Знайсці
05.01.2022 / 08:42РусŁacБел

Колькі ўлады збіраюцца патраціць на міліцыю, ахову здароўя і даўгі? Разам з экспертамі аналізуем бюджэт і здзіўляемся

Разам з экспертамі праекта «Кошт урада» паглядзелі апублікаваны праект рэспубліканскага бюджэту на 2022 год. Лічбы параўноўваем з удакладненнымі паказчыкамі бюджэту 2021 года (то-бок з фактычна выкананым бюджэтам, а не запланаваным на паперы).

Якія важныя адрозненні бюджэту на 2022 год? Аналітыкі праекта «Кошт урада» звяртаюць увагу на некалькі момантаў. 

Чакаецца, што скароцяцца падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці — на 10%. Па праекце яны складуць 4,5 мільярда рублёў. Відаць, улады рыхтуюцца да такога эфекту ад санкцый.

Кідаецца ў вочы значны рост расходаў на абслугоўванне дзярждоўгу — на 40%. Абслугоўванне — гэта толькі працэнты па крэдытах, без пагашэння асноўнай сумы. На аплату гэтых працэнтаў сёлета накіруюць 3,5 мільярда рублёў ( на мільярд больш, чым летась).

Істотна вырастуць расходы на нацыянальную абарону — на 21%. На армію пойдзе 1,8 мільярда рублёў. 

Расходы на міліцыю (1,1 мільярда рублёў) павялічацца на 11% — гэта практычна на ўзроўні інфляцыі. Агулам на суды, праваахоўную дзейнасць і бяспеку накіруюць 3,14 мільярда рублёў.

«Запланавана мінус 75% па жкг-паслугах і жыллёвым будаўніцтве, але гэта не навіна. Гэта адбываецца некалькі год запар, расходы моцна скарачаюцца. Верагодна, гэта звязана ці з размеркаваннем расходаў паміж мясцовымі бюджэтамі і рэспубліканскім, ці з павышэннем долі плацяжоў грамадзян», — тлумачаць эксперты.

На адукацыю з рэспубліканскага бюджэту выдаткуюць 1,46 мільярда рублёў, на сацыяльную палітыку — 2,3 мільярда. На ахову здароўя пойдзе 1,87 мільярда. Выглядае, што на бальніцы і школы грошай шкадуюць у адрозненні ад РУУСаў.

«Сацыялка ў асноўным фінансуецца з мясцовых бюджэтаў. З рэспубліканскага на гэта ідуць невялікія грошы, але яны накіроўваюцца не на паліклініку каля дома і не на школу, у якую ходзяць вашы дзеці. Гэта на, груба кажучы, адміністрацыйныя пытанні і некалькі бальніц рэспубліканскага прызначэння. 

Калі скласці мясцовыя бюджэты, атрымаецца, што на ахову здароўя траціцца нашмат больш, чым на сілавікоў і адукацыю. З мясцовых бюджэтаў няма затратаў на міліцыю ці армію. Там 80% сродкаў будзе патрачана на сацыяльную сферу», — звяртаюць увагу эканамісты. 

На рэферэндум плануюць патраціць амаль 34 мільёны рублёў. А ў рэзервовы фонд Лукашэнкі пойдзе ўдвая больш, чым летась — 1,17 мільярда рублёў.

Аб’ём фінансавання дзяржаўных СМІ практычна не змяняецца. БТ, напрыклад, дадуць 114 мільёнаў рублёў. Цікава, што летась праўладныя медыя ў выніку атрымалі на 3% менш сродкаў, чым было запланавана.

Рэспубліканскі бюджэт на наступны год запланаваны з дэфіцытам у 2,8 мільярда рублёў (расходаў плануецца на 30,6 мільярда). Прафінансаваць недастачу збіраюцца за кошт астаткаў сродкаў бюджэту папярэдніх гадоў.

«Гэта старая заначка. Да 2020-га года з пункту гледжання выкананання бюджэту былі тлустыя часы, бюджэт часта выконваўся з прафіцытам, сродкі назапашваліся. Цяпер яны на дэпазіце Мінфіна, і ён іх выкарыстоўвае, каб пакрываць дэфіцыт», — кажуць аналітыкі «Кошту ўрада». 

«Пытанняў ніколі не ўзнікала». У рэзервовы фонд Лукашэнкі на наступны год пойдзе ўдвая больш грошай, чым летась

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера