Знайсці
16.12.2021 / 19:22РусŁacБел

Што не так з дзяржаўным апытаннем, у якім больш за 72% давяраюць Лукашэнку? Спыталі ў вядомага сацыёлага Генадзя Коршунава

«Больш за 72% беларусаў давяраюць Лукашэнку!», «60% давяраюць праваахоўным органам і судам», «самы высокі ўзровень даверу — ва Усебеларускага народнага сходу», — рапартуюць дзяржаўныя СМІ і тэлеграм-каналы. Спасылаюцца яны на сацыялагічнае даследаванне, якое нібыта праводзіў Інстытут сацыялогі Акадэміі навук у лістападзе — снежні 2021 года. Прычым па даных гэтага даследавання ў рэжыме закручвання гаек, ператрусаў, судоў, звальненняў па палітычных матывах узровень даверу да Лукашэнкі толькі расце. Дзіўна?

Генадзь Коршунаў, старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй», былы дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, пракаментаваў «Нашай Ніве» гэта даследаванне:

«Ніхто дакладна не скажа, ці адбывалася насамрэч гэтае апытанне, акрамя тых, хто яго арганізоўваў. Між тым правесці такое апытанне было магчыма. У артыкуле БелТА нават пазначана, як гэта рабілася. Там пішуць, што апыталі 350 арганізацый і прадпрыемстваў — то-бок, гэта не сацыялагічнае даследаванне ў класічным варыянце, а апытанне па месцы працы. 

І тут мы бачым, што нават калі апытанне было, то яго вынікі нельга пераносіць на ўсё грамадства, нават калі б апыталі не 10 тысяч, як у іх пазначана, а хоць бы і 100. Бо, хутчэй за ўсё, арганізоўвалі гэта не сацыёлагі, хутчэй за ўсё, гэтым займаліся намеснікі па ідэалогіі на прадпрыемствах ці нейкі БРСМ, «Белая Русь» і гэтак далей. І яны пішуць, што працавалі з «эканамічна занятым насельніцтвам». Да канца не зразумела, што маецца на ўвазе, але выглядае, што гаворка ідзе пра людзей, якія працуюць. Адпаведна, з апытання выключаюцца спартоўцы, студэнты, пенсіянеры, цяжарныя жанчыны, дэкрэтніцы і гэтак далей. 

Яшчэ момант. Хоць там і пішуць, што апытвалі работнікаў арганізацый розных форм уласнасці, але я неяк вельмі сумняваюся, што прыватнікі спынялі вытворчасць і пускалі да сябе людзей з анкетамі. Найхутчэй, апытанне рабілася на вялікіх заводах, мо недзе па школах і гэтак далей. Наўрад ці апытвалі медыкаў, кіроўцаў. 

І эканамічна актыўная частка насельніцтва, калі я дакладна памятаю, гэта менш за палову агульнага насельніцтва Беларусі. Таму прэзентаваць гэта як сацыялагічнае даследаванне грамадства нельга: гэта проста апытанне часткі насельніцтва. 

«Анкета дзівосная — і ў аспекце макетавання, і з пункту гледжання пабудовы пытанняў»

Таксама цікавы момант: ці ананімнае гэта апытанне? Яно мусіла б быць ананімным, але ж хто ведае, як яно праходзіла на самай справе.

Ацаніць лічбы цяжка, калі не назіраеш за методыкай. Але апытаннем займалася такая кантора «ЕсооМ» (якая, дарэчы, нават не мае свайго сайта). І мы бачым, параўнаўшы яе звесткі са звесткамі іншых даследаванняў, што агульнага там няшмат. Бо праводзілі даследаванні расійскія сацыёлагі, немцы, «Чатэм Хаус». І ў гэтых трох арганізацый лічбы даволі блізкія паміж сабою. А тут малюецца іншая і вельмі дзіўная карціна. 

Прычым гэтая карціна малюецца па такіх анкетах, па якіх прафесійны сацыёлаг бы не працаваў. У гэтых анкетах да кожнага пытання можна ставіць свае пытанні аб мэтазгоднасці і якасці іх. Анкета была зробленая крайне непрафесійна».

У сваім тэлеграм-канале Коршунаў прыводзіць заўвагі да анкеты, якую ўжо злілі ў сеціва. 

Генадзь Коршунаў

«Анкета дзівосная — і ў аспекце макетавання, і з пункту гледжання пабудовы пытанняў, ды і проста з афармленнем не ўсё ў парадку, — адзначае Коршунаў. — У мяне ёсць адчуванне, што назву Інстытута сацыялогіі там прышпілілі без прыцягнення спецыялістаў з гэтай арганізацыі.

І вось чаму ў мяне такія думкі.

Поўная афіцыйная назва Інстытута сацыялогіі — «Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», скарочаная — «Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі». Гэта значыць, у любым выпадку слова «Беларусь» павінна прысутнічаць.

У шапцы анкеты яго няма, што амаль немагчыма для супрацоўнікаў Інстытута, але больш чым верагодна для «левага выканаўцы».

Анкета пачынаецца з пазіцый аб даце правядзення інтэрв'ю і часе яго пачатку, а пазіцыі для пазначэння часу заканчэння інтэрв'ю няма — памылка. І гэтая памылка ўжо метадычнага плану, мала характэрная для Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі.

Далей анкета пачынаецца з так званай дэмаграфічкі, то-бок пытанняў пра пол, узрост, адукацыю і гэтак далей. У анкетах Інстытута сацыялогіі гэтыя пытанні практычна заўсёды ішлі ў канцы анкеты. Так, іх месцазнаходжанне не прынцыповае, але такія нетрадыцыйныя перастаноўкі выклікаюць пытанні.

У фармулёўках пытанняў анкеты адсутнічаюць патрабаванні да адказаў. У прыватнасці, колькі іх можа быць, адзін варыянт ці некалькі. Гэта не проста памылка, гэта відавочная лажа, якая кажа аб тым, што гэта альбо чарнавік інструментара, альбо абуральны непрафесіяналізм выканаўцаў. І ў тым, і ў іншым выпадку складана паверыць, што такая анкета выйшла з рук супрацоўнікаў Інстытута».

«Выкарыстоўваецца нейкая дзіўная шкала»

Таксама Генадзь Коршунаў разбірае асобныя пытанні анкеты.

«Пытанне №4 пра адукацыю. Ужо некалькі гадоў Інстытут сацыялогіі выкарыстоўвае іншую, больш падрабязную шкалу, тут даўно састарэлы варыянт, — гаворыць ён. — Пытанне №6, пра крыніцы інфармацыі аб краіне.

Вельмі дзіўны пералік варыянтаў адказу па некалькіх пазіцыях:

  • а) ёсць дакладнае дзяленне на расійскія і «рэспубліканскія» СМІ, аднак варыянту «расійскае радыё» няма, хоць «рэспубліканскае радыё» ёсць;
  • б) гэтак жа няма дзялення на расійскія і «рэспубліканскія» інтэрнэт-каналы, што па логіцы быць павінна — традыцыйныя СМІ дзялілі па гэтым крытэры;
  • в) ёсць варыянты «Інтэрнэт-СМІ (сайты, навінавыя парталы)» і «сацыяльныя сеткі», але няма пазіцыі «тэлеграм-каналы і іншыя месенджары», што вельмі дзіўна, таму што яшчэ пару гадоў таму мы такі падзел рабілі;

Пытанне №7, пытанне аб даверы. Такое пытанне Інстытут сацыялогіі задае ў сваіх маніторынгавых даследаваннях ужо амаль 20 гадоў, і там іншая шкала, ёсць варыянты адказаў. Там ёсць, напрыклад, прафсаюзы (дзяржаўныя і незалежныя), там ёсць дзяржаўныя і незалежныя СМІ … Тут жа выкарыстоўваецца нейкая дзіўная шкала, дзе нават прыбрана дзяленне інтэрнэт-каналаў на тыпы (што, хай і ў каравым выглядзе, але прысутнічае ў пытанні №6).

Пытанні №8 і №9 плюс-мінус нармальныя (хоць указанне на абмежаванне варыянтаў адказу можна было і паставіць). А вось пытанне №10 пазбаўленае так званай «падводкі». Калі б анкету рабіў сацыёлаг, то перад гэтым пытаннем было б яшчэ адно: «Як вы лічыце, у цэлым Ваша жыццё паляпшаецца або пагаршаецца?»

І толькі пасля таго, як чалавек абраў бы варыянт «пагаршаецца» або «хутчэй пагаршаецца», ён перайшоў бы да таго пытання, які стаіць у анкеце пад нумарам 10. Гэта значыць, тут метадычная памылка, якую прафесіянал не дапусціў бы.

Пытанне №11: «Як Вы ставіцеся да санкцый супраць Беларусі?» Дзіўная фармулёўка, таму што маніпулятыўная. Некарэктна пісаць пра санкцыі «супраць Беларусі», гэта фармулёўка ўлады, а не тых, хто яе ўводзіў. Ну ды добра, пакінем на сумленні тых, хто фармуляваў, таму што прафесіянал зрабіў бы максімальна нейтральную, напрыклад, зрушыўшы акцэнт з аб'екта санкцый на суб'ект.

Пытанне №12 пра мэты санкцый. Зноў цалкам маніпулятыўныя фармулёўкі адказаў, якія адлюстроўваюць асабліва пазіцыю рэжыму і не ўлічваюць матывацыю «калектыўнага Захаду» — непрафесійна.

Пытанне № 13. Гэтае пытанне аб тым, на кім ляжыць адказнасць за мігранцкі крызіс на межах Беларусі. Варыянты адказаў зноў маніпулятыўныя і непрафесійныя — не дадаць у гэты спіс Расію і паставіць NATO».

«Пісьменнасць аўтара не адпавядае нават выпускному класу сярэдняй школы»

У такім вось духу можна разабраць кожнае з наступных пытанняў. Яны або непрафесійныя, або маніпулятыўныя, або і тое, і іншае. Я дапускаю, што кіраўніцтва Інстытута магло пайсці на ідэалагічныя скажэнні анкеты, але мне вельмі складана дапусціць, каб у Інстытуце сацыялогіі зрабілі гэта так непрафесійна.

Ну і яшчэ пару момантаў, міма якіх проста не магу прайсці.

Пазіцыя №3 у пытанні аб так званым дні народнага адзінства (№17) — там слова «беларусаў» павінна з двух бакоў быць выдзелена або коскамі, або працяжнікам не з аднаго боку, як гэта зроблена ў анкеце. Пісьменнасць аўтара не адпавядае нават выпускному класу сярэдняй школы.

Пытанне №20 пра неабходнасць абнаўлення Канстытуцыі. Там парадак варыянтаў адказу такі: «так», «хутчэй так», «не», «хутчэй не». Дык вось, прафесійны сацыёлаг ніколі-ніколі не дасць такі парадак адказу. Пасля нават двух курсаў аддзялення сацыялогіі любы студэнт (нават двоечнік, нават п'яны, нават ушчэнт укураны) паставіць класічным варыянтам: «так», «хутчэй так», «хутчэй не», «не».

Увогуле, я не ведаю, якое дачыненне да анкеты мае адміністрацыя Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі (асабліва ў асобе яго дырэктара), але гатовы біцца аб заклад, што спецыялісты Інстытута дачынення да анкеты не мелі. Таму што такую анкету сацыёлаг зрабіць проста не мог».

«Ніхто не робіць 10 тысяч, калі дастаткова паўтары»

На думку Генадзя Коршунава, лічбы не выклікаюць даверу.

«Насцярожвае вось што. Па-першае, навошта такі аб’ём выбаркі? Ніхто не робіць 10 тысяч, калі дастаткова паўтары, — кажа Коршунаў. — Па-другое, дызайн выбаркі. Ніхто ніколі не робіць апытанні па заводах, калі патрэбнае разуменне таго, што адбываецца ў краіне агулам.

Па-трэцяе, ніхто не складзе такія пытанні для сацыялагічнага даследавання, як пытанні гэтай анкеты.

Незразумела, чаму гэта ўсё рабілася настолькі непрафесійна. Выглядае, што гэта нязграбныя намаганні намаляваць карціну грамадскай падтрымкі існай улады. Бо мне цяжка ўявіць, каб той, хто рабіў гэтыя лічбы, і той, хто іх замаўляў, самі мелі да іх давер».

Тым часам Наталля Эйсмант паведаміла, што вынікі гэтага апытання былі закрытымі, агучыць іх даручыў Лукашэнка.

«Мы бачым, што ў 2021 годзе наша беларускае грамадства змянілася. На шчасце, у лепшы бок. Думаю, што мы можам казаць сёння пра тое, што нашы людзі ўсвядомілі, што яны маюць, і таксама ўсвядомілі, што яны могуць страціць», — дадала яна. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930