Знайсці
07.01.2022 / 21:33РусŁacБел

Чаму падзеі ў Казахстане нельга параўноўваць з беларускімі, але што з іх логікі трэба запомніць

Многія беларусы пабачылі ў падзеях у сэрцы Азіі паралелі з пратэстамі 2020 года ў Беларусі. Нічога падобнага. Піша Мікола Бугай.

У Алматы 4 студзеня дэманстранты не проста ўступілі ў сутычкі з паліцыяй, а здолелі адабраць зброю. Фота Ройтэрз.

Свет здзіўлена назіраў, як за суткі жалезабетонны, здавалася б, казахскі рэжым захістаўся і быў вымушаны прасіць дапамогі ў Масквы.

Многія беларусы пабачылі ў падзеях у сэрцы Азіі паралелі з пратэстамі 2020 года ў Беларусі.

Нічога падобнага.

У Беларусі людзі ад пачатку патрабавалі свабодных выбараў і адстаўкі дыктатара. У Казахстане першапачатковыя патрабаванні былі чыста эканамічныя, каб цану на газ ізноў зрабілі субсідаванай.

У Беларусі на вуліцы выходзілі сотні тысяч людзей. У два разы большым па колькасці насельніцтва Казахстане гэта былі, хутчэй, тысячы, чым дзясяткі тысяч.

У Беларусі цэнтрам пратэстаў была сталіца. У Казахстане сталіцу пратэсты амаль не зачапілі.

У Беларусі існавала, і існуе, і будзе існаваць структураваная, хай сабе і загнаная ў падполле апазіцыя — сапраўднае «паралельнае грамадства»: грамадскія арганізацыі, палітычныя групоўкі, СМІ і недзяржаўныя структуры. У Казахстане ўсё гэта таксама існуе, але ў нашмат слабейшым, зародкавым выглядзе. Затое там вялікае значэнне маюць родаплемянныя структуры.

У Казахстане традыцыйна моцны крыміналітэт і паўкрымінальныя структуры, якія хлынулі на вуліцы гарадоў, як толькі ўзнікла безуладдзе. Нічога падобнага ў Беларусі не было і не можа быць у прынцыпе.

Беларусы маюць з трох бакоў альтэрнатыву постсавецкай аўтакратыі, і, хоць гэта з геапалітычных меркаванняў не артыкулявалася Ціханоўскай і Бабарыкам у 2020-м, імкнуцца да збліжэння з Еўропай. І Еўропа гатовая да такога збліжэння. Геапалітычная сітуацыя казахаў, мякка кажучы, неспрыяльная для дэмакратычных перамен: з аднаго боку Расія, з другога Кітай, з трэцяга — талібы, Мірзіёеў і Бердымухамедаў на ахалтэкінскім скакуне.

Сама дынаміка падзей была ў KZ такая: пачалося з выбуху народнага абурэння ростам цэн на газ, пратэсты ахапілі вобласці, дзе жыве так званы «малодшы жуз» (Назарбаеў і Такаеў — з родаў «старэйшага жуза»), плюс да таго на вуліцы некалькіх гарадоў выйшлі некалькі соцень прадэмакратычных актывістаў. Пасля ў Алматы сабралася дэманстрацыя з удзелам некалькіх дзясяткаў тысяч чалавек, і тут жа пачаліся жорсткія, са стэпавай ярасцю, сутычкі. Іх ўдзельнікі сталі паліць машыны паліцыі, адбіраць у сілавікоў зброю і дубінкі.

Дэманстранты ў Астане на захопленым вайсковым грузавіку. Фота Абдуазіза Мадыярава, Франс Прэс.

Пры ўсіх нюансах у Беларусі было ўсё проста: за Лукашэнку і супраць Лукашэнкі азначала за дэмакратыю ці за аўтакратыю, за арыентацыю на Еўропу ці за арыентацыю на Расію, за прававую дзяржаву ці за дыктатуру.

У Казахстане ўсё складана: гэта і паддывановая барацьба «назарбаеўскіх» і, бач ты, «такаеўскіх», і старыя рахункі трох жузаў, і амбіцыі кланаў, адсунутых ад рэсурсаў, і прошукі сумнеўных гульцоў тыпу Мухтара Аблязава, і ісламісцкія ўплывы, і жаданні нізоў «забраць і падзяліць», і — таксама, але не галоўнае — імкненне сярэдняга класа, нацыянальных дэмакратаў, лібералаў і інтэлігенцыі дабіцца больш дэмакратыі. А таксама своеасаблівыя інтарэсы крымінальных і паўкрымінальных груповак, якім заварушка была выгадная проста, каб пажывіцца.

Калі на наступны дзень пасля першай крыві ў Алматы пратэстоўцы пайшлі на штурм адміністрацый і сілавых структур у дзясятку гарадоў краіны — значыць, такі быў арганізацыйны цэнтр за ўсім гэтым, паралельна з гэтым у вялікіх гарадах адначасова пачалося масавае марадзёрства і падпалы. Хто б ні стаяў за апошнім — у чатах пішуць, што гэта была наўмысная тактыка ўладаў. Было відавочна, што

ў актах сляпога разбурэння і марадзёрства ўдзельнічае столькі ж, калі не больш людзей, чым у пратэстах. Гэта нагадвала «псеўдарэвалюцыі» ў суседняй Кіргізіі, а не Майдан ці беларускія маршы.

І большасці адразу стала не да пратэстаў, бо трэба было бараніць уласную маёмасць. Сярэдні клас апынуўся ў сітуацыі той алмацінскай блогеркі, якая ўвечары насіла піражкі пратэстоўцам, а ўранку яе ювелірную краму распатрашылі.

Парадаксальна, што, хаця ніхто ў Казахстане, у адрозненне ад Беларусі, не ставіў пытання пра ўладу, ніхто публічна не патрабаваў адстаўкі Такаева, калі б Алматы быў сталіцай, у гэтай каламуці ўлада і пала б — на карысць іншага клана. І Пуціну засталося б зрабіць выгляд, што так і было — як ён не раз ужо рабіў выгляд адносна Кыргызстана (але наўрад ці на сёння ён праглынуў бы такое ў Беларусі). Ды толькі Назарбаеў сталіцу перанёс у пазалочаную Астану, за 1200 кіламетраў ад кіпучага поўдня. 

Меркаванне: Варта Назарбаеву было своечасова сысці, і ён застаўся б у гісторыі пазітыўным персанажам

Тым не менш, Астана налякалася настолькі, што Такаеў і Назарбаева адсунуў, і ўрад зняў, і палічыў за лепшае запрасіць для падстрахоўкі расійскія войскі (што сведчыць, магчыма, пра няўпэўненасць Такаева як кіраўніка і недавер да ўласных сілавых структур). А Пуціну толькі гэта і трэба: роля жандара-міратворца, нядорага.

Так казахі хацелі ніжэйшых цэн — а атрымалі расійскіх дэсантнікаў.

І так расійскія войскі маглі лёгка ўвайсці ў Беларусь у 2020-м, калі б толькі беларусы паспрабавалі зняць Лукашэнку сілай.

Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка падчас саміта СНД у Пецярбурзе. 29 снежня 2021 года. Скрыншот з відэа.

Толькі Казахстан не Беларусь: казахі іншай расы, трымаюцца сваіх кланаў і гавораць на сваёй мове, Назарбаеў пабудаваў аўтарытарную, але нацыянальную дзяржаву. А ад Беларусі рожкі ды ножкі могуць застацца, дай ты тут у дадатак да прарасійскага правіцеля яшчэ і расійскія войскі на вуліцах. Таму аналізаваць дзеянні казахскіх уладаў і казахскай вуліцы варта, але праводзіць паралелі няма падстаў.

І ўсё адно назіраць за ашаламляльнымі навінамі з Алматы Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну было страшна непрыемна: калі ўжо казахі хочуць перамен, то што гаварыць пра беларусаў. 

Чытайце таксама: Ад «Міс Казахстан» да «жонкі» Назарбаева. Хто яна, Асель Курманбаева?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера