Знайсці
05.01.2022 / 15:36РусŁacБел

Пачалі з цэнаў на газ, а цяпер патрабуюць адхілення Назарбаева. Што адбываецца ў Казахстане

Прэзідэнт Казахстана адправіў у адстаўку ўрад, хоць яшчэ ўчора заяўляў, што палітычны лад у краіне застанецца нязменным. Удзельнікі пратэсту выйшлі з пратэстам супраць павышэння цэн на газ, які ў Казахстане шырока выкарыстоўваецца як паліва для аўто. Абяцанні адкаціць цану назад людзей ужо не задавальняюць, яны патрабуюць палітычных зменаў, найперш, адхілення ад улады Назарбаева і членаў яго сям’і. Пляменніка Назарбаева, які быў першым намеснікам старшыні Камітэта нацыянальнай бяспекі, адправілі ў адстаўку, а яго лічылі адным з магчымых пераемнікаў прэзідэнта. 

Пратэсты ў Казахстане пачаліся на наступны дзень новага года і не прагназаваліся, асабліва такімі жорсткімі: у сеціве шмат відэа брутальных разгонаў дэманстрантаў, з вадамётамі і святлашумавымі гранатамі, сутыкненняў з сілавікамі і захопу спецтэхнікі.

Прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў паведаміў, што прыняў адстаўку прэм’ер-міністра, гэта значыць, што ў адстаўку адправілі ўвесь урад. Выконваць абавязкі прэм’ера будзе яго намеснік, астатнія міністры працягнуць працу ў статусе выконваючых абавязкі.

Пляменніка Назарбаева, які кантраляваў сілавы блок, заменіць дыпламат, які быў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Такаева. Адхіленне ад улады людзей Назарбаева — адно з асноўных патрабаванняў казахаў.

З чаго пачаўся пратэст?

Пратэсты пачаліся 2 студзеня ў Мангістаўскай вобласці, у нафтавым горадзе Жанаазен. Яго жыхары перакрылі дарогу, яны патрабавалі сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады. Прычына была сацыяльная — рэзка выраслі цэны на газ, які многія казахі выкарыстоўваюць як паліва для аўто.

За мінулы год цану падымалі некалькі разоў, яшчэ нядаўна газ каштаваў 38 тэнге за літр, а ў ноч на 1 студзеня цану паднялі да 120 тэнге. І гэта не першы пратэст, жыхары Жанаазена абураліся і ў 2020-м, а ў 2011-м годзе падчас пратэстаў загінула 16 чалавек, каля 100 былі параненыя. Тады ўсё пачалося з забастоўкі нафтавікоў, якія патрабавалі павысіць заробкі.

Кіраўнікі Жанаазена і Мангістаўскай вобласці выйшлі на перамовы з людзьмі, заявілі, што цана на газ можа быць зніжаная да 90 тэнге, але пратэстоўцаў гэта не задаволіла: яны запатрабавалі цану ў 50 тэнге.

І хоць спачатку ўлады заявілі, што гэта немагчыма, хутка змянілі сваё рашэнне і паабяцалі, што такі варыянт усё ж магчымы. Але гэта пратэст не спыніла, людзі выйшлі ўжо ў іншых буйных гарадах: у Актау, Алматы, Нур-Султан, Уральск, Актабе. 

Прэзідэнт Такаеў запісаў зварот, у якім прасіў удзельнікаў пратэсту «не паддавацца на правакацыі знутры і звонку, эйфарыі мітынгаў і ўсёдазволенасці».

Прапаганда тут жа заявіла, што за пратэстамі стаяць знешнія заходнія сілы, мітынгоўцы праплачаныя і дзейнічаюць па метадычках. Паліцыя затрымала сотні чалавек па ўсёй краіне, сеціва абляцелі кадры жорсткага затрымання, у тым ліку і жанчын.

І чым адзначыўся Казахстан — у бусік з затрыманымі сілавікі зацягнулі вазок з пяцімесячным дзіцём. Спачатку па ўсёй краіне перасталі працаваць месенджары WhatsApp, Telegram і Signal, потым улады выключылі мабільны інтэрнэт, а ў Алматы яшчэ і правадны, а таксама мабільную сувязь.

Незалежная прэса ўжо даўно не можа паўнавартасна працаваць у Казахстане, падчас пратэстаў затрымлівалі тых нямногіх незалежных журналістаў і блогераў, якія засталіся ў краіне. 

З аднаго боку, улады спрабавалі супакоіць людзей, з другога — жорстка затрымлівалі ўдзельнікаў пратэсту, але гэта не спыніла актыўнасць.

Наадварот, яна стала больш радыкальнай і жорсткай: мітынгоўцы захоплівалі спецтэхніку сілавікоў, пачалі паліць іх машыны, у адказ на гэта паліцэйскія пачалі кідаць святлашумавыя гранаты, пускаць слезацечны газ, задзейнічалі і вайсковую тэхніку — дарогі перакрытыя бронетранспарцёрамі.

Аднак пакуль народ не спыняецца, ідзе спроба захопу будынкаў адміністрацый. У Актабе сілавікі запусцілі вадамёты, нягледзячы на мароз.

Грамадзянскія і палітычныя свабоды ў Казахстане заціснутыя па максімуме. У краіне фактычна няма апазіцыі, Нурсултан Назарбаеў кіраваў з 1991 па 2019 год і перамагаў на выбарах, па афіцыйных лічбах, з лічбай 97,7%. Аднак пратэсты перыядычна выбухалі.

Напрыклад, у 2019 годзе ў выніку пажару зажыва згарэлі пяцёра дзяцей, іх бацькі ў гэты час былі на працы, сям’і не далі сацыяльнае жытло, яны не маглі ўладкаваць дзяцей у мясцовы дзіцячы садок. Пасля гэтага шматдзетныя маці пачалі працяглую барацьбу за павышэнне выплат сем’ям. 

Што да эканамічных патрабаванняў, то цяпер людзі выступаюць таксама за зніжэнне цэн на прадукты і камунальныя паслугі, скардзяцца на высокія крэдыты і недаступнасць жытла. Але відавочна, што гэтым разам казахі не спыняцца толькі на сацыяльных пытаннях, пратэст ужо пераўтварыўся ў палітычны.

Адно з ключавых патрабаванняў — адхіленне ад улады Назарбаева

У сацсетках з’явіліся патрабаванні ўдзельнікаў пратэсту:

  • гэта адстаўка ўрада (гэтае патрабаванне фармальна ўжо выкананае, але пакуль незразумела, наколькі новым па складзе будзе новы ўрад),
  • адстаўка ўсіх кіраўнікоў рэгіёнаў і правядзенне новых выбараў, скліканне Канстытуцыйнай рады,
  • забарона пакідаць Казахстан чыноўнікам і дэпутатам (у краіне высокі ўзровень карупцыі, і людзі баяцца, што прадстаўнікі ўлады могуць збегчы і вывезці шмат грошай, асцерагаючыся пераследу),
  • вызваленне і амністыя для палітвязняў, у тым ліку для тых, хто быў вымушаны з’ехаць за мяжу,
  • адкліканне вайсковых сілаў на базы іх знаходжання. 

Адно з ключавых патрабаванняў — адхіленне ад улады Назарбаева, які хоць фармальна і не кіруе краінай, але пасля сыходу пакінуў за сабой пасаду кіраўніка Рады бяспекі (пажыццёва) і члена Канстытуцыйнай рады.

Пасаду старшыні кіруючай партыі ён перадаў Такаеву толькі ў лістападзе 2021-га. Законам гарантаваная недатыкальнасць былога прэзідэнта Казахстана, і гэта таксама не задавальняе ўдзельнікаў пратэсту. 

Апроч таго, ва ўладзе застаюцца сваякі Назарбаева, праз якіх ён можа вырашаць свае пытанні. Яго старэйшую дачку, мужа другой дачкі і пляменніка лічаць магчымымі пераемнікамі прэзідэнта. 

Касым-Жамарт Такаеў, канечне, не самастойны палітык, а пераемнік Назарбаева, таму ад яго прызначэння, узгодненага з Масквой, вялікіх чаканняў не было. Аднак некаторыя паслабленні ўсё ж адчуваліся.

Дыпламат Такаеў зацікаўлены ў змене іміджу Казахстана на Захадзе, дзе рэгулярна выходзяць справаздачы аб парушэннях правоў, а гэта часткова ўскладняе прыход інвестыцый, асабліва новых тэхналогій.

Апошнія гады Казахстан спрабуе ператварыць Нур-Султан у рэгіянальны фінансавы цэнтр, цэнтр сучаснай адукацыі і развіцця ў рэгіёне.

Фота: «Спутнік Казахстана»

У свой час была распрацаваная дзяржаўная праграма па навучанні маладых казахаў на Захадзе з умовай, што яны абавязкова вернуцца, каб падняць узровень жыцця на радзіме. І сёння выпускнікі гэтай праграмы складаюць касцяк кіраўнічай эліты краіны.

На публіцы Такаеў і Назарбаеў дэманструюць поўную згоду, аднак ускосныя прыкметы рознагалосссяў усё ж існуюць: прэзідэнт спрабаваў адсунуць ад палітыкі старэйшую дачку Назарбаева Дарыгу. 

Цяпер Такаеў абяцае правесці рэформу газавай галіны, на 180 дзён уведзенае рэгуляванне цэн і на газ, і на бензін, і на дызельнае паліва, таксама паўгода абяцаюць кантраляваць цэны на прадукты.

Магчыма, увядуць мараторый на павышэнне цэн за камуналку, абяцаюць распрацаваць закон аб банкруцтве грамадзян і вырашыць пытанне з субсідыямі на арэнднае жыллё.

Такім чынам улады спрабуюць перавесці ўвагу пратэстоўцаў на выключна сацыяльныя праблемы і іх вырашэнне.

«Палітычны лад застанецца нязменным», — падкрэсліў Такаеў. Але спачатку і пра роспук урада гаворкі не ішло. 

Далейшая сітуацыя будзе залежаць ад таго, ці задаволяцца людзі вырашэннем сацыяльных праблем, і як будуць паводзіць сябе сілавікі і суды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсту і ўжо затрыманых грамадзян.

Рэпрэсіўны падыход да іншадумцаў, якіх прылічваюць да экстрэмістаў, у Казахстане распачаўся яшчэ ў 2016-м. Гэта ў Беларусі толькі ў 2021-м сталі кідаць за краты за негатыўныя каментарыі і лайкі. А ў Казахстане ўжо даўно існуюць «спісы экстрэмістаў». І нават пасля адбыцця пакарання яны жывуць з абмежаваннямі — напрыклад, сілавікі вызначаюць, колькі грошай у месяц яны могуць патраціць. 

Пакуль Расія асцярожна пракаментавала сітуацыю ў Казахстане.

«Перакананыя, што нашы казахскія сябры могуць самастойна вырашыць свае ўнутраныя праблемы», — выказаўся прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў

Але наўрад ці Крэмль ухваліць палітычныя саступкі народу, любое паўстанне на постсавецкай прасторы Пуцін успрымае як патэнцыйную пагрозу для рэгіёна. І менавіта Назарбаеў залагоджваў многія канфліктныя пытанні, калі Казахстан абвінавачвалі і ў недастатковай інтэграцыі, і ў празмерным нацыяналізме.

Сітуацыя ў Казахстане ўдзень 5 студзеня: пратэстоўцы штурмуюць выканкамы, раззбройваюць сілавікоў

Nashaniva.com, фота з тэлеграм-канала Оrda.kz

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930