Знайсці
02.01.2022 / 21:31РусŁacБел

Правяраем аналітыкаў. Успамінаем прагнозы на 2021 і падводзім вынікі

У канцы 2020 і пачатку 2021 года Беларусь жыла зусім іншымі думкамі і чаканнямі. Надзеі на перамены падзялялі як простыя людзі, так і эксперты, але ж рэальнасць, як звычайна, жыве па непрадказальных правілах. «Наша Ніва» падсумоўвае, чаго чакалі беларусы на пачатку 2021 года і што з гэтых чаканняў спраўдзілася.

Сыход Лукашэнкі

Гэты варыянт быў чаканы многімі. Хтосьці выказваўся пра гэта абцякальна, хтосьці рэзка і катэгарычна.

«Чакаю змены рэжыму і таго, што ён стане больш дэмакратычным і менш аўтарытарным. Чакаю, што Лукашэнка збяжыць з Беларусі», — казаў экс-старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч. 

Але ж Лукашэнка застаўся на сваёй пасадзе, і нават два сапраўдныя міжнародныя скандалы — пасадка самалёта з Пратасевічам і мігранцкі крызіс — пакуль што не выбілі яго адтуль. Нікуды ён не пабег, не адбылося таксама і новых прэзідэнцкіх выбараў, якія прагназавалі некаторыя аналітыкі.

Вяртанне Ціханоўскай у Беларусь

Другое выцякала з першага. Тое, што Ціханоўская у 2021 будзе ў Беларусі, прагназавалі такія вядомыя аналітыкі, як Вольга Лойка, Арцём Шрайбман, Рыгор Астапеня.

Але пакуль Лукашэнка кіруе краінай, вяртанне Ціханоўскай магчымае, напэўна, толькі па «схеме Пратасевіча». 

Вызваленне Бабарыкі

Аптымістычныя прагнозы, што ўжо ў 2021 Бабарыка будзе на волі, таксама давалі многія эксперты і аналітыкі. 

Але ж экс-банкір атрымаў гіганцкі тэрмін у 14 гадоў калоніі і ўсё яшчэ застаецца за кратамі.

Амністыя для палітвязняў

Гэтай падзеі чакалі альбо як трыумфальнага вызвалення зняволеных новай уладай, альбо як ужо звыклы гандаль вязнямі з боку лукашэнкаўскай сістэмы. Спадзяванні былі і на амністыю ў навастворанае свята — так званы «Дзень народнага адзінства» 17 верасня. 

Але ж амністыі фактычна не адбылося. У 2021 годзе на волю выйшлі адзінкі (фігуранты справы «Прэс-клуба», Сяргей Павалішаў з Hoster.by, Віктар Куўшынаў з PandaDoc). У верасні ўсё ж 13 чалавек Лукашэнка памілаваў, але і там частцы замянілі калонію на «хімію». 

Колькасць жа палітвязняў за год вырасла ў разы. У канцы 2020 праваабаронцы прызнавалі 169 чалавек палітычнымі зняволенымі, у канцы 2021 — ужо 970. 

Разгром незалежных СМІ

Таксама ў 2021 годзе Лукашэнка зрабіў тое, на што не рашаўся ніколі раней: разграміў усе незалежныя СМІ ў Беларусі, ліквідаваў усе НКА. 

Гэтага чакалі не ўсе.

«Я не думаю, што ўладам трэба «закатаць нас у асфальт». Ва ўладзе ёсць людзі з разуменнем, што інфармацыйнае поле не цярпіць вакууму, а інфармацыйны «фронт» сёння амаль вырашальны ў палітычным супрацьстаянні. У насельніцтва ёсць запыт на навіны і матэрыялы, прысвечаныя тэмам, якія не асвятляюць дзяржаўныя СМІ, і напісаныя іншай мовай. У практычным сэнсе гэта азначае, што калі ўсіх «закатаць у асфальт», то ў прастору, якая вызваліцца, лінуць патокі інфармацыйнай прадукцыі зусім іншай якасьці, — казаў у пачатку мая Пятро Кузняцоў, публіцыст і рэдактар, заснавальнік папулярнага гомельскага партала «Моцныя навіны». — Я хутчэй схільны думаць, што будуць «паддушваць», што і цяпер робяць. Ніякай лібералізацыі ня будзе — гэта для ўладаў занадта вялікія рызыкі, а будзе навязванне такога напаўтурэмнага фармату. Атрымаецца ў іх загнаць незалежныя СМІ цалкам у рамкі самацэнзуры ці не атрымаецца, будзе залежаць у першую чаргу ад флагманаў».

Праз два тыдні сілавікі прыйшлі ў офіс Тут.бай, заблакавалі сайт партала, правялі ператрус і затрымалі кіраўнікоў і некаторых супрацоўнікаў, а ўлетку той жа лёс напаткаў амаль усю незалежную прэсу, у тым ліку і рэгіянальную. Заблакавалі і «Моцныя навіны» самога Кузняцова. 

Людміла Чэкіна, дырэктарка Тут.бая, і Марына Золатава, галоўная рэдактарка партала з мая 2021 знаходзяцца за кратамі.

Сёння за кратамі 31 прадстаўнік СМІ, сярод іх кіраўнікі і журналісты «Нашай Нівы», Тут.бая, «Свабоды», БелаПАН.

Каранавірус і вакцынацыя

У снежні 2020 улады абвесцілі, што плануюць вакцынаваць каля 1,2 мільёна чалавек да канца вясны 2021. Адразу тады ж, у снежні 2020, аналітык Сяргей Чалы адзначыў, што такія тэмпы недастатковыя і што Беларусь чакае і трэцяя, і чацвёртая хвалі каранавіруса. Ці меў ён рацыю?

Афіцыйныя лічбы супакойваюць людзей, масачны рэжым зроблены не абавязковым, прымушаць вакцынавацца забаранілі. Але ж трэцюю хвалю ўлетку, а чацвёртую хвалю ўвосені 2021 года прызнавала само Мінздароўя. 

Дэвальвацыя беларускага рубля

Эканамічны крызіс у канцы 2020 года не прарочыў толькі лянівы. Але ж за гэты год беларускі рубель умацаваўся адносна кошыка даляра і еўра, дзякуючы стабільна высокім цэнам на нафту.

Самыя блізкія да рэальнасці прагнозы ў канцы 2020 давалі палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі і эканаміст Вадзім Іосуб, але і яны нямала памыліліся (прагназавалі курс даляра ў 2,75 і 2,85 рубля адпаведна). Палітолаг Карбалевіч прагназаваў 3 рублі за даляр, намеснік галоўрэда Тут.бай Вольга Лойка і аналітык Рыгор Астапеня — 3,3 рубля, а тэатральны дзеяч Мікалай Халезін увогуле лічыў, што курс вырасце да 6 рублёў за даляр.

Гэта, дарэчы, паказвае, наколькі слаба беларуская экспертная супольнасць ведае рэальны стан эканомікі.

Увод санкцый супраць Беларусі

Большасць экспертаў не чакала гэтай падзеі, бо ніхто не чакаў і пасадкі самалёта Ryanair у Мінску і настолькі нахабнага «мігранцкага крызісу». Але ж некаторыя эксперты яшчэ ў канцы 2020 казалі пра магчымасць санкцый па іншых прычынах, сярод іх Аляксандр Класкоўскі, Пятро Кузняцоў, Валерыя Касцюгова (сёння яна за кратамі). 

ВУП і інфляцыя

Улада прагназавала на 2021 год інфляцыю ў межах 5 працэнтаў, а рост ВУП на 1,8%.

Аналітыкі расійскага «Сбера» прагназавалі «анемічны рост» беларускай эканомікі — усяго толькі на 1%.

Прагнозы не спраўдзіліся, праўда і ў пазітыўны, і ў негатыўны бок. Па стане на лістапад 2021 адносна лістапада 2020 інфляцыю ацэньваюць у 10,3%. Гэта частка агульнасусветнай тэндэнцыі. Посткавідны рост эканомікі разагрэў рост цэн практычна ва ўсіх краінах. Праўда, у Беларусі ён асаблівы.

А ВУП вырас трохі больш, чым чакалася. Выніковы рост складзе, як прагназуецца, каля 2%.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930