Знайсці
04.02.2023 / 14:596РусŁacБел

«Не мы, дык нашыя косці здабудуць свабоду»

Паўстанне 1863 года выявіла вялізную колькасць людзей, якія ўзялі на сябе смеласць уключыцца ў барацьбу за свабоду роднага краю, рызыкуючы пры гэтым не толькі сваім дабрабытам, але і ўласным жыццём. Пра лёсы пяцёх братоў Козел-Паклеўскіх расказвае часопіс «Наша гісторыя».

Паштоўка на памяць аб паўстанні 1863—1864 гадоў. BERNARDINAI.LT

1863 год. Чэрвень. На ўзлеску ашчэрылася доўгая прамавугольная яма. Мужчынскія целы акуратна ссунутыя на бачок адно да аднаго каля пясчаных сценак ужо вечнай для іх «кватэры». А на ўскрайку магілы два трупы з выцягнутымі счарнелымі тварамі плячо да пляча.

Згорблены ў роспачы сівы шляхціч нязграбна ўкленчыў на свежавыкапаным пяску: тут ляжаць яго сыны. 25-гадовы Вінцэнт і самы малодшы, а таму і самы любімы ў сям’і 16-гадовы Міхал-Генрык. Надзея, што сярод дзясяткаў целаў паўстанцаў, забітых у нядаўнім баі з карнікамі, не будзе яго сыноў, разбілася аб рэчаіснасць. Вялікае гора ўвайшло ў шчаслівы дагэтуль дом Яна-Напалеона Козел-Паклеўскага, ганаровага куратара гімназій Мінскай губерні, уладальніка некалькіх маёнткаў на Вілейшчыне і дамоў-камяніц у Вільні. 

Будучыня роду і краю

Якія думкі турбавалі Яна-Напалеона Козел-Паклеўскага 25 снежня 1862 года? Ён акурат вярнуўся са святочнай імшы ў невялічкім драўляным касцёле, які дзесяць гадоў таму быў пабудаваны ў Вялікай Сэрвачы з яго ініцыятывы ды на яго грошы, і сядзеў у прасторнай зале ўласнай двухпавярховай камяніцы. Пра што можна было думаць пад трэск дроваў у каміне за святочным сталом, падзяліўшыся перад тым аплаткамі з каханай жонкай Юзэфай, малодшымі сынамі, мясцовым ксяндзом і сябрамі, якіх запрасіў у госці?

Хіба што імкнуўся зазірнуць у таемнае заўтра: сваё, сваёй сям’і і, імаверна, сваёй Бацькаўшчыны. Бо нямала ўжо зрабіў для яго: мець пяцярых сыноў — гэта вялікае багацце і магутны падмурак пад будучыню роду і краю. 

Козел-Паклеўскія
Паводле польскагагербоўніка, выдадзенага ў пачатку ХХ стагоддзя ў Варшаве, у 1415 годзе пасол вялікага князя Вітаўта Козел зацвердзіў дамову пячаткай са сваім родавым гербам: перакуленым уніз паўмесяцам і трыма стрэламі. Адбылося гэта ў малапольскім мястэчку Вісліца. Першапачаткова прадстаўнікі роду жылі на прыдняпроўскіх землях. Вядома, што на пачатку XVI стагоддзя адзін з Козелаў (Савіч) перасяліўся на Ашмяншчыну. На пачатку XVII стагоддзя прадстаўнікі роду, якія дагэтуль выкарыстоўвалі розныя варыяцыі свайго прозвішча (Козелы, Казелло, Казелы, Паклеўскія), пачалі называцца Козел-Паклеўскімі або Паклеўскімі-Козел. Прыдомак да прозвішча ўтварыўся ад назвы маёнтка Паклева Ашмянскага павета.

Два браты, два камандзіры

Вінцэнт быў другім у сям’і, старэйшым на год быў Ян. Першыя дваццаць гадоў жыцця братоў можна апісваць пад капірку. Месца нараджэння — радавы маёнтак Вялікая Сэрвач на Вілейшчыне. Хрост — у найбліжэйшым касцёле. Бесклапотныя дзіцячыя гульні. Пачатковая хатняя адукацыя. Поўная падлеткавых прыгодаў выправа ў далёкі Санкт-Пецярбург. Вучоба ў школе гвардзейскіх падпрапаршчыкаў, вайскова-інжынерная акадэмія.

Ян Козел-Паклеўскі (1837—1896). WIKIMEDIA COMMONS

Абодва яны паслужаць у расійскай арміі. Старэйшы, Ян, толькі год, а пасля выйдзе ў адстаўку ў чыне паручніка і накіруецца ў Францыю, дзе паступіць на інжынерны факультэт знакамітай Ваеннай школы ў Парыжы. Вінцэнт жа пасля выпуску будзе накіраваны ў Вільню, а сваю афіцэрскую кар’еру скончыць у фінскім Свеаборгу ў званні штабс-капітана.

У 1861 годзе браты зноў зоймуцца адной справай. Гэтым разам — падрыхтоўкай паўстання.

Ян узначаліць падпольную арганізацыю чырвоных у Мінску. Увосень 1862 года пераедзе ў Вільню, дзе ўвойдзе ў камітэт падрыхтоўкі паўстання. Будзе адным з найбліжэйшых паплечнікаў Кастуся Каліноўскага. Маючы шырокія армейскія сувязі, здолее здабыць і вывезці з Расіі штабныя карты. За ім ужо была пасада ваеннага начальніка Вілейскага павета, але з-за пераследу з боку ўладаў Ян вымушаны пераехаць у Варшаву. Там ён увойдзе ў склад Цэнтральнага паўстанцкага ўрада.

Ян Козел-Паклеўскі здабыў і вывез з Расіі штабныя карты для патрэбаў паўстання.

Вінцэнт тым часам створыць рэвалюцыйную арганізацыю ў Вілейскім павеце, а затым, як раней Ян, стане ваенным кіраўніком Вілейскага павета і зоймецца нарыхтоўкай зброі і агітацыяй у паўстанцкія атрады. 

У «вайсковым парадку, з разгорнутымі штандарамі»

У атрадзе Вінцэнта Козел-Паклеўскага галоўным чынам сабраліся людзі цывільныя: шляхецкая моладзь, студэнты, гімназісты, мяшчане, сяляне. Кіраўнік атрада абраў месцам для лагера лясныя гушчары на самым памежжы Вілейскага і Барысаўскага паветаў, адстаўныя афіцэры маглі бесперашкодна займацца з інсургентамі вайсковай падрыхтоўкай.

Атрад (да 200 чалавек) арганізацыйна падзялілі на штаб, тры плутоны (па- сучаснаму ўзводы) і касінераў (збольшага сяляне, узброеныя косамі, пераробленымі на дзіды). І яго першая выправа была неймаверна прыгожай.

Каб папоўніць шэрагі добраахвотнікамі, малады камандзір зладзіў марш-парад. У «вайсковым парадку, з разгорнутымі штандарамі, спяваючы патрыятычныя песні», паўстанцы прайшлі праз навакольныя вёскі і фальваркі.

У першыя ж дні мая адстаўны штабс-капітан расійскай арміі Вінцэнт Козел-Паклеўскі разам з паплечнікамі наведаў мястэчка Альковічы і ў касцёле, запоўненым мясцовымі жыхарамі і сялянамі навакольных вёсак, зачытаў маніфест паўстання. Дарма што малады ксёндз спалохаўся і не зачытаў сам: рашучасці ў паўстанцаў было досыць. Канспіратыўная падрыхтоўка да паўстання скончана. Цяпер — да зброі! 

У касцёле Альковічаў, што збудавалі побач з тым старым касцёлам, дзе зачыталі маніфест паўстання. Пра тое, як гэты касцёл у савецкія часы ратаваў ад знішчэння ягоны бацька, тады хлопчык-піянер, у No1/2020 «Нашай гісторыі» пісаў Антон Рудак. WIKIMEDIA COMMONS

Вартавы ўсё праспаў

Раніцай 8 мая, пераправіўшыся ўброд праз Вілію, атрад Вінцэнта Козел-Паклеўскага ўвайшоў у мястэчка Даўгінава. Усё адбылося, з аднаго боку, па-вайсковаму дысцыплінавана і рашуча, з іншага — па- заліхвацку нахабна.

Вінцэнт сіламі аднаго ўзвода захапіў установу паліцэйскага асэсара і знішчыў вартавыя пастарункі. Другі ўзвод размясціў у цэнтры мястэчка ў раёне рынку, а сам разам з байцамі трэцяга ўзвода, склаўшы на зямлю зброю, увайшоў у касцёл, дзе ўзяў удзел у святой імшы. А пасля зачытаў маніфест паўстання.

Інсургентаў зноў пабольшала, і атрад рушыў у бок Докшыцаў. А назаўтра каля вёскі Тараканаўка (у 1968 годзе будзе перайменавана ў Салаўёўку) паўстанцы сутыкнуліся з дзвюма ротамі ўрадавых войскаў. Завязалася перастрэлка, Козел-Паклеўскі загадаў адступіць і выбірацца пад прыкрыццём лясоў.

Аднак за ўцекачамі рушыла пагоня, таму належала перш адарвацца, а пасля напасці знянацку: для простага бою паўстанцаў было замала. Вінцэнт Козел-Паклеўскі задумаў зрабіць на вузкай грэблі ля Мацькаўцоў (цяпер аграгарадок Вілейскага раёна) засаду на казацкую сотню. Мабыць, усё б атрымалася, каб не вартавы, які павінен быў пабудзіць атрад апоўначы. Небарака гэтак моцна сагрэўся алкаголем, што проста праспаў. Калі ранкам паўстанцы прадралі вочы, казакі былі ўжо на грэблі. Няясна толькі, чаму вартавы ў такой сітуацыі пазбег трыбуналу. 

З журнала баявых дзеянняў войскаў у Барысаўскім павеце Мінскай губерні 
Сукупнымі дзеяннямі гэтых дзвюх ротаў хеўра была пастаўлена ў самае адчайнае становішча, акружаная амаль з усіх бакоў, прыціснутая да ракі. Мяцежнікі, аднак жа, не думалі аб здачы. З паўгадзіны працягвалася канчатковая жорсткая сутычка, злучаная з агнястрэльным боем. Нарэшце, не бачачы магчымасці супраціву, частка паўстанцаў, якая склала агульную кучу, накшталт калоны, кінулася ў раку і дала такім чынам стральцам якія занялі бераг, добрую мішэнь для іх стрэлаў. Мала хто з тых, хто шукаў выратавання, дасягнулі другога берага.

Першы бой, які стаў апошнім…

Свой першы буйны бой супраць урадавых войскаў Вінцэнт Козел-Паклеўскі правёў 16 мая на беразе ракі Ілія каля вёскі Уладыкі. Ён жа стаў для яго і апошнім. Атрад быў атакаваны пяццю ротамі Новаінгерманландскага, Крамянчугскага і Велікалуцкага палкоў пад агульным камандаваннем палкоўніка Аляксандра Гала.

На гэтым здымку Козел-Паклеўскі, але не Вінцэнт
Гэтае фота нярэдка прысутнічае ў публікацыях як партрэт Вінцэнта Козела-Паклеўскага. Але гісторык Вольга Гарбачова выявіла ў зборах Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва арыгінальны фотаздымак з надпісам на адваротным баку. Згодна з подпісам, на здымку Яўстафій Козел-Паклеўскі з Віленскай губерні. Ён быў студэнтам Горацкага земляробчага інстытута і далучыўся да паўстанцаў 24 красавіка 1863 года, калі тыя напалі на мястэчка Горкі. Пазней быў асуджаны на 12 гадоў катаржных работ. 
На жаль, пакуль не атрымалася знайсці сапраўдную выяву Вінцэнта Козел-Паклеўскага, але гэта не значыць, што яе няма. Вось як яго апісвалі следчым захопленыя ў палон паўстанцы: «Вялікага росту, твар смуглявы, вуграваты, чорныя валасы,без барады і вусоў».

Расійскім вайскоўцам дапамог мясцовы селянін, які ў спадзеве на ўзнагароду выбег насустрач салдатам і абвясціў, што «мяцежнікі ўначы пераправіліся з правага берага на левы бераг Іліі і размясціліся ў лесе». Селянін паказаў і брод, каб абаронцы імперыі выйшлі паўстанцкаму лагеру ў тыл.

Акружаны з усіх бакоў і прыціснуты да ракі, Вінцэнт Козел-Паклеўскі здолеў арганізаваць адпор. Ён падпусціў стралковыя ланцугі на 50 метраў, адкрыў знішчальны агонь і на левым флангу адкінуў праціўніка назад да вёскі.

Змагаўся да апошняга (куля трапіла ў галаву). Ужо калі камандзір загінуў, частка атрада паспрабавала ўратавацца на плытах, але ўцекачоў расстралялі з берага. Быў забіты і юны брат Вінцэнта Міхал-Генрык. «У тым баі загінулі найлепшыя людзі, цвет Вілейскага павета», — успамінаў адзін з удзельнікаў тых падзей, якому пашанцавала выжыць.

Паўстанцкая публіцыстыка адгукнулася на гэтую трагічную падзею пафаснымі артыкуламі. Страты праціўніка моцна перабольшвалі, а Вінцэнта Козел-Паклеўскага параўноўвалі з царом Леанідам — тым самым легендарным царом Спарты, які ў 480 годзе да нашай эры гераічна загінуў падчас бітвы пад Фермапіламі. Цяпер на месцы той легендарнай бітвы пліта з эпітафіяй паэта Старажытнай Грэцыі Сіманіда Кеоскага: «Падарожнік, ідзі абвясці нашым грамадзянам у Лакедэмоніі, што, іх запаветы захоўваючы, тут мы касцямі палеглі». 

«Атака. 1863 год». Лінарыт. Аўтар Мікола Купава, 1976 год.

Разбітая «Скала»

Брат Вінцэнта Ян працягваў змаганне. Дзейнічаў пад паўстанцкай мянушкай «палкоўнік Скала». У снежні 1863 года дыктатар паўстання Рамуальд Траўгут прызначыў яго на пасаду камандзіра ІІІ корпуса паўстанцкіх войск, які павінен быў дзейнічаць у Літве-Беларусі. Але па- сапраўднаму паваяваць найстарэйшы з сыноў Козел-Паклеўскага ў паўстанні не паспеў. Пакуль ён ездзіў у Бельгію, каб набыць тры тысячы стрэльбаў для свайго корпуса, паўстанцкія атрады ўжо спынілі сваю баявую дзейнасць.

У франка-прускай вайне 1870—1871 гадоў Ян Козел-Паклеўскі камандаваў брыгадай пяхоты, узначальваў штаб 24- га французскага корпуса. І тут ён сышоўся з расійскім консулам, які прапанаваў арганізаваць выданне часопіса для прапаганды панславізму.

Былыя паплечнікі-паўстанцы такога сяброўства не ўхвалілі і абвінавацілі колішняга камандзіра ў здрадзе. Заставалася толькі вяртацца на радзіму.

Бой паўстанцаў супраць урадавых войскаў. PINTEREST.COM

А на радзіме ў ім бачылі колішняга бунтаўніка і адразу ж арыштавалі, хоць на той час ужо выйшлі прынамсі тры маніфесты аб палягчэнні пакарання розным катэгорыям паўстанцаў. Зрэшты, у 1863-м Козел-Паклеўскага павесілі б. А цяпер, калі мінула 10 гадоў, разгорнутыя паказанні і прысяга на вернасць расійскаму імператару захавалі нашчадку роду жыццё. У якасці пакарання яго толькі разжалавалі ў шарагоўцы і звычайным салдатам адправілі ў Туркестанскае генерал-губернатарства.

Ян Козел-Паклеўскі адслужыў у горадзе Верны (цяпер Алматы, Казахстан) і застаўся ў Сярэдняй Азіі як спецыяліст у ваенна-інжынернай справе. У 1883 годзе атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. Памёр у Бабруйску, дзе і быў пахаваны. 

«…посидит под замком, да подолее…»

У верасні 1863 года было афіцыйна абвешчана аб заканчэнні баявых дзеянняў расійскіх войскаў у Мінскай губерні Паўночна-Заходняга края. З пяці братоў Козел-Паклеўскіх без пакарання за ўдзел у паўстанні не застаўся ніводны. 21-гадовага Зянона і 18-гадовага Юзафа пасля задушэння паўстання саслалі ў Сібір салдатамі. Пасля адбыцця службы вяртацца жыць на Бацькаўшчыну ім было забаронена.

Паўстанне было задушана, скончылася, але арышты людзей, нейкім чынам звязаных з паўстаннем, працягваліся. Ператрусы ў шляхецкіх маёнтках былі будзённай справай. У турму ў Вілейцы, пабудаваную ў 1856 годзе і разлічаную на 100 арыштантаў, пхалі не толькі былых інсургентаў, але і тых, каго падазравалі ў спачуванні паўстанню.

Міхаіл Мураўёў-Вешальнік прызнаваўся: «Вельмі часта я саджаю мяцежнікаў без найменшай віны, нават падазрэнняў няма. Ну, у такім выпадку я заўсёды думаю: пасядзіць пад замком, ды як мага даўжэй — а можа, нешта ды адшукаецца».

Карыкатура на генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва-Вешальніка. WIKIMEDIA COMMONS

Пачаўся неймаверны ціск на Рымска-каталіцкую царкву. Забаранялася «будаваць і рамантаваць касцёлы, капліцы, філіі без дазволу галоўнага начальніка края; рабіць царкоўныя працэсіі і рабіць абвесткі без ведама і дазволу мясцовага цывільнага начальства; не дапускаць прызначэння ксяндзоў у прыходы без згоды галоўнага мясцовага начальства і больш за тую колькасць, якая павінна быць па ліку парафій, а таксама не дазваляць уступаць у манаства і ў семінарыі без дазволу галоўнага начальства; спыніць адвольнае бадзяжніцтва рымска-каталіцкага духавенства, якое, карыстаючыся бестурботнасцю мясцовага начальства, раз'язджала свабодна па цэлым краі, беспакарана прапаведавала мяцеж, паўставала адкрыта супраць урада і, быўшы бясшлюбным, распальвала страсці ў жанчын, якія, як вядома, надта лёгка захапляюцца» (з «Всеподданейшего отчета» Міхаіла Мураўёва па кіраванні Паўночна-Заходнім краем). 

Забароненыя песні, адзенне, колеры

Узброеных паўстанцаў пакрысе павыціскалі з лясоў. Хтосьці з іх трапіў на шыбеніцу, хтосьці здолеў уцячы ў эміграцыю. Частка стаілася ў чаканні, што пранясе.

Актыўная фаза паўстання спынілася. Але з Польшчы прыйшла мода на колеры і адзенне супраціву. Мужчыны насілі чатырохкутныя шапачкі (канфедэраткі) і высокія боты, жанчыны — медальёны з Маці Божай Чанстахоўскай, і ўсе — жалобнае чорнае або фіялетавае адзенне.

Мінчанка Феліцыя Галаўня. Чорны колер сімвалізаваў жалобу па ахвярах і высланых. CITYDOG.BY

Пачалася бязлітасная барацьба ўладаў супраць любых формаў грамадзянскага пратэсту. Мэйнстрымам часу стала слова «забарона» ў адносінах да, здавалася б, звычайных праяваў цывільнага жыцця.

Афіцыйнае аб’яўленне забароненых рэчаў і дзеянняў адбылося 7 чэрвеня 1864 года.

Спяваць песні і гімны, якія могуць быць інтэрпрэтаваныя як «патрыятычныя», — забаронена. Насіць вопратку чорнага, фіялетавага і белага колераў — забаронена. Выйсці на шпацыр у чорным капелюшы з чорным парасонам — забаронена.

Выкарыстоўваць адмысловую біжутэрыю з танных матэрыялаў (крыжыкі, пярсцёнкі, брошкі, завушніцы, запінкі, бранзалеты, паясы, спражкі) — забаронена. Тут прычына была ў дэманстрацыі таго факта, што каштоўныя металы асабістых упрыгожанняў пайшлі ў скарбонку падтрымкі паўстанцкага руху.

За парушэнні прызначалі велізарныя грашовыя штрафы або нават турэмнае зняволенне. Трапіў першы раз — штраф 25 рублёў. Другі раз забралі за канфедэратку ці венгерку на галаве — 50 рублёў. Пасля ішоў арышт і канфіскацыя маёмасці. За жалобнае адзенне не каралі толькі ў выпадку, калі памёр нехта са сваякоў і ў кішэні маецца афіцыйны дазвол ад паліцыі.

Тым не менш пратэсная мода пратрымалася на вуліцах польскіх і беларускіх гарадоў больш за дзесяць гадоў.

Проста пагорак

Целы Вінцэнта і Міхала-Генрыка Козел-Паклеўскіх знайшлі свой вечны спачын пад алтаром храма, фундаванага некалі іх бацькам. На сваё шчасце, Напалеон-Ян Козел-Паклеўскі не дажыў да таго дня, калі касцёл у Сэрвачы разабралі па бярвенцы і перавезлі ў суседнюю вёску Давыдкі, каб пабудаваць яшчэ адзін сельскі клуб. Цяпер на месцы храма і магілы яго сыноў проста пагорак, адзначаны невялікім металічным крыжам.

Той самы драўляны касцёл у Вялікай Сэрвачы Вілейскага раёна, пад алтаром якога, відаць, былі пахаваныя целы Вінцэнта і Міхала-Генрыка Козел-Паклеўскіх. Фота пачатку ХХ стагоддзя. WIKIMEDIA COMMONS

«Не мы, дык нашы косці здабудуць свабоду» 
Гэтыя неверагодна моцныя словы сучасныя публіцысты прыпісваюць камандзіру вілейскіх паўстанцаў Вінцэнту Козел-Паклеўскаму. Вядома, што яны былі напісаныя на адной з мармуровых пліт пад імёнамі тых, хто загінуў у маі 1863 года каля Уладыкаў.
Тыя пліты знаходзіліся ўнутры помніка-капліцы, усталяванай у 1930-я гады на Рынкавай плошчы мястэчка Ілья ў гонар палеглых паўстанцаў. Галоўным ініцыятарам і фундатарам гэтай велічнай для мястэчка пабудовы вышынёй 14,5 метра быў нашчадак аднаго з мясцовых паўстанцаў памешчык Мечыслаў Багдановіч. На фасадзе капліцы быў надпіс: «У гонар палеглых за свабоду. 1863 год». 
У 1954 годзе гэты помнік быў разбураны на загад мясцовых уладаў, а на яго месцы пабудавалі клуб.

часопіс «Наша гісторыя»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
кацап/адказаць/
05.02.2023
Носить вопратку чорнага фиолетового и белага колеру забаронена - не ашщущаецца никаких исторических паралеллей...
0
Valadzimir/адказаць/
05.02.2023
Монро,  праліваньне крыві ў гераічнай барацьбе, як вядома, абсалютна нічога не гарантуе, і шмат розуму для гэтага не трэба. А вось каб перамагчы ў барацьбе за свабоду, у першую чаргу патрэбен іменна розум. Белоруссы, як бачна, да разуменьня  гэтага яшчэ не дараслі і, падобна на тое, што ім гэта і не дадзена.
0
правнук Максіма Дзізайнера/адказаць/
06.02.2023
Сагласен з дзедам едзінакроуным. Чыво ані нам тыкают і намякаюць на нашыя косці. Мне не так дауно гіпс з галавы знялі, жалка чэрап.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера