Пабіты рэкорд Netflix: цяпер самым папулярным фільмам за ўсю гісторыю платформы стала стужка «Чырвонае паведамленне»
«Чырвонае паведамленне», камедыйны баевік пра інтэрпал, набраў рэкордныя 328,8 мільёна праглядаў усяго толькі за першыя два тыдні. Прэм’ера фільма адбылася 12 лістапада, з гэтага часу ён патрапіў у топ-10 у 94 краінах і ўжо больш паловы ўсіх падпісчыкаў Netflix паспелі яго паглядзець. Пра сакрэты такога поспеху разважае ВВС.
Кадр з фільма «Чырвонае паведамленне»
Фразу «чырвонае паведамленне» выкарыстоўвае інтэрпал, калі абвяшчае ў міжнародны вышук асабліва небяспечных злачынцаў. У фільме ўсё гэта ёсць — міжнародны вышук, асабліва разумны і спрытны злачынца, нават два, а яшчэ зніклыя каштоўнасці, якім дзьве тысячы год.
Калісьці старажытнарымскі генерал Марк Антоній закахаўся ў Клеапатру і падарыў ёй на знак вернасці тры яйкі з золата, аздобленыя каштоўнымі камянямі. Яйкі пазней зніклі, але праз шмат стагоддзяў два з іх усё ж адкапаў звычайны фермер, а вось трэцяе так і не знайшлося.
Пераказаць сюжэт фільма амаль немагчыма — гэта суцэльная пагоня адразу за трыма яйкамі. Пры гэтым агент ФБР (яго грае Дуэйн Джонсан) вымушаны аб’яднаць высілкі з адным з самых вядомых злачынцаў з тых, хто спецыялізуецца на аб’ектах мастацтва (яго грае Раян Рэйналдс). Іх вораг — таксама вядомая злачынца, якая выкрадае аб’екты мастацтва (Галь Гадот). У нейкі момант героі Джонсана і Рэйналдса аказваюцца разам у расійскай турме. Зрэшты, за дзьве гадзіны фільма героі перасоўваюцца па ўсёй планеце і паспяваюць наведаць Італію, Балі, Расію, Амерыку, Егіпет, Гішпанію…
Трэйлер фільма «Чырвонае паведамленне»
Рэжысёр фільма Роўсан Маршал Тэрбер вядомы сваім нязменным пачуццём гумару, з якім глядач ужо мог пазнаёміцца ў неверагодна смешным фільме «Мы — Мілеры». У камедыйным баевіку «Чырвонае паведамленне» камедыі больш, чым баевіка. Да таго ж, ногі ў гераіні Галь Гадот настолькі прыгожыя, што крытык BBC называе сцэны боек між трыма галоўнымі героямі баявымі оргіямі.
Кадр з фільма «Чырвонае паведамленне»
Кожны з акцёраў у гэтым фільме — у сваёй стыхіі і ў сваім любімым вобразе. Экшн развіваецца з хуткасцю святла. Гэта ўсё разам, відаць, і тлумачыць галавакружны поспех фільма сярод гледачоў.
Кадр з фільма «Чырвонае паведамленне»