Знайсці
06.01.2022 / 08:12РусŁacБел

«Гатовая была памерці». Беларуска cцвярджае, што наглыталася таблетак у РУУС, пратэстуючы супраць затрымання — даведаліся дэталі гісторыі

У навагоднюю ноч бізнэс-трэнерка і адна з актывістак руху «Маці-328» Марына Кісялевіч апынулася ў рэанімацыі таксікалагічнага аддзялення Бальніцы хуткай меддапамогі. Яе сябры сцвярджалі, што жанчына наглыталася таблетак у РУУС пасля свайго затрымання. «Наша Ніва» высветліла дэталі гэтай гісторыі.

У таксікалогіі Бальніцы хуткай меддапамогі нам пацвердзілі, што да іх паступала такая пацыентка.

Цяпер Марына Кісялевіч пераведзеная ў звычайную палату і змагла распавесці, якім чынам трапіла ў бальніцу з атручаннем.

 

Марына Кісялевіч. Фота з Фэйсбука.

«30 снежня мне патэлефанавалі з міліцыі і спыталі, дзе я знаходжуся. Нібыта трэба апытаць мяне наконт нейкіх допісаў ва «УКантакце» пад маім прозвішчам. Я сказала, дзе я, бо ва «УКантакце» не сяджу і мне няма чаго баяцца. Але ўсё адно без аніякіх дакументаў трое супрацоўнікаў Крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РАУС прыехалі за мной і забралі ў аддзяленне разам з тэхнікай», — расказвае Марына. 

У РАУС жанчына распавяла, што актыўная толькі ў Фэйсбуку, і тады ёй пачалі паказваць допісы адтуль, распытваючы пра аўтарства.

«Тут я ўжо адмовілася сведчыць супраць сябе, спасылаючыся на 27-ы артыкул Канстытуцыі. На што мне выдалі, што я ўсё адно затрыманая як падазраваная па 188-м артыкуле Крымінальнага кодэкса (Паклёп, — заўв. «НН»). Нібыта вось ёсць нейкая заява нейкага грамадзяніна па факце паклёпу (мне нават не сказалі, на каго), і будзе праводзіцца праверка».

Жанчына расказвае, што ў РУУС яе пакінулі на ноч у халоднай камеры з каменнай падлогай памерам паўтара на паўтара метра.

«Там было вельмі халодна, так, што я не магла ні сядзець, ні спаць, і ўсю ноч прахадзіла. Адпускалі толькі ў прыбіральню», — расказала яна.

Зранку Марыну Кісялевіч павезлі ў раённы аддзел Следчага камітэта, але там яе справу вярнулі назад.

«Я звярнула ўвагу на тое, што такім чынам супрацоўнікі РУУС парушаюць 108 артыкул КПК: калі мяне затрымалі да завядзення крымінальнай справы, то гэтае пытанне павінна вырашыцца цягам сутак. Калі ж яно не вырашаецца — мяне трэба адпусціць. Але тут мне сказалі, што я буду затрыманая па адміністрацыйнай справе, пачалі патрабаваць пароль ад Фэйсбука. На мяне сталі крычаць, пагражаць. У мяне чамусьці не забралі таблеткі з асабістых рэчаў. І я не вытрымала, і выпіла сваё снатворнае. У мяне з сабой была пласцінка — дастаткова, як я лічыла, каб памерці».

Пасля гэтага жанчына памятае толькі як ёй выклікалі хуткую, спрабавалі справакаваць ваніты, паклалі на насілкі — яна знепрытомнела і прыйшла ў сябе першага студзеня ў рэанімацыі. 

У бальніцу да Марыны прыходзілі з міліцыі — высвятляць акалічнасці справы. Яна сказала, што для яе гэта відавочнае давядзенне да суіцыду.

«Я цяпер, канечне, разумею, што гэта было неразумна з майго боку, я моцна рызыкавала, і мой сын толькі пацярпеў ад маіх дзеянняў. Але ў мяне здалі нервы. Я гатовая была памерці, толькі б не ў турму па сфабрыкаванай справе. Відаць, паўплывала і тая ноч у камеры-халадзільніку: холад стаў для мяне сапраўдным катаваннем», — сыходзіць на слёзы Марына.

Пакуль яна на кропельніцах і ўколах у бальніцы, дзень выпіскі ёй яшчэ не анансавалі.

«Я буду пісаць на супрацоўнікаў Кастрычніцкага РУУС заяву: «давядзенне да суіцыду». Гэта не першы выпадак ціску на мяне. Не ведаю, з чым гэта звязана. Магу выказваць толькі здагадкі. З 2017 года я спрабую змагацца за сына, асуджанага па «наркатычным» артыкуле. У 2020-м падавала скаргі на бяздзейнасць улады падчас пандэміі і ў ЦВК на тое, што Лукашэнку зарэгістравалі незаконна.

А ў лістападзе бягучага года я напісала заяву на Лукашэнку ў КДБ па частцы 3 артыкула 357 КК (Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя дзеля захопу дзяржаўнай улады, — Заўв. рэд). Думаю, за гэта мне могуць помсціць, бо гэта не першая спроба адправіць мяне за краты. Раней абыходзілася штрафамі», — выказвае здагадкі жанчына.

***

«Наша Ніва» звярнулася па каментарый у Кастрычніцкі РУУС Мінска, а таксама ў прэс-службу ГУУС Мінгарвыканкама. Атрымаць аператыўны адказ не ўдалося. Як толькі мы яго атрымаем, адразу ж апублікуем.

Памятаеце 14-гадовага футбаліста, якога затрымліваў АМАП? Злілі размовы сілавікоў пра яго справу, а «Наша Ніва» даведалася, чым скончылася гісторыя

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930