Знайсці
03.01.2022 / 17:07РусŁacБел

Чым здзівіць новы корпус Нацыянальнага мастацкага музея ФОТЫ

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрыўся новы выставачны корпус, у якім будуць экспанавацца толькі часовыя тэматычныя праекты. Знаходзіцца ён побач з галоўным, па адрасе Карла Маркса, 24. Рэпартаж адтуль публікуе «Звязда».

Экскурсію па новым корпусе правяла загадчыца сектара маркетынгу Святлана Варапай:

— У новым выставачным корпусе чатыры паверхі. На першым знаходзіцца крама і кафетэрый, на другім размясціліся кабінеты навуковых супрацоўнікаў музея, відэазала і творчая студыя, якую ў далейшым мы плануем выкарыстоўваць для інклюзіўнай работы з дзецьмі і дарослымі. А трэці і чацвёрты паверхі адведзеныя пад экспазіцыі.

Ідэя стварэння музейнага комплексу ў межах аднаго квартала ў цэнтры горада з’явілася яшчэ на пачатку 2000-х гадоў. І вось паступова яна ажыццяўляецца. У планах — перабудаванне галоўнага корпуса, каб зрабіць яго яшчэ больш камфортным для наведвальнікаў.

— Мы не спыняем развіццё музея. Разам з выставачным корпусам па вуліцы Кірава адкрыліся новыя рэстаўрацыйныя майстэрні, а таксама наша навуковая бібліятэка, — адзначыла Святлана Варапай. — Наступны этап — рэканструкцыя і аднаўленне галоўнага корпуса. Фасад застанецца такім жа пазнавальным, але ўнутраную залу музея пераробяць, каб наведвальнікам і супрацоўнікам было больш зручна. Але паўтаруся: архітэктурную ідэю будынка мы абавязкова захаваем. 

Адна з галоўных пераваг новага корпуса — асвятленне і клімат-кантроль. На тых паверхах, дзе экспануюцца карціны, няма вокнаў — прыроднае святло шкодзіць мастацкім творам. Менавіта таму ў будынку ўсталяваныя спецыяльныя лямпы, якія даюць прафесійнае асвятленне. Дзякуючы ім, карціны быццам бы свецяцца знутры, а творы, якія захоўваюцца пад шклом, не блікуюць. Святлана Варапай адзначыла, што праз новыя функцыі музеефікацыя аб’ектаў адбылася ў поўнай ступені.

Яшчэ адна адметнасць новага корпуса, якую заўважыць кожны з наведвальнікаў, — магчымасць пазнаёміцца з рэстаўрацыйным працэсам, дзякуючы часовай выставе:

— Цяпер на трэцім паверсе экспануюцца выратаваныя мастацкія каштоўнасці. Гэта творы, з якімі працавалі нашы мастакі-рэстаўратары. Побач з карцінамі знаходзяцца тлумачальныя эксплікацыі. Яны дэманструюць першапачатковы стан карціны, а таксама паказваюць працэс аднаўлення твора, — распавяла Святлана Варапай. 

Выставачны корпус Нацыянальнага мастацкага музея — гэта і творчая пляцоўка. У спецыяльнай студыі займаюцца школьныя групы. Майстар-класы і інтэрактыўныя заняткі праводзяць супрацоўнікі музея. Ёсць і зала з вялікім экранам, дзе будуць адбывацца адукацыйныя лекцыі і сустрэчы. 

Арына Карповіч, фота Аліна Мазавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера