Знайсці
09.01.2022 / 07:56РусŁacБел

Нелегальную мігрантку, якая знаходзілася ў вышуку, затрымалі ў доме прэм'ер-міністра Швецыі

Прэм'ер-міністарка Швецыі Магдалена Андэрсан, нядаўна абраная на гэтую пасаду, адразу ж патрапіла ў палітычны скандал, звязаны з яе прыватным жыццём. Аказалася, што прыбіральшчыцай у яе доме працавала нелегальная мігрантка з Нікарагуа, якая знаходзілася ў вышуку.

Магдалена Андэрсан. Фота: Вікіпедыя.

Як паведамляе газета Expressen, 21 снежня 25-гадовая супрацоўніца клінінгавай кампаніі, якую нанялі для прыбірання дома прэм'ер-міністаркі Магдалены Андэрсан перад Калядамі, выконваючы сваю працу, выпадкова прывяла ў дзеянне ахоўную сігналізацыю.

Калі пасля таго ў дом прэм'еркі прыехала паліцыя і праверыла ў прыбіральшчыцы дакументы, то аказалася, што гэтая жанчына знаходзілася ў Швецыі нелегальна.

Яшчэ вясной 2020 года мігрантцы з Нікарагуа было адмоўлена ў відзе на жыхарства і яе мусілі дэпартаваць з краіны. Але нейкім чынам ёй тады ўдалося ад гэтага ўхіліцца, а з восені 2020-га жанчына ўвогуле знаходзілася ў вышуку за крадзеж з супермаркета. 

Цяпер шведскую прэм'ерку востра крытыкуюць за тое, што яна так нядбайна ставіцца да падбору людзей, якія маюць доступ на яе вілу. Многія журналісты, эксперты і чыноўнікі ставяць пытанне, наколькі пры такой сітуацыі можна гаварыць пра бяспеку фактычнага кіраўніка дзяржавы, калі ў жытло Магдалены Андэрсан могуць патрапіць зусім выпадковыя людзі. 

Тым больш што ў гісторыі Швецыі былі прэцэдэнты: у 1986 годзе быў забіты прэм'ер-міністр Улаф Пальмэ, а ў 2003-м — міністарка замежных спраў Анна Лінд. 

Звяртаецца ўвага таксама і на магчымую небяспеку дзяржаўным інтарэсам. Адзін з экспертаў, напрыклад, падкрэслівае, што Нікарагуа, грамадзянкай якога з'яўляецца прыбіральшчыца, — саюзніца Расіі.

Карацей, ад прэм'еркі патрабуюць больш сур'ёзнага кантролю за тым, з кім яна супрацоўнічае, нават калі гаворка ідзе пра звычайныя пабытовыя справы.

Магдалену Андэрсан такі абралі прэм'ерам Швецыі. Другі раз за тыдзень

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера