронцаў, былі затрыманыя больш за 200 чалавек, 136 з іх узятыя пад варту.
Днямі стала вядома пра прысуд аднаму з такіх затрыманых: жыхар Магілёва атрымаў два гады калоніі паводле артыкула аб публічнай абразе.
А яшчэ раней затрымліваліся людзі, якія пакідалі неспачувальныя каментары на адрас беларускіх лётчыкаў, якія загінулі ў катастрофе пад Баранавічамі 19 мая 2021 года.